«90-я» ў Беларусі: якой была ўнутраная палітыка?

мінск 1990, беларусь 1990, жыццё ў беларусі ў 1990-я

Унутраная палітыка ў Беларусі ў 1990-х гадах была спалучаная з надзеяй на новую дэмакратычную будучыню і стварэннем аўтакратычнай дзяржавы. Дзесяцігоддзе пачыналася з эйфарыі і нацыянальнага беларускага абуджэння, а скончылася фактычнай кансалідацыяй аўтарытарнага рэжыму пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі.

PALATNO расказвае пра пяць важных падзей ва ўнутранай палітыцы Беларусі ў 1990-я.

Незалежнасць і Белавежскія пагадненні

1991 год. Савецкі Саюз развальваецца: СССР — фактычна «хворы чалавек», які трымаецца на апараце штучнага дыхання. У жніўні 1991-га адбыўся путч у Маскве, які праваліўся, але прадэманстраваў важнае: цэнтральная ўлада больш не кантралюе сітуацыю. У той момант усё выглядае вельмі крохка: новыя дзяржаўныя інстытуты толькі нараджаюцца, старая савецкая сістэма яшчэ жыве. Вярхоўны Савет, які кіраваў краінай, быў збольшага той жа, што і ў часы саюзу ў пачатку 1990-х гадоў. Аднак у краіне на той момант існуе моцны запыт на змяненні, на сапраўдную, а не ўяўную самастойнасць.

Беларусь разам з іншымі былымі савецкімі рэспублікамі абвяшчае незалежнасць. 8 снежня 1991 года ў рэзідэнцыі «Віскулі» ў Белавежскай пушчы былі падпісаныя Белавежскія пагадненні. З беларускага боку іх падпісвае Станіслаў Шушкевіч, з расійскага боку — Барыс Ельцын, з украінскага — Леанід Краўчук. Белавежскія пагадненні заканчваюць існаванне Савецкага Саюза.

Для Беларусі пагадненні ў Белавежскай пушчы былі момантам уваходу ў вялікую гісторыю. Шушкевіч атрымаў рэпутацыю аднаго з тых, хто разваліў СССР — ва ўяўленні тых, хто падтрымліваў ідэю існавання Савецкага Саюза.

З таго часу Беларусь становіцца афіцыйна незалежнай дзяржавай, у якой пачынаюцца новыя працэсы: стварэнне Канстытуцыі, арміі і ўласнай эканомікі.

Першая Канстытуцыя і першыя выбары

Для Беларусі паваротным годам стаў 1994 год. Беларусь атрымала першую Канстытуцыю, якая ўвяла новую пасаду для нашай краіны — прэзідэнт. Вярхоўны Савет стаў галоўным заканадаўчым органам. Да 1994 года Беларусь жыла паводле Канстытуцыі БССР 1978 года, якая не адпавядала ні статусу незалежнай дзяржавы, ні патрэбам часу.

Улетку адбываюцца першыя прэзідэнцкія выбары. Гэта былі першыя і пакуль адзіныя сапраўды канкурэнтныя прэзідэнцкія выбары ў нашай гісторыі. На фоне эканамічнага крызісу, інфляцыі і росту цэн, людзі пачалі шукаць новага лідара. Ім стаў малады і энергічны дэпутат Аляксандр Лукашэнка. У першым туры з Лукашэнкам змагаліся прадстаўнік старой наменклатуры Вячаслаў Кебіч, лідар БНФ Зянон Пазняк, Станіслаў Шушкевіч. У другі тур, які стаў ключавым для беларускай гісторыі, Лукашэнка ўвайшоў разам з тагачасным кіраўніком урада Вячаславам Кебічам.

Чаму Лукашэнку паверылі людзі? Лукашэнка казаў, што савецкая эліта разваліла краіну і абкрадае народ. Ён гаварыў так, як звычайны чалавек на вуліцы, таму быў блізкі простым беларусам. Пасля хаосу 1990-х гадоў многія хацелі лідара, які возьме на сябе адказнасць за іх і дзяржаву.

Для многіх беларусаў гэта быў шанец на новае жыццё, калі народ нарэшце перамог наменклатуру.

Рэферэндум 1995 года

Праз год пасля прэзідэнцкіх выбараў настае першая вялікая палітычная развілка ў сучаснай беларускай гісторыі. У 1995 годзе адбываецца рэферэндум. На ім падымаюцца вострыя пытанні: статус рускай мовы (руская становіцца дзяржаўнай разам з беларускай), дзяржаўныя сімвалы (чырвона-зялёны сцяг і герб замест бел-чырвона-белага і «Пагоні»).

