Амерыканская псіхалагіня Фрэнсін Шапіра стала вядомай дзякуючы распрацаванаму метаду для лячэння посттраўматычнага стрэсавага расстройства. Мы знайшлі ў гісторыі даследчыцы і беларускі след: яе продкі паходзілі з Беларусі, Украіны і Румыніі.
PALATNO расказвае, як мы знайшлі беларускія карані ў Фрэнсін Шапіры.
Змест
Хто такая Фрэнсін Шапіра?
Фрэнсін Шапіра нарадзілася ў Нью-Ёрку ў 1948 годзе. Скончыла Нью-Ёркскі гарадскі ўніверсітэт і працавала настаўніцай англійскай мовы. Пазней паступіла ў Нью-Ёркскі ўніверсітэт і хацела атрымаць доктарскую ступень па англійскай літаратуры, але не скончыла яго праз хваробу.
У 1980-я гады пераехала на заходняе ўзбярэжжа ЗША і пачала працаваць ва ўніверсітэце Сан-Хасэ.
Яна стала знакамітай як стваральніца метаду EMDR (Eye Movement Desensitization and Reprocessing), які выкарыстоўваецца для лячэння посттраўматычнага стрэсавага расстройства. Гэты метад быў распрацаваны ў канцы 1980-х гадоў. Яна прапанавала новы погляд на перажыванне траўмы і яе лячэнне.
Шапіра працавала з амерыканскімі вайскоўцамі, якія ваявалі ў В’етнаме, таксама ездзіла ў Ізраіль і праводзіла там кансультацыі. У 1989 годзе выйшла яе кніга па метадзе EMDR. У 1990-х Фрэнсін працавала з ахвярамі тэракта ў Аклахоме, які быў найбуйнейшай тэрарыстычнай атакай у ЗША да 11 верасня 2001 года.
У 2013 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўхваліла метад Фрэнсін Шапіры для лячэння ПТСР і іншых псіхічных расстройстваў.
Фрэнсін Шапіра памерла ў 2019 годзе.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Бацькі амерыканскага суддзі, які судзіць Мадуру, паходзяць з Беларусі і Літвы
Бацькі Фрэнсін нарадзіліся ў Нью-Ёрку, а іх бацькі пераехалі ў Амерыку з Беларусі
Бацькі Фрэнсін — Даніэль і Шырлі — нарадзіліся ў Злучаных Штатах. Бацькамі Шырлі былі Лена і Чарльз Самнэры (Шмуклеры, пасля прозвішча амерыканізавалі), якія паходзяць з Румыніі і Украіны. Сям’я Лены паходзіць з Бухарэста, а Чарльз жыў у Камянецку-Падольскім.
Беларуская лінія прасочваецца за продкамі бацькі Фрэнсін. Бацькамі Даніэля былі Уільям Шапіра і Анна Коэн. Яны пазнаёміліся ў Нью-Ёрку неўзабаве пасля таго, як прыплылі ў Злучаныя Штаты, а напрыканцы Першай сусветнай вайны пабраліся шлюбам.

Менавіта ў пасведчанні аб шлюбе можна знайсці дадзеныя, адкуль паходзяць продкі псіхалагіні Фрэнсін Шапіры. Уільям Шапіра нарадзіўся ў 1896 годзе ў Мінску, а Анна ў 1895 годзе ў Гродне.
У Амерыку Уільям прыбыў у 1911 годзе, а Анна — на два гады раней за будучага мужа, у 1909-м. З часам яны атрымалі амерыканскае грамадзянства, у якім, дарэчы, згадваецца пра месца нараджэння Уільяма.

Уільям працаваў маляром усё жыццё, яго жонка займалася гаспадаркай.
У шлюбе ў іх нарадзілася трое хлопчыкаў: Джэйкаб, Даніэль і Сідні. Анна памерла ў 1969 годзе, Уільям — у 1973-м.
На сёння далейшую лінію адсачыць скаладана. Вядома, што бацькамі Уільяма Шапіры былі Абрам і Сара, якія пераехалі неўзабаве за сынам у Амерыку. У ЗША Абрам працаваў меднікам на фабрыцы. У пасведчаннях аб смерці Абрама і Сары пазначана, што яны нарадзіліся на тэрыторыі Расійскай імперыі (месца не ўдакладняецца). Вядомыя таксама імёны бацькоў Абрама і Сары, гэта значыць, прапрадзедаў Фрэнсін Шапіры: бацькоў Сары звалі Зэлег Зэлдзін і Бэсі Анін, а Абрама — Якаб і Дора Шапіры.




