Натхненне

Занадта маленькі для вялікай гульні. Як сын мінчан Гудзі Розэн стаў зоркай бейсбола


Занадта маленькі для вялікай гульні. Як сын мінчан Гудзі Розэн стаў зоркай бейсбола

Гудзі Розэн прабіўся ў амерыканскі бейсбол, хоць яго лічылі занадта маленькім для вялікай гульні. У яго кар’еры былі выпадковы шанец з-за сапсаванай рыбы, гучны пераход да сапернікаў і сувязь з Беларуссю — яго бацькі эмігравалі з Мінска ў Таронта ў пачатку мінулага стагоддзя.

PALATNO расказвае пра Гудзі Розэна.

Сын у вялікай яўрэйскай сям’і

Гудвін Джордж Розэн нарадзіўся 28 жніўня 1912 года ў Таронта. Яго бацькі, Самуэль і Рэбека, паходзілі з Мінска. Іх пераезд з Расійскай імперыі даследчыкі звязвалі з пераследам. Сям’я пераехала ў Канаду яшчэ да пачатку Першай сусветнай вайны. Гудзі быў адным з васьмі дзяцей у сям’і: ён нарадзіўся пятым у бацькоў.

Яшчэ ў юнацтве хлопец пачаў гуляць у бейсбол. Спачатку гэта былі звычайныя гарадскія каманды. Разам з Гудзі ў спорце былі зацікаўленыя і іншыя дзеці сям’і Розэн. Брат Джэйк займаўся боксам, а брат Вілі таксама спрабаваў свае сілы ў бейсболе.

Ужо ў 14 гадоў Гудзі выйграў у складзе каманды Таронта канадскі аматарскі чэмпіянат. Аднак пераход ад дзіцячых пляцовак да прафесійных стадыёнаў заняў яшчэ шмат гадоў.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Пінскі яўрэй, які стаў капітанам хакейнай зборнай Польшчы. Расказваем гісторыю Тадэвуша Сакса

 

Бронзавы прызёр еўрапейскага першынства і герой Варшаўскага паўстання. Гісторыя першага беларускага баскетбаліста, які ўзяў медаль чэмпіяната Еўропы

 

Беларусь і спорт 1990-х: першыя Алімпіяда, першыя медалі і першыя складанасці


Гудзі Розэн, бейсбол беларусь, бейсбол зша, беларускія спартсмены, беларускія яўрэі
Гудзі Розэн.

Пяць гадоў у чаканні

Гудзі Розэн быў невысокім і хударлявым паводле мерак прафесійнага бейсбола. Яго пазіцыяй быў аўтфілд. Ён гуляў на далёкай частцы поля, дзе трэба хутка рэагаваць, даганяць і лавіць адбітыя мячы, а затым дакладна кідаць іх партнёрам.

У 1933 годзе Гудзі пачаў выступаць за «Луісвіл Каланэлс». У першым сезоне ён добра сябе паказаў, але гэтага было недастаткова для запрашэння ў Галоўную лігу. У Луісвіле Розэн адгуляў пяць сезонаў.

У 1937 годзе Гудзі нарэшце атрымаў выклік — яго запрасіла да сябе каманда «Бруклін Доджэрс».

Дэбют адбыўся 14 верасня 1937 года. У першай сустрэчы падвойнага матча Розэн выйшаў як гулец на замену для бегу па базах. У другой сустрэчы ўжо адбіваў мяч і зрабіў два паспяховыя ўдары.

Гудзі Розэн, бейсбол беларусь, бейсбол зша, беларускія спартсмены, беларускія яўрэі
Гудзі Розэн.

У 1938 годзе Розэн стаў асноўным цэнтральным аўтфілдарам «Доджэрс». Аднак замацавацца ў Брукліне ў Гудзі надоўга не атрымалася. Ужо ў 1939 годзе каманду ўзналіў Леа Дзюрашэр, з якім у Розэна склаліся напружаныя адносіны. Да асабістых праблем з Дзюрашэрам дадалася траўма.

Так Розэн зноў аказаўся ў ніжэйшай лізе. Напрыканцы таго сезона Розэн вярнуў кіраўніцтву «Доджэрс» непадпісаны кантракт, і наступныя гады правёў па-за Галоўнай лігай. Вярнуцца ў бруклінскую каманду атрымалася толькі ў 1944 годзе, калі Рудзі было ўжо за трыццаць гадоў — узрост, у якім перспектыўным пачаткоўцам яго ніхто не лічыў.

