28 чэрвеня 1942 года Янка Купала загінуў у Маскве. Існуе шмат версій смерці беларускага паэта: сярод іх фігуруе самагубства і забойства савецкімі органамі. Купала пражыў складанае жыццё, але сёння мы пагаворым пра іншае.
Янка Купала — гэта вобраз Беларусі, увасабленне беларускай душы ў творчасці. Ён — майстар розных жанраў: драмы, паэзіі, публіцыстыкі.
PALATNO расказвае пра верш Купалы «А хто там ідзе?», у якім паэт хацеў паказаць пакуты беларускага народа і прагу да свабоды.
«Нешта накшталт беларускага гімна»
«А хто там ідзе?» быў напісаны напачатку XX стагоддзя — прыкладна ў 1905-1907 гадах. Верш упершыню быў апублікаваны ў зборніку «Жалейка», які выйшаў у 1908 годзе.
Свае першыя вершы паэт падпісваў так: «Янук Купала». Менавіта так яго і назваў Максім Горкі, напісаўшы пасля выхаду верша «А хто там ідзе?», што нараджаецца новая літаратура — беларуская.
А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
— Беларусы.
А што яны нясуць на худых плячах,
На руках ў крыві, на нагах у лапцях?
— Сваю крыўду.
А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды ж нясуць на паказ сваю?
— На свет цэлы.
А хто гэта іх, не адзін мільён,
Крыўду несць наўчыў, разбудзіў іх сон?
— Бяда, гора.
А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?
— Людзьмі звацца.
Сам Янка Купала тлумачыў ідэю верша тым, што яму хацелася паказаць усяму свету, як пакутуе беларускі народ. У вершы Купала паказаў такі вобраз народа, які ідзе да сваёй свабоды з крывавымі мазалямі, з нагамі ў лапцях і… нясе сваю крыўду.
Верш высока ацанілі крытыкі. Асабліва Уладзімір Самойла, які першым ацаніў творчасць Купалы. Дарэчы, Уладзімір Самойла загінуў за год да смерці Янкі Купалы. Яго этапавалі органы НКВД з Вільні, а да гэтага ён яшчэ сядзеў у беластоцкай турме, на тэрыторыю Беларусі — і расстралялі. Самойла падкрэсліваў у сваім водгуку на верш, што ён мог атрымацца толькі ў беларуса, які нарадзіўся на берагах Віліі.
Максім Горкі казаў пра верш наступнае: «<…> нешта накшталт беларускага гімна. Мяне гэта рэч усхвалявала».
Пераклады, музыка, скульптура, фільм і карціна
Адразу пасля публікацыі верша яго пачалі перакладаць на іншыя мовы. Першай стала ўкраінская, затым літоўская, руская і чэшская. У 1982 годзе, калі святкавалася 100-годдзе з дня нараджэння Купалы, верш выдалі ў асобнай кнізе з перакладамі на 82 мовы. У 2018-м выйшла кніга з вершам на 101 мове свету.
У 1910 годзе польскі кампазітар Людамір Рагоўскі напісаў да верша музыку. Як неафіцыйны беларускі гімн яго выконвалі да Кастрычніцкага перавароту, а ў некаторых частках Заходняй Беларусі — да пачатку Другой сусветнай вайны.
Заір Азгур стварыў эскіз скульптурнай кампазіцыі па матывах верша, але яна загінула падчас Другой сусветнай. Васіль Шаранговіч і Янка Раманоўскі выканалі графічныя карціны, Валянцін Ціхановіч — ілюстрацыю, Пётр Сергіевіч напісаў палотны «А хто там ідзе?» і «Беларусы», Уладзімір Гоманаў стварыў трыпціх «А хто там ідзе?», «Паланякі», «Зямля родная».
У 2020 годзе рэжысёр Павел Нядзьведзь зняў кароткаметражны фільм «А хто там ідзе?» на матыў верша.