Натхненне

Як у адной сям’і з-пад Лідчыны вырас беларус, паляк і літовец. Расказваем гісторыю братоў Іваноўскіх


Як у адной сям’і з-пад Лідчыны вырас беларус, паляк і літовец. Расказваем гісторыю братоў Іваноўскіх

У адной сям’і з-пад Ліды выраслі трое братоў, якія пазней зрабілі тры розныя нацыянальныя выбары: адзін стаў беларусам, другі — палякам, трэці — літоўцам.Расказваем, як склаліся лёсы братоў з адной сям’і з беларускіх зямель.

Гэты тэкст PALATNO — працяг публікацый пра Піліпа Орліка і Эдварда Жалігоўскага, людзей і ідэй, якія нарадзіліся ў прасторы былога Вялікага княства Літоўскага.

Тры браты, тры лёсы

У адной шляхецкай сям’і з Віленшчыны выраслі трое братоў. Адзін стаў беларусам, другі — палякам, трэці — літоўцам. Вацлаў Іваноўскі стаў выбітным дзеячам беларускага руху, Ежы (або Юрый) Іваноўскі быў палітыкам і прадстаўніком польскага жыцця на Віленшчыне, Тадас (або Тадэвуш) Іванаўскас лічыцца адным з заснавальнікаў літоўскай навукі.

Іваноўскія паходзілі са шляхецкай сям’і Леанарда Іваноўскага і Ядвігі з Райхеляў. Нарадзіліся ў родавым маёнтку Лябёдка на Лідчыне — сёння гэта мясцовасць знаходзіцца ў межах вёскі Галавічполе ў Шчучынскім раёне. Ежы нарарадзіўся ў 1876 годзе, Вацлаў — у 1880-м, Тадас — у 1882-м, акрамя іх было яшчэ двое дзяцей — Станіслаў і Алена.

Ежы, Вацлаў, Тадас Іваноўскія
Сямейны дом на радзіме Іваноўскіх у Галавічполі, адбудаваны Юрыем (Ежы), 1935 год.

Польская мова ў доме Іваноўскіх была натуральнай: мовай адукацыі, літаратуры, камунікацыі. Менавіта ў такім асяроддзі выхоўваліся дзеці, якія маглі чытаць і размаўляць па-польску, але жыць сярод людзей, што гаварылі па-беларуску, і бачыць літоўскі культурны свет.

Вацлаў Іваноўскі свядома выбраў беларускасць. Адвучыўся ў Пецярбург, атрымаў выдатную тэхнічную адукацыю. У Пецербургу Вацлаў далучыўся да беларускіх гурткоў, пазнаёміўся з дзеячамі нацыянальнага адраджэння. Менавіта там адбыўся ўнутраны пераварот Вацлава Іваноўскага ад польскамоўнай культуры да свядомай беларускасці. У тым жа інстытуце вучыліся яго браты: Ежы далучыўся да польскага нацыянальнага руху, а Тадас — да літоўскага.

Вацлаў абраў Беларусь

У 1902 годзе Вацлаў заснаваў Беларускую рэвалюцыйную партыю. У 1906 годзе стварыў і ўзначаліў выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца». Вацлаў Іваноўскі — гэта той чалавек, які зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы. Ён плённа і доўга працаваў над тым, каб беларуская мова выйшла з вузкага фальклорнага ўжытку і заняла месца ў публічным жыцці. Супрацоўнічаў з газетамі «Наша доля» і «Наша Ніва». У 1909 годзе атрымаў ступень доктара тэхнічных навук у Мюнхенскім політэхнічным інстытуце.

Асобнай старонкай у біяграфіі Вацлава Іваноўскага застаецца яго дзейнасць у Мінску падчас Другой сусветнай вайны. Ён заняў пасаду бурмістра ў акупаваным немцамі горадзе. У гэтай сітуацыі ён спрабаваў выкарыстоўваць нават мінімальныя магчымасці для падтрымкі беларускай культуры, адукацыі і самакіравання.

Вацлава Іваноўскага забілі ў 1943 годзе. Абставіны забойства да гэтага часу не застаюцца да канца высветленымі.

Вацлаў Іваноўскі
Вацлаў Іваноўскі.

Сучаснікі Іваноўскага добра разумелі яго ролю. Яўген Хлябцэвіч і Браніслаў Тарашкевіч называлі яго цэнтральнай фігурай беларускага жыцця ў Санкт-Пецярбургу, а Максім Гарэцкі — адным з правадыроў нацыянальнага адраджэння напярэдадні Першай сусветнай вайны. Але пазней гэтая постаць амаль знікла з беларускай гісторыі. На дзесяцігоддзі Іваноўскага фактычна выкраслілі з культурнай памяці. У савецкі час яго прадстаўлялі як «ворага народа», і гэтае асуджэнне датычылася не толькі яго паводзінаў у гады нямецкай акупацыі, але і ўсёй яго папярэдняй дзейнасці.

