Натхненне

Чалавек Сталіна з Бабруйска. Як Аляксандр Арлоў выкрадаў чужыя жыцці — і ратаваў сваё


Чалавек Сталіна з Бабруйска. Як Аляксандр Арлоў выкрадаў чужыя жыцці — і ратаваў сваё

У Іспаніі ён дапамагаў вывозіць золата і ўдзельнічаў у таемнай вайне супраць праціўнікаў Сталіна. Потым сам уцёк ад сістэмы, якой служыў, і пятнаццаць гадоў хаваўся ў ЗША. Гэта гісторыя ўраджэнца Бабруйска Лейбы Фельдбіна, які стаў вядомы ў свеце пад імем Аляксандр Арлоў.

PALATNO расказвае пра яго жыццё.

Лейба з сям’і гандляроў

Лейба Фельдбін нарадзіўся ў 1895 годзе ў Бабруйску. Яго бацькамі былі Лазар Фельдбін і Ганна Зарэцкая. Сям’я Фельдбінаў займалася лесапрамысловасцю: рабілі нарыхтоўкі, сплаўлялі лес і кіравалі лесапільнямі.

Фельдбін абраў для сябе адукацыю. Ён адвучыўся ў Маскве ў Лазараўскім інстытуце ўсходніх моў, потым перайшоў да вывучэння права.

У 1916 годзе яго прызвалі ў армію, а рэвалюцыю ён сустрэў маладым чалавекам. Пасля рэвалюцыі Фельдбін далучыўся да бальшавіцкага лагера. Ён служыў у Чырвонай арміі, затым вярнуўся да юрыдычнай адукацыі і працаваў у савецкай судовай сістэме.

У 1924 годзе перайшоў у эканамічныя структуры АДПУ. У яго прасоўванні істотную ролю адыграў стрыечны брат Зіновій Кацнэльсон, які ўжо займаў там кіруючую пасаду.

Да гэтага часу Фельдбін карыстаўся імем Леў Нікольскі. Потым будуць іншыя імёны і дакументы, але найбольш вядомым стане Аляксандр Арлоў.

Жонка, дачка і жыццё паміж камандзіроўкамі

У 1921 годзе Лейба ажаніўся з Марыяй Ражнецкай. У 1923 годзе ў іх нарадзілася дачка Вера. Пазней сям’я будзе суправаджаць яго за мяжой, а ў 1938-м уцячэ разам з ім.

Праца за мяжой для Фельдбіна пачалася ў 1920-я. Ён працаваў у еўрапейскіх сталіцах, збіраў дадзеныя для савецкай разведкі і будаваў агентурныя сувязі. У той жа час упершыню пабываў у Злучаных Штатах Амерыкі.

У 1930-я гады савецкая разведка зрабіла стаўку на маладых брытанцаў, якія сімпатызавалі камунізму і маглі пабудаваць кар’еру ў дзяржаўных установах. Найбольш вядомымі сталі выпускнікі Кембрыджскага ўніверсітэта Кім Філбі, Гай Бёрджэс, Дональд Маклін, Энтані Блант і Джон Кэрнкрос — «Кембрыджская пяцёрка». Стаўка на іх спрацавала, а Масква атрымала доступ да сакрэтных дакументаў. Фельдбін працаваў у Вялікабрытаніі ў перыяд фарміравання гэтых кантакнтаў, але яго дакладная роля застаецца прадметам спрэчак. Некаторыя лічаць яго важным арганізатарам, а некаторыя аспрэчвалі ўдзел у вярбоўцы агентаў.

У 1936 годзе Фельдбіна пераводзяць на працу ў Іспанію.

Іспанскае золата, якое зрабіла Фельдбіна-Арлова легендай

Улетку 1936 года частка іспанскіх вайскоўцаў падняла мяцеж супраць Рэспублікі. Пераварот не даў хуткай перамогі і перарос у грамадзянскую вайну. Мяцежнікі атрымлівалі дапамогу нацысцкай Германіі і фашысцкай Італіі. Рэспубліканскі ўрад шукаў зброю і падтрымку за мяжой, і такім важным пастаўшчыком стаў СССР.