Гэты рэферэндум лічыцца пераможным для Лукашэнкі, аднак для нацыянальна-дэмакратычных колаў ён быў адкатам у савецкае мінулае.

Пасля рэферэндума-1995 беларуская мова страціла статус галоўнага сімвала незалежнасці і аказалася на перыферыі, пачалася паступовая русіфікацыя публічнай сферы. Бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» былі выціснутыя са сферы афіцыйнага выкарыстання і сталі сімвалам апазіцыі, а дзяржаўная сімволіка зрабіла крок назад у савецкасць.

Аляксандр Лукашэнка паказаў, што можна абаперціся на плебісцыт і атрымаць для сябе і сваёй палітыкі карт-бланш. У многіх унутры краіны ўзнікла адчуванне вяртання ў мінулае, у іншых — пачуццё паразы нацыянальнага праекта. Можна лічыць, што з таго часу пачаўся падзел на дзве Беларусі.

Канстытуцыйны крызіс 1996 года

1996 год стаў годам, калі маладыя дэмакратычныя інстытуты аказаліся пад ударам. У Беларусі адбыўся канстытуцыйны крызіс — сутыкненне Аляксандра Лукашэнкі і парламента.

У 1996-м Лукашэнка ініцыяваў рэферэндум, які пашыраў яго паўнамоцтвы: прэзідэнт атрымліваў кантроль над выканаўчай уладай, змог распускаць парламент і фарміраваць вертыкаль улады. Вярхоўны Савет ператварыўся ў дэкарацыйны орган — Палату прадстаўнікоў. Апазіцыя пачала працэдуру імпічменту і абвінавачвала Лукашэнку ў парушэнні Канстытуцыі.

Лукашэнка змог атрымаць падтрымку Масквы, а апазіцыйныя яму палітыкі і арганізацыі аказаліся ў нявыгадным становішчы. Рэферэндум усё ж такі адбыўся 24 лістапада 1996 года. Паводле афіцыйных вынікаў, большасць прагаласавала за прапанаваныя Лукашэнкам ідэі. Аднак апазіцыя і назіральнікі казалі пра масавыя фальсіфікацыі.

Апазіцыя да Лукашэнкі і Захад назвалі той год і рэферэндум паваротам да аўтарытарызму. У Беларусі ствараецца моцная прэзідэнцкая рэспубліка, а асноўныя рашэнні прымаюцца ў адміністрацыі прэзідэнта.

Крызіс канца 1990-х

Канец дзесяцігоддзя для нашай краіны быў ужо ў іншай палітычнай рэальнасці. У той час Беларусь ужо моцна залежыць ад Расіі, але фінансава краіна ўсё роўна нестабільная.

Па Канстытуцыі 1994 года першы прэзідэнцкі тэрмін Аляксандра Лукашэнкі павінен скончыцца ў 1999-м. Аднак пасля рэферэндуму 1996 года тэрмін паўнамоцтваў падоўжаны да 2001 года. Апазіцыя кажа, што Лукашэнка не будзе легітымным прэзідэнтам пасля 1999-га, аднак афіцыйныя органы трымаюцца іншага меркавання. Апазіцыйныя сілы спрабавалі змагацца супраць канкурэнта і правялі альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары, якія не паўплывалі на далейшае развіццё падзей.

У той жа час таямніча знікае шэраг людзей — Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Юрый Захаранка, Дзмітрый Завадскі. Гэта адны з самых трагічных падзей канца 1990-х у беларускай гісторыі. Усе яны былі звязаныя з палітычнай дзейнасцю ці крытыкавалі ўладу. Афіцыйна яны лічацца зніклымі без вестак, але агульна прынята лічыць, што яны сталі ахвярамі палітычнай барацьбы. Сцвярджаецца, што загады аб забойствах Ганчара, Красоўскага, Захаранкі і Завадскага аддаваліся асабіста Лукашэнкам.

У грамадстве — расчараванне: адныя бачаць у кіраўніцтве Лукашэнкі своеасаблівую стабільнасць, а іншыя бачаць пачатак дыктатуры.

***

Беларусь увайшла ў 2000-я ўжо як краіна з выразнай мадэллю аўтарытарнага кантролю над грамадствам. І гэтая мадэль вызначыць лёс краіны на дзесяцігоддзі наперад.

Вярнуцца ўгару