Веды

Першая друкаваная кніга па-беларуску і з Беларусі. Што было ў «Катэхізісе» Сымона Буднага?


Першая друкаваная кніга па-беларуску і з Беларусі. Што было ў «Катэхізісе» Сымона Буднага?

Калі ў Еўропе бурлілі рэфармацыйныя ідэі, у Нясвіжы з’явілася кніга, якая вучыла асновам веры і заклікала любіць сваю мову і культуру. Так нарадзіўся «Катэхізіс» Сымона Буднага.

PALATNO расказвае пра «Катэхізіс».

Ад вуснага навучання да друкаванай кнігі

Катэхізіс як жанр узнік у раннім хрысціянстве, так называлі вуснае навучанне чалавека. З часам форма пытанняў і адказаў ператварылася ў кнігу. Ад XVI стагоддзя катэхізісы сталі асноўнымі дапаможнікамі для рэлігійнай адукацыі.

Пачатак гэтай традыцыі ідуць ад Марціна Лютэра, які ў 1529 годзе надрукаваў «Малы катэхізіс». У 1566 годзе ў Рыме з’явіўся «Рымскі катэхізіс», у якім сістэмна выкладзена каталіцкая дактрына. У праваслаўя быў свой арыенцір — катэхізіс ад мітрапаліта Філарэта ў XIX стагоддзі.

На гэтым фоне выданне Сымона Буднага ў Нясвіжы ў 1562 годзе стала з’явай не толькі рэлігійнай, але культурнай, бо ўпершыню катэхізіс быў надрукаваны па-беларуску і на беларускай зямлі.

«Катэхізіс» Сымона Буднага быў масіўнай, старанна аздобленай кнігай. Ён складаўся з 64 чатырохаркушавых і аднаго шасціаркушавага сшыткаў. Кнігу надрукавалі ў Нясвіжы ў 1562 годзе.

Кніга была надрукавана ў дзвюх фарбах, прысутнічала прысвячэнне Радзівілам, прадмова і пасляслоўе. Тэкст кнігі пададзены ў форме пытанняў і адказаў, як таго патрабаваў жанр катэхізісу.

Асветнік, палеміст і абаронца беларускай мовы

Сымон Будны быў не толькі тэолагам, але мысліцелем эпохі Адраджэння. У яго тэкстах моцна адчуваецца ўплыў Францішка Скарыны, асабліва ў думцы пра прызначэнне кнігі: «бог ко чти и посполитым людем языка руского к наказанью и доброму наученью».

Сымон Будны актыўна ішоў далей за мэты асветы. Ён адкрыта гаварыў пра сацыяльныя і палітычныя праблемы свайго часу, заклікаў заможныя слаі грамадства — найперш, Радзівілаў — падтрымліваць беларускую культуру і адукацыю. Словы Буднага гучаць як маніфест культурнай самасвядомасці:

«Абы ваши княжацкия милости не только в чужоземских языцех кохали, але бы ся теж… и того здавна славного языка словенского розмиловати и оным ся бавити рачили».

Сымон Будны выступаў за адкрытасць да еўрапейскай культуры, крытыкаваў рэлігійную нецярпімасць і адмаўленне заходняга досведу часткай праваслаўных дзеячаў. Погляды Буднага зрабілі «Катэхізіс» тэкстам, якія выходзіць за рамкі багаслоўя.

Лёс кнігі і чаму «Катэхізіс» Буднага важны і сёння?

«Катэхізіс» Сымона Буднага стаў першай кнігай на беларускай мове, надрукаванай у межах беларускіх зямель. Яго значнасць адзначалі праз стагоддзі. Напрыклад, у 1696 годзе маскоўскі патрыярх Андрыян згадваў яго ў прадмове да «Праваслаўнага спавядання веры» Пятра Магілы.

Да нашага часу захавалася каля 10 экзэмпляраў кнігі, якія цяпер знаходзяцца ў Кракаве, Санкт-Пецярбургу, Маскве і Празе. Некаторыя з іх вельмі поўныя і падрабязна апісаныя бібліёграфамі. У 1977 годзе ў Празе былі знойдзены яшчэ 20 асобных аркушаў, якія раней былі невядомыя.

«Катэхізіс» Сымона Буднага цяпер з’яўляецца не проста старажытным багаслоўскім трактатам. Кніга стала сімвалам пачатку беларускага кнігадрукавання (так, нараўне з Францішкам Скарынам). «Катэхізіс» — помнік рэфармацыйнай думкі ў ВКЛ і пасланне пра важнасць культуры і нацыянальнай свядомасці.