Сапсаваная рыба і найлепшы сезон

Увесну 1945 года Рудзі Розэн сур’ёзна думаў пра завяршэнне спартыўнай кар’еры. Праўда, гэтаму перашкодзіў шчасцлівы выпадак. Іншы гулец, Рэд Дзюрэт, атруціўся сапсаванай рыбай. Для Рудзі адкрылася магчымасць згуляць у асноўным складзе за «Доджэрс». Розэну дапамагаў трэнер Чак Дрэсэн, які працаваў з ім над тэхнікай удару.

Рудзі скарыстаўся магчымасцю найлепшым чынам. Сезон 1945 года прынёс яму добрую статыстыку. У галасаванні за найкаштоўнейшага гульца сезона Розэн заняў дзясятае месца. І гэта было рэальным прызнаннем на ўзроўні ўсёй лігі, у якой гуляла некалькі сотняў чалавек, бо яго яшчэ ў пачатку сезона адпраўлялі гуляць у ніжэйшыя дывізіёны.

У тым жа сезоне Рудзі Розэна абралі ў склад Матча ўсіх зорак, але тую спартыўную сустрэчу адмянілі праз ваенныя абмежаванні. Замест яе праводзілі паказальныя гульні, каб сабраць грошы на ваенныя патрэбы.

Гудзі Розэн, бейсбол беларусь, бейсбол зша, беларускія спартсмены, беларускія яўрэі
Гудзі Розэн.

Пра пераход да сапернікаў даведаўся ў метро

Пасля найлепшага сезона Розэн чакаў большага заробку і новага кантракта ад «Доджэрс». Ён папрасіў павялічыць аплату за сваю гульню ўтрая, а ў адказ пачуў ад кіраўніцтва, што яго адправяць у іншы клуб пры першай магчымасці.

У 1946 годзе Розэна прадалі ў «Нью-Ёрк Джайентс». Паводле яго ўспамінаў, навіну пра пераход ён прачытаў у газеце, калі ехаў у метро на стадыён.

Неўзабаве Гудзі давялося гуляць супраць былых партнёраў. «Джайентс» выйгралі абедзве сустрэчы падвойнага матча з «Доджэрс», а Розэн зрабіў важны ўклад у перамогі. Газеты называлі гэтыя матчы «помстай Гудзі».

На гэтым яго паспяховыя выступленні супраць Брукліна не скончыліся. Праўда, асабісты поспех Гудзі не азначаў перавагі яго новай каманды, бо за сезон «Джайентс» выйгралі ў былога клуба свайго гульца толькі сем матчаў з дваццаці двух.

Траўма, пасля якой усё змянілася

У 1946 годзе Розэн падчас матча ўрэзаўся ў агароджу і атрымаў цяжкую траўму. Траўма стала пераломнай у яго кар’еры, бо больш выступленняў у Галоўнай лізе ў Гудзі не было. Бейсбольная кар’ера Розэна ўклалася ў шэсць сезонаў Галоўнай лігі, падзеленай гадамі ў ніжэйшых лігах.

У 1947 годзе Розэн вярнуўся ў родны горад і на працягу года выступаў за мясцовы бейсбольны клуб «Таронта Мэйпл Ліфс». Пасля заканчэння сезона ён завяршыў прафесійную кар’еру, але сам яшчэ працягваў гуляць.

У наступныя гады Розэн выступаў у мясцовых софтбольных камандах Таронта. Софтбол — блізкі да бейсбола від спорту з іншымі памерамі мяча, поля ды асаблівасцямі падачы.

У 1950 годзе Гудзі вярнуўся ў бейсбол як гулец і кіраўнік каманды «Галт Тэрыерс». Аднак кар’ера ў бейсболе працягвалася толькі адзін год. Розэн працаваў пасля спорту ў рэстаранах, у піваварнай кампаніі.

У 1984 годзе Гудзі Розэна ўключылі ў Канадскую залу бейсбольнай славы.

* * *

Розэн памёр 6 красавіка 1994 года ў Таронта.