
PALATNO расказвае, якой была знешняя палітыка Беларусі ў 1990-я.
Змест
Міжнароднае прызнанне, ядзерная зброя, баланс паміж Захадам і Усходам
У 1990-я гады Беларусь з’яўляецца «новай» дзяржавай для міжнароднай палітыкі. З’яўляецца вострая патрэба, каб Беларусь успрымалі не як «частку Савецкага Саюза», а як асобную дзяржаву. На той момант Беларусь ужо было членам ААН: гэта адбылося ў 1945 годзе пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Аднак патрабавалася ўвайсці і стаць членам іншых важных міжнародных арганізацый. У 1992 годзе Беларусь далучылася да Сусветнага банка і да шэрагу іншых арганізацый.
У пачатку 1990-х адбываецца важнае, бо наша краіна становіцца часткай сусветнай фінансавай сістэмы і сістэмы бяспекі.
Амаль адразу пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусь пачынае заключаць дыпламатычныя пагадненні з іншымі краінамі. У Мінску адкрываюцца першыя замежныя пасольствы, а для многіх беларусаў гэта было «акном у свет» і магчымасць упершыню ўбачыць іншыя краіны.

Асабліва складанай тэмай для Беларусі ў 1990-я гадах была тэма ядзернай зброі. Справа ў тым, што пасля распаду СССР на тэрыторыі нашай краіны засталіся савецкія ядзерныя ракеты, што рабіла Беларусь дэ-факта ядзернай дзяржавай. За некалькі гадоў краіна адмовілася ад ядзернай зброі, далучылася да Дамовы аб нераспаўсюджванні такой зброі. Узамен на адмову ад ядзернай зброі Беларусь атрымала гарантыі бяспекі і эканамічную дапамогу.
Першыя гады 1990-х былі момантам, калі перад Беларуссю былі адчынены дзверы. Краіна магла выбіраць куды ёй далей рухацца — на Захад ці Усход. З аднаго боку Беларусь намацоўвае кантакты з заходнім светам, а з іншага — эканамічна залежыць ад Расіі. Эканамічная залежнасць ад усходняга суседа на многія гады вызначыць развіццё Беларусі.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: «90-я» ў Беларусі: якой была ўнутраная палітыка?
Як эканоміка штурхнула Беларусь да Расіі
У першыя гады сваёй незалежнасці Беларусь шукала парасон бяспекі, які традыцыйна апынуўся ў Маскве. У 1993 годзе Беларусь разам з Расіяй, Казахстанам, Кыргызстанам і Таджыкістанам падпісалі Дагавор аб калектыўнай бяспецы. Ён прадугледжваў узаемную дапамогу ў выпадку знешняй агрэсіі (аналагічны артыкул 5 у НАТА), сумеснае выкарыстанне ваеннай інфраструктуры, каардынацыю абарончай палітыкі. Праз год пасля падпісання дагавора ён быў афіцыйна ратыфікаваны.
Для беларускіх уладаў гэта было гарантыяй бяспекі, бо ў маладой краіне не было ўласнай моцнай арміі. Для Расіі гэта быў чарговы крок, які замацаваў Беларусь у сваёй арбіце і не даваў ёй магчымасці рухацца ў бок Захаду. Сімвалічна Беларусь аказваецца ў стане, калі падтрымлівае блок краін супраць НАТА.
Да сярэдзіны 1990-х гадоў Беларусь перажывае цяжкае эканамічнае становішча. Фактычна краіна выжывае толькі за кошт Расіі, якая дае танныя нафту і газ, застаецца галоўным пакупніком беларускай прадукцыі. У такіх умовах ідэя адзінай эканамічнай прасторы выглядае не проста прывабна, а жыццёва неабходна. У 1995 годзе Беларусь падпісала пагадненне аб Мытным саюзе з Расіяй, Казахстанам і іншымі краінамі СНД.

У пазнейшыя гады Беларусь пры Лукашэнку пойдзе на яшчэ большае збліжэнне з Масквой. У тыя ж часы ўзнікла ідэя стварэння саюзнай дзяржавы, якая рэалізуецца ў канцы 1990-х. Курс на цеснае супрацоўніцтва з заходнімі краінамі аказаўся фактычна закрытым, а пасля шэрагу падзей унутры краіны і ўзмацнення аўтарытарнай улады Лукашэнкі Беларусь будзе выглядаць для Еўропы не зусім незалежным гульцам, а як пешкай Крэмля.
Беларусь і Расія. Як пачалася саюзная дзяржава
Калі ў першай палове 1990-х Беларусь і Расія падпісвалі мытныя і гандлёвыя дамовы, то ў другой палове краіны пачалі ствараць палітычны праект. У 1997 годзе Лукашэнка і Ельцын падпісалі Дамову аб Саюзе Беларусі і Расіі. Яна прадугледжвала аб’яднанне палітыкі ў эканоміцы, бяспецы; агульныя рашэнні павінны прымацца на Вышэйшым Савеце Саюза; з часам заканадаўства абедзвюх краін павінна быць максімальна падобным. Для Беларусі такая дамова абяцала танныя энергарэсурсы і падтрымку Масквы, частка грамадства ўспрымала гэта як гандаль незалежнасцю і пачаткам новага СССР.
8 снежня 1999 года Лукашэнка і Ельцын падпісалі Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Прадугледжвалася стварэнне агульных органаў кіравання, агульнага бюджэту, у перспектыве — агульнай валюты, а таксама аб’яднанне знешняй палітыкі. На той час распаўсюджваюцца фантастычныя чуткі пра тое, што Лукашэнка можа стаць пераемнікам Ельцына ў Маскве (гэтага, канешне, не адбылося).
Напрыканцы 1990-х гадоў Беларусь канчаткова замацоўваецца ў міжнароднай палітыцы як прарасійская дзяржава. На той час ужо не ідзе гаворка пра нейтралітэт або еўрапейскі выбар, бо пра аўтарытарнай палітыцы Лукашэнкі свабодны выбар беларускага народа нават не ўлічваецца. Выбар на карысць Масквы быў зроблены, і гэты выбар стане асновай для ўсёй знешняй палітыкі Лукашэнкі ў наступныя гады.