Now Reading
Як дадаць беларускую мову на камп’ютар, смартфон і ў сацсеткі

Як дадаць беларускую мову на камп’ютар, смартфон і ў сацсеткі

беларуская мова на камп'ютар, беларуская мова на смартфон, беларуская мова на тэлефон, сацыяльныя сеткі і беларуская мова

Беларуская мова — сродак камунікацыі, а не толькі гістарычны сімвал беларусаў. Можа, вы не ведалі, але магчымасць пісаць тэкст па-беларуску ёсць на кожным камп’ютары або ноўтбуку і на большасці смартфонаў. А яшчэ беларускамоўны інтэрфейс прысутнічае на значнай колькасці папулярных сайтаў.

Спецыяльна для вас склалі гайд, як з мінімальнымі высілкамі дадаць крыху больш беларускай мовы ў ваша жыццё.

Будзем лічыць, што вы карыстаецеся рускамоўнымі інтэрфейсамі. Калі на іншых мовах, то парадак дзеянняў будзе такім жа, толькі назвы пунктаў — на адпаведных мовах.

Камп’ютар

Калі вы — з той большасці, у каго ўстаноўленая Windows, то каб дадаць беларускамоўную раскладку клавіятуры, спатрэбіцца літаральна хвіліна.

Windows 7

Windows 7

  1. Націснуць правай кнопкай мышкі на значок, які адлюстроўвае назву мовы раскладкі. Звычайна ён знаходзіцца непадалёку ад гадзінніка.
  2. Выбраць «Параметры…»
  3. Ва ўкладцы «Общие» націснуць кнопку «Добавить…».
  4. Знайсці ў спісе «Белорусская (Беларусь)», націснуць на кнопку з «плюсікам» і выбраць «Белорусская» (по умолчанию).
  5. Націснуць «ОК» у гэтым і наступным вокнах.

Існуе таксама аматарскі, але ад таго не меней якасны пераклад на беларускую мову інтэрфейсу Windows 7. Трымайце спасылку: http://мова.бел/old_win7/win7bel.exe

Windows 8/10/11

Windows 8/10/11

Пры распрацоўцы актуальных версій Windows кампанія Microsoft падумала пра беларускамоўных карыстальнікаў. Дадаць беларускую мову інтэрфейсу і беларускую раскладку можна рознымі шляхамі. Розніца для разнастайных версій невялікая, таму апішам так.

• Вам трэба зайсці ў панэль кіравання — гэта можа быць значок шасцярні ў панэлі апавяшчэнняў або раздзел «Параметры» ў меню Пуск.

• Далей трэба выбраць пункт «Время и язык», перайсці на ўкладку «Язык» або «Язык и регион».

• Націснуць «Добавить язык».

Калі ў вас ужо ўстаноўленая беларуская раскладка, можа спатрэбіцца ў наладах мовы толькі ўстанавіць моўны пакет інтэрфейсу — для гэтага ёсць адпаведная кнопка. Калі ж не, трэба знайсці беларускую мову ў выпадаючым спісе або на экране прадуктаў, пры патрэбе — скарыстаць пошук, і ўстанавіць, выбраўшы магчымасць устаноўкі моўнага пакета і ўстаноўкі ў якасці мовы інтэрфейсу.

Дэманструем на прыкладзе Windows 10.

Mac OS

Mac OS

Мы ведаем, як дадаць беларускую раскладку са звыклым для PC-карыстальнікаў размяшчэннем клавіш і бел-чырвона-белым індыкатарам на Mac OS. Трымайце спасылку на пакет: https://github.com/auseika/macos-by-keyboard/raw/main/Belarusian.dmg.

Смартфон

Android

Android

У большасці Android-смартфонаў і планшэтаў можна дадаць беларускую раскладку ў «родную» клавіятуру. Таксама, дарэчы, можна выбраць у стандартных наладах і беларускамоўны інтэрфейс.

Але існуюць і староннія клавіятуры, часта больш зручныя за ўбудаваныя. Адна з іх — SwiftKey. На яе прыкладзе раскажам, як актываваць беларускую раскладку.

  1. Зайсці ў налады, абраць «Расширенные настройки» і націснуць «Язык и ввод».
  2. У першым пункце — «Языки» — можна выбраць мову, на якой будзе адлюстроўвацца інтэрфейс твайго тэлефона. А каб дадаць раскладку, трэба выбраць пункт «Управление клавиатурами» — «Клавиатура SwiftKey» — «Настройки».
  3. Самы першы пункт у плітцы — «Многоязычная». Націскаем і бачым спіс даступных моў. Калі ў пункце «Предложенные языки» беларуская мова адсутнічае, пракруціце ўніз, націсні «Все языки» і знайдзі ў спісе беларускую мову. Націсніце на назву мовы, затым — «Загрузить».
  4. Будзе спампаваны моўны пакет. Раскладка будзе аўтаматычна актываваная,  табе застанецца націснуць на вялікую кнопку з «птушачкай».
iOS

iOS

Калі ў вас iPhone, то, пачынаючы ад iOS 11, ёсць магчымасць уключыць беларускую раскладку.