Разам з савецкай дапамогай прыбывалі вайсковыя спецыялісты і супрацоўнікі спецслужбаў. Фельдбін працаваў у Іспаніі па лініі НКУС, займаючыся разведвальнымі і контрразведвальнымі справамі.

Адна з самых вядомых гісторый пра Фельдбіна, які тады ўжо называўся Аляксандрам Арловым, — вываз іспанскага золата ў СССР. Увосень 1936 года рэспубліканскі ўрад прыняў рашэнне размясціць значную частку залатых рэзерваў у Маскве. У СССР адправілі каля 510 тон золата агульнай вагі, што адпавядала прыкладна 475 тонам чыстага металу. Гэты сродкі прызначаліся для аплаты вайны. Фельдбін-Арлоў удзельнічаў у аперацыі з савецкага боку.

Больш непасрэдна дзейнасць савецкага спецслужбіста была звязаная з лёсам Андрэу Ніна. Ніна быў каталонскім палітыкам, некалькі гадоў пражыў у СССР. Пасля вяртання стаў адным з заснавальнікаў Рабочай партыі марксісцкага аб’яднання POUM, якая выступала за рэвалюцыйныя пераўтварэнні, але супраць сталінскага курсу. Для СССР гэта было непрымальнай пагрозай. Так у справу ўступіў Фельдбін-Арлоў, які дапамог сфабрыкаваць справу супраць Ніна і абвінаваціць яго ў супрацы з фашыстамі. У 1937 годзе Ніну арыштавалі і ўтрымлівалі ў турме ля Мадрыда, адкуль ён без вестак знік. Лічыцца, што ён быў забіты.

Тэрор вяртаецца да сваіх і 15 гадоў маўчання

Пакуль Фельдбін-Арлоў працаваў у Іспаніі, у СССР ішоў Вялікі тэрор. Арыштоўвалі і расстрэльвалі абвешчаных ворагаў улады і людзей, якія самі служылі рэпрэсіўнаму апарату. Сувязі і заслугі не гарантавалі бяспекі. Стрыечны брат Зіновій Кацнэльсон, які дапамог сваяку ў кар’еры, загінуў падчас чыстак.

Фельдбін ведаў, што такі лёс можа быць у яго. У 1938 годзе ён вывез сям’ю ў Канаду, а затым сам перабраўся ў ЗША. Пазней ён сам расказваў, што спрабаваў забяспечыць абарону сабе незвычайным спосабам: папярэдзіў савецкае кіраўніцтва, што раскрые сакрэты, калі яго або ягоную сям’ю будуць пераследаваць. Разам з гэтым ён забраў аператыўныя грошы спецслужбы, на якія сям’я магла жыць пасля ўцёкаў.

Пасля пераезду ў Злучаныя Штаты Фельдбін-Арлоў жыў пад рознымі імёнамі і не адразу стаў публічным выкрывальнікам. Шырокай аўдыторыі ён стаў вядомы толькі ў 1953 годзе — толькі пасля смерці Іосіфа Сталіна.

У тым жа годзе часопіс LIFE пачаў публікаваць яго аповед пра сталінскую сістэму. З таго часу з ім пачалі працаваць ФБР і ЦРУ, ён стаў каштоўным сведкам для амерыканскіх спецслужбаў.

У пасляваеннай публічнай гісторыі Фельдбін-Арлоў выступаў як чалавек, які выратаваўся і расказаў праўду пра дыктатуру. Але што ён бачыў сам, пра што чуў ад іншых, а дзе прапаноўваў уласную рэканструкцыю? Яшчэ больш важнае пытанне — што пакідаў па-за кадрам.

Фельдбін-Арлоў памёр у ЗША ў 1973 годзе. Яго паперы, лісты і выданні захоўваюцца ў Джорджтаўнскім універсітэце. Ён пахаваны разам з жонкай і дачкой на могілках Маунт-Обэр у Кембрыджы ў штаце Масачусетс.