Веды

Паўстанец, кампазітар і мастак у эміграцыі. Пяць фактаў пра Напалеона Орду


Паўстанец, кампазітар і мастак у эміграцыі. Пяць фактаў пра Напалеона Орду

219 гадоў таму нарадзіўся Напалеон Орда. Ён быў паўстанцам, які пражыў палову свайго жыцця ў эміграцыі. Яго падтрымліваў Шапэн, ён быў сябрам Міцкевіча. За гады эміграцыі ён стаў вядомым творцам, але менавіта пасля вяртання на радзіму змог стварыць галоўнае ў сваім жыцці — зафіксаваць родны край свайго часу ў малюнках.

PALATNO расказвае пра Напалеона Орду.

Пачынаў як фізік-матэматык, а стаў універсальным творцам

Напалеон Орда нарадзіўся ў Варацэвічах у 1807 годзе. У 12 гадоў паступіў у Свіслацкую гімназію, якая была адной з самых вядомых на той час. Ад 1823 года Орда вучыўся ў Віленскім універсітэце на фізіка-матэматычным факультэце. Паралельна з атрыманнем такой тэхнічнай спецыяльнасці, ён наведваў мастацкія кафедры: малюнак, жывапіс, гравюра, скульптура.

У 1826 годзе Орду выключылі з універсітэта за ўдзел у тайным студэнцкім таварыстве, члены якога марылі пра незалежнасць Рэчы Паспалітай. Пасля гэтага былога студэнта арыштавалі, ён адсядзеў 15 месяцаў у зняволенні. Менавіта пасля адсідкі ў царскіх засценках ён моцна зацікавіўся мастацтвам, якое вызначыла яго далейшы лёс.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Паплечнік Каліноўскага, стваральнік прататыпа «Кодака», верагодны фальшываманетчык. Кім быў Уладзіслаў Малахоўскі?

Удзельнік паўстання з баявой узнагародай

У 1829 годзе Напалеона Орду залічылі ў расійскае войска. Ён стаў вайскоўцам у складзе коннай гвардыі Літоўскага корпуса. Праз некалькі гадоў на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай успыхнула паўстанне 1830-1831 гадоў.

Падчас паўстання полк, у якім служыў Орда, стаў на бок паўстанцаў. Ён таксама прыняў актыўны ўдзел у паўстанні.

За ўдзел у адной з бітваў Орда атрымаў вельмі прэстыжную вайсковую ўзнагароду — залаты крыж Virtuti Militari. Разам з узнагародай атрымаў чын капітана.

Паўстанне 1830-1831 гадоў не прывяло да жаданых для паўстанцаў вынікаў. Пасля паразы паўстання Напалеон Орда быў вымушаны эміграваць за межы Расійскай імперыі, каб пазбегнуць пакарання.

Еўрапейскі вандраўнік

З Расійскай імперыі Напалеон Орда з’ехаў на Захад. Спачатку ён трапіў у Аўстрыю, затым у Італію і Швейцарыю, а толькі праз некалькі гадоў пераехаў у Францыю.

У 1833 годзе Напалеон Орда спыніўся ў цэнтры польскай эміграцыі таго часу — Парыжы. У французскай сталіцы Орда пазнаёміўся і стаў сябрам шэрагу вядомых асоб: Адама Міцкевіча, Фрыдэрыка Шапэна, Ференца Ліста і іншых. Францыя стала для Напалеона Орды яго базай, але ён шмат вандраваў па Еўропе і нават наведаў Афрыку. Вядома, што ён ездзіў у Вялікабрытанію, Нідэрланды, Партугалію і Алжыр.

Падчас французскага перыяду ў 1850-я гады Орда напісаў «Граматыку польскай мовы для французаў», якую выдалі ў 1856 годзе ў Парыжы. Потым яшчэ былі перавыданні ў Берліне і Варшаве.

Шапэн стварыў з Орды музыканта

У Францыі Орда пачаў сістэматычна займацца з Шапэнам музыкай, калі не знаходзіўся ў вандроўках.

У 1838 годзе менавіта Шапэн прапанаваў яму выдаць творы ў «Альбоме твораў польскіх кампазіратаў». У гэты альбом увайшлі п’есы Орды. Напалеон пісаў паланэзы, вальсы, мазуркі, серэнады, а таксама рамансы і песні.

У 1847 годзе Орду запрасілі на пасаду дырэктара тэатра Італьянскай оперы ў Парыжы. Гэта быў сур’ёзны ўзровень для чалавека, які яшчэ дзесяць гадоў таму пераехаў у Парыж і стаў займацца музыкай.

Галоўная праца жыцця была зроблена пасля амністыі і вяртання на радзіму

Напалеон Орда працягваў займацца не толькі музыкай, але мастацтвам у шырокім сэнсе. Напрыклад, ён атрымаў мастацкую адукацыю ў студыі П’ера Жырара, які быў майстрам архітэктурнага пейзажу. Напалеон Орда шмат падарожнічаў і маляваў старыя гарады, замкі, палацы. Пра яго, як пра мастака, было вядома, таму яго працы часта куплялі ў калекцыі, друкавалі ў часопісах і выданнях. Доўгі час Напалеон Орда публікаваўся ў варшаўскім выданні «Tygodnik Ilustrowany».

У 1856 годзе Напалеон Орда пасля амністыі змог вярнуцца ў родныя Варацэвічы. Аднак родавы маёнтак быў канфіскаваны і прададзены. Менавіта там, на сваёй радзіме, ён зрабіў галоўную справу свайго жыцця — занатаваў у малюнках «рэшткі былой цывілізацыі» краю. Вядома пра 1060 арыгінальных малюнкаў, а самыя вялікія зборы знаходзяцца ў музеях Кракава і Варшавы.

***

Напалеон Орда памёр у 1883 годзе ў Варшаве. Па тэстаменту яго пахавалі ў Янаве (цяпер — Іванава) у родавым склепе.