  1. У наладах выберыце «Основные», затым «Клавиатура».
  2. Націсніце на «Клавиатуры», выберыце «Новые клавиатуры…».
  3. У спісе моў знайдзіце «Белорусская».

Усё гатова! Гэты спосаб, дарэчы, справядлівы і для iPad.

Сацыяльныя сеткі

Facebook

Facebook: Facebook.com

Націсніце на значок свайго профілю ў верхняй панэлі справа. Абярыце «Настройки и конфиденциальность», пасля — «Язык». Вось прамая спасылка на раздзел: https://www.facebook.com/settings/?tab=language. У раздзеле «Язык Facebook» націсніце кнопку «Изменить». І выберыце беларускую мову ў выпадаючым спісе. Націсніце «Сохранить изменения», і Facebook загаворыць з табой па-беларуску.

Дарэчы, у гэтым раздзеле яшчэ шмат моўных налад, кшталту аўтаперакладу допісаў, фармату дат і гэтак далей.

VK

УКантакце: Vk.com

Калі вы ўсё яшчэ карыстаецеся «УКантакце» (падумайце пра сваю бяспеку!), то вось інструкцыя, як пераключыць інтэрфейс сацсеткі на беларускую мову.

Унізе меню, што адлюстроўваецца злева, знайдзіце пункт «Ещё». Навядзіце на яго курсор — з’явіцца спіс пунктаў, унізе якога ўбачыце «Язык: русский». Націсніце на гэты пункт — і ўбачыце спіс моў. Выбірайце «Беларуская» або «Беларуская (тарашкевіца)» — якая больш падабаецца.

Можна таксама абраць мову ў наладах твайго профілю, вось прамая спасылка: https://vk.com/settings.

Аднакласнікі

Аднакласнікі: OK.ru

Калі сярод нашых чытачоў ёсць карыстальнікі гэтай сацсеткі, то вось інструкцыя, як беларусізаваць яе інтэрфейс.

Уверсе справа знайдзіце значок глобуса і назву актыўнай мовы. Націсніце і выберыце «Беларуская».

Мэсанджары

Telegram

Telegram

Беларуская мова ёсць у Telegram як на камп’ютары, так і ў мабільнай версіі. Алгарытм — аднолькавы: трэба зайсці ў налады, выбраць раздзел «Мова» і абраць беларускую.

 

Viber

Viber

Распрацоўнікі Viber таксама дадалі магчымасць актываваць беларускамоўны інтэрфейс. Што праўда, толькі для мабільнага дадатку.

Націсніце ў Viber кнопку «Ещё» — яна месціцца ўнізе справа. Абярыце «Настройки», затым «Общие», пасля «Язык» і выберыце ў спісе «Беларуская». Каб захаваць налады, націсніце значок «птушачкі» справа ўверсе.

Праверка арфаграфіі

Мы ведаем як мінімум пра тры анлайн-сэрвісы праверкі беларускага правапісу: сэрвіс на сайце Беларускага N-корпуса, «Добрапіс» на «Белсаце» ад Змітра Саўкі, а таксама сэрвіс LanguageTool, які можа правяраць арфаграфію наўпрост у браўзерах на некалькіх мовах, у тым ліку беларускай, а таксама існуе ў выглядзе дапаўнення для папулярных праграм, такіх як Microsoft Office.

Існуе пакет праверкі беларускай арфаграфіі ў Microsoft Office і Windows ад перакладчыцкай суполкі «РЭZЭРВАЦЫЯ».

Карысныя спасылкі

Беларускі N-корпус — корпус тэкстаў сучаснай беларускай мовы са структурнай і граматычнай разметкай і пашпартызацыяй. Гучыць няпроста, але зазірніце — там ёсць шмат цікавых і карысных сэрвісаў.

Электронныя руска-беларускі, беларуска-рускі і тлумачальны слоўнікі: https://www.skarnik.by/.

Беларускія слоўнікі і энцыклапедыі: http://www.slounik.org/.

Вялікая колькасць бясплатных сэрвісаў па апрацоўцы тэксту, маўлення і іншых дадзеных: https://corpus.by/.

Праект Pravilna.by — сэрвіс для тых, хто жадае размаўляць і пісаць на беларускай мове.

***

Распрацоўнікі праграм і сайтаў збіраюць статыстыку па выкарыстанні той ці іншай мовы. І чым больш карыстальнікаў абярэ беларускую мову, тым больш матывацыі ў распрацоўнікаў будзе падтрымліваць і пашыраць яе выкарыстанне ў сваіх сэрвісах.

То — наперад! 🙂

Вярнуцца ўгару