Толькі з 1990-х гадоў пачалося паступовае вяртанне яго імя — у тым ліку дзякуючы даследаванням гісторыка Юрыя Туронка. І разам з гэтым вяртаецца разуменне маштабу яго ролі ў беларускай гісторыі.

Польскі шлях Ежы

Ежы Іваноўскі абраў польскі шлях. Як і яго браты, ён вырас у шматкультурным асяроддзі Віленшчыны, дзе польская мова была мовай адукацыі і эліты. Аднак не адзінай магчымай ідэнтычнасцю. Польскасць Ежы Іваноўскага была не перайманнем цэнтральнай ідэі, а натуральным развіццём мясцовай традыцыі.

Ежы атрымаў адукацыі ў Пецярбургу і Варшаве, таксама як і Вацлаў, вывучаў тэхнічныя навукі. У студэнцкія гады ўключыўся ў палітычнае жыццё: далучыўся да Польскай сацыялістычнай партыі і ўдзельнічаў у падпольнай дзейнасці.

У 1901 годзе Ежы ўдзельнічаў у падрыхтоўцы ўцёкаў Юзэфа Пілсудскага з псіхіятрычнага шпіталя ў Пецярбургу.

Далейшая біяграфія Ежы Іваноўскага ўтрымлівае шматлікія арышты, адсідку ў Варшаўскай цытадэлі, высылку ў Наўгародскую губерню. У 1905 годзе, дзякуючы амністыі, Ежы змог вярнуцца на Віленшчыну. Пасля вызвалення ён працаваў у Маскве і Пецярбургу. Пры гэтым ён застаецца звязаным з беларускім асяроддзем, бо ўваходзіў у праўленне выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца».

Ежы Іваноўскі.
Ежы Іваноўскі.

У 1918 годзе Ежы вярнуўся з замежжа і ўключыўся ў дзяржаўнае будаўніцтва Польшчы. Ён стаў міністрам прамысловасці і гандлю ва ўрадзе Анджэя Марачэўскага, а пазней — міністрам працы і сацыяльнага забеспячэння ва ўрадзе Ігнацыя Падэрэўскага.

У 1920–1921 гадах працуе ў структурах Сярэдняй Літвы, займаючыся знешнепалітычнымі пытаннямі. Пазней ён дзейнічае ў польскай дзяржаве міжваеннага перыяду, у 1930–1935 гадах быў сенатарам. Разам з гэтым ён застаецца чалавекам сваёй зямлі: будуе дом у Галавічполі, закладвае сад.

Падчас Другой сусветнай вайны ён служыць у Войску Польскім, пасля паразы з’язджае ў эміграцыю — праз Румынію, Францыю і Вялікабрытанію. Там працягвае палітычную дзейнасць, у 1950–1955 гадах узначальвае Лігу незалежнасці Польшчы.

Тадас перайшоў у літоўскасць

Тадас Іванаўскас, малодшы з братоў, пражыў самае доўгае жыццё і найбольш паслядоўна рэалізаваў свой выбар. Яшчэ ў дзяцінстве захапіўся прыродазнаўстваў, што і вызначала яго далейшы шлях. Ён атрымаў адукацыю ў Варшаве, Пецярбургу і Парыжы. Менавіта ў часы студэнцтва ён свядома асвойваў літоўскую мову і далучыўся да нацыянальнага руху. Пасля вяртання ў Пецярбург ён узначаліў Таварыства літоўскіх студэнтаў.

У 1910-я Тадас займаўся навуковай працай, стварыў лабараторыю, арганізаваў даследчыя экспедыцыі на поўнач Еўропы.

Тадас Іванаўскас
Тадас Іванаўскас.

Пасля Першай сусветнай вайны ён вярнуўся ў Літву і ўключыўся ў будаўніцтва новай дзяржавы. Разам з жонкай заснавалі літоўскую школу, дзе выкладалі і працавалі над стварэннем нацыянальнай адукацыйнай сістэмы. Тадас стаў адным з заснавальінкаў універсітэта ў Коўне, дзе шмат гадоў працаваў прафесарам і ўзначальваў кафедру заалогіі. Там жа ён стварыў батанічны сад і заалагічны музей, а яшчэ дапамагаў стварыць Каўнаскі заапарк. Нават у савецкі перыяд Тадас працягваў адукатарскую працу.

Тадас Іванаўскас памёр у 1970 годзе.