Веды

Дабравешчанне: што гэта за свята? Якія ёсць прыкметы і павер’і?


Дабравешчанне: што гэта за свята? Якія ёсць прыкметы і павер’і?

Дабравешчанне — гэта свята, калі ў царкоўнай традыцыі адзначаецца дзень абвяшчэння Гаўрыілам нараджэння Ісуса Хрыста. У народным календары гэта момант, калі пачынаецца новы гаспадарчы год. Як продкі беларусаў успрымалі гэты дзень? Якія прыкметы існавалі?

PALATNO расказвае пра Дабравешчанне.

Радасная вестка, з якой пачалося збаўленне

Дата Дабравешчання невыпадковая: яна адзначаецца роўна за дзевяць месяцаў да Калядаў. Паводле хрысціянскага вучэння, у гэты дзень Дзева Марыя пачула ад Гаўрыіла вестку аб тым, што яна стане маці Ісуса Хрыста.

Царква асабліва шануе гэты дзень, бо з яго пачынаецца таямніца Уцялеснення Сына Божага. Без згоды Дзевы Марыі і яе веры, паводле багаслоўскага разумення, не было б і самога Хрыста. У праваслаўнай традыцыі Багародзіца ўшаноўваецца як вышэйшая за ўсіх створаных істотатў — не толькі людзей, але і анёлаў.

У хрысціянскай традыцыі Дабравешчанне лічыцца днём, калі чалавек адказаў гатоўнасцю прыняць боскую волю.

А што ў народнай традыцыі?

У беларускай народнай культуры Дабравешчанне мела і яшчэ адзін, вельмі старажытны сэнс. Нашы продкі верылі, што да гэтага дня зямля яшчэ «спіць», таму чапаць яе нельга.

«Да Дабравешчання няможна чапаць маткi-зямлi, бо яна прагневаецца ды й не зародзiць», — за гэтай прыкметай стаяла глыбокае ўяўленне пра зямлю як пра жывую істоту, здольную даваць ураджай

Абраднасць падчас Дабравешчання захавала сляды даўніх вераванняў, якія існавалі на беларускіх землях. Даследчыкі сцвярджаюць, што з гэтым днём звязаныя былыя культы мядзведзя і змяі.

Асаблівае месца займала змяя, бо лічылася, што менавіта на Дабравешчанне змеі выпаўзаюць са сваіх зімніх схованак. Таму казалі, што на Дабравешчанне нельга нічога прыносіць з лесу, інакш у хаце завядуцца гады.

Дабравешчанне таксама звязвалі з культам бусла — адной з самых знакавых птушак беларускай традыцыі. Бусел быў амаль сакральнай істотай, сімвалам роду і працягу жыцця. У гэтыя дні буслы вярталіся ў Беларусь.

Людзі раней верылі, што вялікае шчасце чакае таго, хто першым убачыць бусла ў палёце.

Забароны, забабоны і прыкметы на Дабравешчанне

Дабравешчанне лічылася асаблівым днём, нават крыху небяспечным для працы. На Палессі, напрыклад, забаранялі не толькі сеяць, а нават чапаць насенне ці падкладваць яйкі пад курыцу.

Продкі беларусаў раней чыталі прыроду як кнігу, а Дабравешчанне было адной з галоўных дат, калі па надвор’ю прадказвалі будучы ўраджай.

Калі на Дабравешчанне ідзе дождж, то будзе багаты ўраджай і шмат грыбоў. Калі ў гэты дзень суха і цёпла, то трэба чакаць засушлівага лета і халоднай восені. Калі выпадае снег, то лета будзе з дажджамі. Калі ў Дабравешчанне не бачна ластаавак, то холад затрымаецца да канца вясны.

У Дабравешчанне чакалі першага грому. Ён азначаў, што вясна ўжо сапраўды ўзяла верх над зімой, а зямля канчаткова прачнулася.

Раней у гарадах існаваў звычай выпускаць птушак на волю. Іх спецыяльна пакупалі ў лаўцоў і адразу адпускалі.