Усе мы можам уявіць, як нейкая вялікая ці проста вельмі адказная праца адкладваецца, адкладваецца і ператвараецца з задачы ў праблему, якая раней магла б вырашыцца за 15 хвілін, а цяпер рызыкуе заняць цэлы дзень і прынесці квіток на штраф. І гэта мы не бяром у разлік, што звычайна абяцаюць пачаць з панядзелка ці з Новага года, але ніяк не пачынаюць. Але чаму так? Што нам перашкаджае і ці можа быць інакш?
На гэтыя пытанні PALATNO пашукала адказы разам з эксперткай бясплатнага анлайн-курса ад адукацыйнага хаба «Нацыя Лідараў» «Мэта. План. Вынік» Наталляй і яе студэнткай, у якой усё ж атрымалася «з’есці слана».
«У кожнага свой “суп”. Я толькі актыватар працэсу»
«Пракрастынацыя часцей за ўсё адбываецца праз шматзадачнасць і “перагрэў”, калі чалавек проста не пакідае сабе зазору на жыццё, — тлумачыць Наталля, бізнесвумен з 26-гадовым досведам, выканаўчая дырэктарка міжнароднай супольнасці бізнесоўцаў BNI і аўтарка курса. — Людзі памыляюцца, калі разлічваюць толькі на сілу волі, якая не вечная».
Аднойчы чалавек павінен перайсці ад матывацыі да сістэмы, дзе ўсё залежыць ад таго, наколькі ўдала і ці з улікам уласных асаблівасцяў ён яе пабудаваў. Свой метад яна параўноўвае з вырошчваннем дрэва бансай: настаўнік дае структуру і моцны «ствол», а вось крону кожны вучань фармуе сам. Калі нейкая «галінка» — метад планавання ці канкрэтная практыка — не падыходзіць, яе можна смела адрэзаць.
Галоўнае — захаваць агульную сістэму, у якую можна вярнуцца нават пасля зрыву.
Базавая аксіёма — ніколі не планаваць больш за 60% часу, пакідаючы астатнія 40% на жыццё і «пажары».
«Рух да мэты не павінен быць гвалтам. Гэта паступовы шлях, у канцы якога ты ведаеш: дойдзеш».
«Я прыйшла на курс, каб атрымаць штуршок і пачаць нешта рабіць»
Студэнтка Ліля (імя змененае) дакладна ведала, з якой мэтай ідзе на курс. Яна пісала дыплом, і перад ёй стаяла задача апрацаваць сорак гадзін інтэрв’ю на беларускай мове, якія не мог апрацаваць ніводны штучны інтэлект — ні платны, ні бясплатны.
«Я разумела: трэба проста сесці і працаваць, але аб’ём здаваўся непад’ёмным. Тады я пабачыла набор на курс “Мэта. План. Вынік”. Ён гучаў як інструмент, які быў мне патрэбны. Бо мэта была, а як да яе дабрацца — незразумела.
І вось там я знайшла ўсё: і метады, і інструменты, а перш за ўсё настаўніцу, якой захапілася, і “сваю зграю”».
«Насамрэч падтрымка кам’юніці не менш важная, чым самі матэрыялы курса»
Наталля кажа, што на курсе ёсць такі інструмент, як «дзённікі». Яны ананімныя і дасяжныя ўсёй групе. Не абавязкова весці свой дзённік, але можна чытаць чужыя, і гэта таксама дапамагае зразумець, што ты са сваёй праблемай не адзін, што вакол ёсць людзі, якія думаюць падобна, і з імі можна пасябраваць.
Нечакана для Лілі, якая, па яе словах, раней была даволі замкнёнай, курс стаў крыніцай адкрытасці. «Цяпер, калі я сустракаю не вельмі ветлівых людзей, напрыклад, калі хтосьці бурчыць на вуліцы ці грубіяніць, я думаю: а калі б ён выспаўся? Калі б у яго была добрая навіна ў гэты дзень? Магчыма, ён быў бы больш радасным і ветлівым. Можна ўявіць, што яны сёння напісалі б у сваіх дзённіках».
