Веды

Мяцеліца, сракапад, ледзяшы. Як беларусы па-рознаму называюць зімовыя з’явы


Мяцеліца, сракапад, ледзяшы. Як беларусы па-рознаму называюць зімовыя з’явы

У Беларусі выпаў снег, а значыць прыйшоў час даведацца, як у розных беларускіх рэгіёнах называлі снег, ледзяшы, зімовы мароз і шмат чаго яшчэ, звязанага з зімовым настроем.

PALATNO расказвае, як беларусы па-рознаму гавораць пра снег.

Гурба снегу. Як яе па-рознаму называюць?

У беларускіх рэгіёнах зусім па-рознаму называлі гурбу снегу. Уласна слова гурба (з націскам на першы склад) выкарыстоўвалі ў паўночна-заходняй Беларусі. Там жа можна было пачуць слова гурбіна. На ўсходзе краіны найбольш распаўсюджана было слова сугроб (яно сустракаецца часткова па ўсёй тэрыторыі Беларусі). Цікава, што разам з сугробам на Магілёўшчыне маглі карыстацца словам сумёт.

На поўдні Беларусі карысталіся словам гура (націск на першы склад).

На Гродзеншчыне гурбу снегу называлі курганам. А на Магілёўшчыне быў свой рэгіяналізм — угруд. На Палессі вы маглі б пачуць словы гуровіца (націск на другі склад), гурба (націск на апошні склад). А ля Брэста — гурма (націск на першы склад).

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Клопат Бога, праява д’ябла ці лек? Як нашы продкі ставіліся да снегу?

Мяцеліца, завіруха ці дуйка?

Самай распаўсюджанай назвай была ўласна мяцеліца, яна ж дамінавала ў цэнтральнай Беларусі, аднак па ўсёй беларускай зямлі існавала вельмі шмат рэгіянальных назваў гэтай прыроднай з’явы.

Так, на Віцебшчыне мяцеліцу называлі пургой, мяцеллю, завеяй ці веяй. У гэтым рэгіёне сустракаліся назва завіруха, якая кропкава зафіксавана ў кожным беларускім рэгіёне таксама. На Віцебшчыне і Магілёўшчыне можна было пачуць уюга ў дачыненні да мяцеліцы.

Магілёўшчына амаль не адрознівалася ад Віцебшчыны па назвах мяцеліцы, аднак можна адзначыць два рэгіяналізмы — дуйка, хвіля і хвілепіца. Гэтыя назвы былі таксама шырока распаўсюджаныя на Гомельшчыне.

Палессе адрознівалася сваімі рэгіянальнымі найменнямі мяцеліцы. Так, там можна было пачуць пра мяцеліцу словы круча, пульга, мецялуха, завіюха.

На поўначы Брэсцкай вобласці і амаль цалкам на Гродзеншчыне мяцеліцу называлі кудасам(націск на першы склад).

Ледзяшы

Самым распаўсюджаным словам, якое вы маглі пачуць у Беларусі, будуць сасулькі. Але для ледзяшоў існавала шмат варыяцый, яшчэ больш чым для мяцеліцы.

На захадзе Беларусі і ў цэнтры краіны  дамінавала назва саплякі. Разам з гэтым на Брэстчыне былі назвы соплі, саплі, сопэлі, супэлі. На Палессі сустракаліся словы цырубалкі (націск на другі склад), капяжы (націск на апошні склад). На Гродзеншчыне ледзяшы называлі цыплікамі, смаркачамі і суслякамі.

На поўначы Мінскай вобласці распаўсюджанай была назва стрэлкі. Яна ж была папулярнай на Гомельшчыне. Разам з гэтым у Гомельскай і Магілёўскай абласцях ледзяшы называлі сусолкі. Ля Магілёва маглі выкарыстоўваць слова суслікі.

У Віцебскай вобласці існавалі назвы краплі і ледакі. Апошняя назва была амаль што самай папулярнай назвай ледзяшоў на Віцебшчыне.

Галалёд ці сракапад?

Назва галалёд была на роўных правах з галалёдзіцай — так амаль паўсюль называлі гэту з’яву.

На Віцебшчыне яе маглі называць (і гэта рэгіянальнае слоўца) аблівень (націск на апошні склад). Папулярнымі словамі былі аблой, абліў, абліваха.

На Магілёўшчыне найбольш распаўсюджанымі, акрамя галалёду і галалёдзіцы, былі словы вобліў і воблівень. Там жа сустракаліся словы вобліўка, воблівца. Падобныя словы сустракаліся і на Гомельшчыне. Аднак і там былі свае цікавосткі: да прыкладу, слова сракападякое чулі і на Брэстчыне.

На поўдні Беларусі даволі распаўсюджаным словам было галашчок. Яно сустракаецца як на тэрыторыі Гомельскай вобласці, там на Гродзеншчыне і Брэстчыне.

У Брэсцкай вобласці можна было сустрэць словы абліва, верхалёд, верхалёдзіца. На Гродзеншчыне — галашчока, галялёдзіца.

Як называлі іней?

Амаль па ўсёй Беларусі іней так і будзе іней. Часамі на захадзе Віцебскай вобласці яго называлі інея (націск на першы склад). На поўдні Віцебшчыны і поўначы Міншчыны карысталіся словам шэрань. Яшчэ на Міншчыне даволі папулярным словам было шэраш.

На Палессі сустракалася слова навісь. На Брэстчыне можна было пачуць слова гіней (націск на першы склад).

На Гродзеншчыне карысталіся словамі шаць, іня, віней, гіня, віня. Апошнія два не былі рэдкасцю на Магілёшчыне таксама.