На платформе Change.org петыцыя з заклікам да кампаніі Meta дадаць беларускую мову ў Instagram і Threads сабрала больш за тысячу подпісаў. Для ініцыятараў гэта не проста пытанне зручнасці, а прызнанне беларускай мовы як самастойнай і паўнавартаснай у глабальнай лічбавай прасторы.
Петыцыя і механізм уплыву
Петыцыю «Add Belarusian language to Instagram and Threads» стварыў Захар Яноўскі. Яна адрасаваная кампаніі Meta — уладальніцы Instagram і Threads — з просьбай уключыць беларускую мову ў спіс даступных моў інтэрфэйсу і сістэмнай падтрымкі.
У тэксце петыцыі аўтар падкрэслівае, што беларуская мова не з’яўляецца ні дыялектам, ні падвідам рускай ці ўкраінскай, гэта самастойная мова, якая мае права на прысутнасць у міжнародных сэрвісах. На момант падрыхтоўкі матэрыялу петыцыю падпісалі 1097 чалавек.
Медыа-экспертка і спецыялістка па працы з сацыяльнымі сеткамі Ліза Ветрава звяртае ўвагу, што для краіны з насельніцтвам каля 9 мільёнаў гэтая лічба пакуль не выглядае значнай. Аднак сам факт з’яўлення петыцыі, на яе думку, важны як сігнал пра наяўнасць запыту і неабыякавасць часткі карыстальнікаў.
Беларуская мова ўжо прысутнічае ў інтэрфэйсах шэрагу буйных платформаў — Google, YouTube, Telegram. Зварот да Meta ініцыятары разглядаюць як наступны крок, які дазволіў бы значна пашырыць сферу выкарыстання беларускай мовы ў сацыяльных сетках.
Як тлумачыць беларускі IT-спецыяліст, які працуе ў адной з міжнародных кампаній у ЗША (каментар дадзены ананімна), Meta прымае такія рашэнні, зыходзячы найперш з бізнес-логікі:
«Meta — гэта перш за ўсё бізнес. Іх будзе цікавіць, якую выручку можа прынесці беларускамоўная аўдыторыя, колькі будзе каштаваць укараненне і штогадовая падтрымка мовы, і за які тэрмін гэтыя інвестыцыі акупяцца».
Адзін са спосабаў ацаніць верагоднасць поспеху, паводле спецыяліста, — параўнанне з мовамі падобнага памеру і эканамічнага патэнцыялу, якія ўжо падтрымліваюцца ў прадуктах Meta.
Аўтар петыцыі таксама заяўляе пра гатоўнасць дапамагчы кампаніі ў выпадку станоўчага рашэння: арганізаваць каманду прафесійных перакладчыкаў і мовазнаўцаў-валанцёраў як для запуску беларускай версіі, так і для яе далейшай падтрымкі.
Чаму гэта важна для карыстальнікаў
Адсутнасць беларускай мовы ў Instagram і Threads непасрэдна ўплывае на практычны досвед карыстальнікаў. Паводле Лізы Ветравай, адна з асноўных праблем — тое, што алгарытмы сацыяльных сетак не да канца разумеюць беларускую мову.
«З-за наяўнасці рускай і ўкраінскай моў алгарытмы часта ўспрымаюць беларускую як нешта сярэдняе. Гэта ўплывае і на рэкамендацыі, і на працу фільтраў».
Асобна экспертка адзначае праблему хейт-фільтраў. Паколькі Meta не распазнае беларускую мову паўнавартасна, карыстальнікі, якія вядуць акаўнты па-беларуску, не могуць эфектыўна абараніць сябе ад абразаў і агрэсіўных каментароў. Гэта, у сваю чаргу, супярэчыць заяўленай палітыцы платформы па стварэнні інклюзіўнай і бяспечнай прасторы.
З тэхнічнага пункту гледжання сітуацыю магло б змяніць навучанне алгарытмаў і штучнага інтэлекту беларускай мове, а таксама з’яўленне паўнавартаснага беларускамоўнага інтэрфейсу. Гэта дапамагло б лепш аналізаваць кантэнт і дакладней падбіраць аўдыторыю.
Нягледзячы на існуючыя перашкоды, беларускамоўныя блогеры працягваюць працаваць і знаходзяць сваю аўдыторыю. Па меркаванні Лізы Ветравай, шмат у чым поспех залежыць не толькі ад мовы, але і ад разумення таго, для каго ствараецца кантэнт:
«Алгарытмы працуюць на аўдыторыю, а не на творцу. Важна дакладна прамаўляць, каму вы адрасуеце свой кантэнт, і прадумваць фарматы. Сацыяльныя сеткі аналізуюць візуал і паводзіны карыстальнікаў, а не толькі тэкст».
Экспертка таксама адзначае, што алгарытмы пастаянна змяняюцца, і сёння адным з ключавых паказчыкаў для прасоўвання ў Instagram з’яўляецца колькасць перасыланняў кантэнту ў прыватныя паведамленні.
Петыцыя з просьбай дадаць беларускую мову ў Instagram і Threads працягвае збіраць подпісы. Далучыцца да яе можна — па спасылцы.
Аўтар Наста Пабягунская