Як прызнаецца дзяўчына, гэты навык дапамог лепш разумець свае патрэбы і патрэбы іншых людзей, стаць больш сацыяльна адкрытай.
«На курсе працуе так званы “сіндром спадарожніка”: калі людзі, незалежна адно ад аднаго ў звычайным жыцці, пачынаюць шчыра дзяліцца прагрэсам і болем. Гэта дапамагае быць менш крытычнымі як да сябе, так і да навакольных. Калі вы пачынаеце бачыць чалавечы бок кожнага, вы наладжваеце свой унутраны “лакатар” на новыя магчымасці і супрацоўніцтва, а не на пастаянную самаабарону».
Падчас 28-дзённага курса Ліля змагла не толькі зрушыць працу над дыпломам з мёртвай кропкі, але і пераадолець «комплекс самазванца».
Калі ішоў курс, у яе была моўная практыка, падчас якой яна пабачыла абвестку, што патрабуюцца валанцёры для сінхроннага перакладу на буйной беларускай канферэнцыі ў Польшчы. «Я ўжо так асмялела, што сама ім напісала і прапанавала паслугі. Было вельмі страшна. У мяне не было ні такога досведу, ні практыкі ў параўнанні з дасведчанымі калегамі, якія там былі і мелі нават сваю апаратуру. А трэба было перакладаць людзей , якіх я бачыла толькі ў навінах».
«Я надзела навушнікі, села перад мікрафонам і пачала працаваць. Усё навокал быццам знікла, і застаўся толькі голас у навушніках ды мае словы ў мікрафоне. Я справілася».
З таго часу яе запрашаюць на мерапрыемствы, а ўнутры з’явілася адчуванне сілы: ніводная справа ўжо не здаецца непад’ёмнай.
Аддзяліць шалупінне ад зерня: пра чужыя галасы ўнутры нас
Наталля лічыць, што часта нашы ўнутраныя абмежаванні — гэта не наша ўласнае меркаванне, а прынесенае звонку: словы настаўніцы, бацькоў, асяроддзя. Першым крокам на курсе становіцца аддзяленне «зерня ад мякіны» — разуменне таго, што сапраўды каштоўна для самога чалавека.
У выніку нехта мяняе працу, нехта знаходзіць новае хобі. Але падчас курса, падкрэслівае Наталля, не варта прымаць фундаментальных рашэнняў: важныя змяненні не робяць на эмоцыях.
Рэгістрацыя на бясплатны анлайн-курс «Мэта. План. Вынік» стартуе 6 красавіка, пачатак заняткаў — 20 красавіка. Курс доўжыцца 28 дзён і пабудаваны як сістэмная праца: з інструментамі, зваротнай сувяззю і падтрымкай супольнасці.
Калі вы ўжо даўно адкладваеце важную размову, праект або рашэнне, магчыма, гэта і ёсць ваш панядзелак. Той самы, які не трэба пераносіць. Далучыцца да курса можна праз рэгістрацыю на сайце «Нацыі Лідараў»: https://nationofleaders.org/meta-plan-vynik/?utm_campaign=w26&utm_medium=pr&utm_source=pltn_media
Слон не знікае сам. Але калі падзяліць яго на часткі і ўключыць сістэму, ён перастае быць пагрозай. Як паказвае гісторыя Лілі, не ўсё вымяраецца ў KPI. Часам галоўны вынік — гэта ўнутраная апора і адчуванне, што ты зноў кіруеш сваім жыццём.
* * *
Калі вы жывяце ў Польшчы, падтрымаць бясплатную адукацыю для беларусаў можна, пералічыўшы 1,5% вашых падаткаў хабу “Нацыя лідараў” (нумар KRS: 0000507234, сel szczegółowy: 106678).
