У верасні ў смеццевым кантэйнеры ў Вілейцы быў знойдзены чорны пакет з нованароджанымі шчанюкамі. Хтосьці выкінуў іх, абматаных пупавінамі і яшчэ сляпых. Жывёл заўважыла жанчына, якая праходзіла міма кантэйнераў. Шчанюкі выжылі, для іх знайшлі дом.
Колькасць бяздомных жывёл расце, адміністратыўныя і крымінальныя справы працягваюць паступаць у суды. Закон пра адказнае абыходжанне з жывёламі ўсё яшчэ ў распрацоўцы і можа не аказацца ў парламенце да канца тэрміна гэтага склікання.
PALATNO расказвае, як беларускае заканадаўства рэгулюе жорсткае абыходжанне з жывёламі і ці часта такія выпадкі даходзяць да судоў.
Змест
Вілы, палкі, атрута
Пад канец верасня жанчына ў Вілейцы знайшла шчанюкоў, абматаных пупавінамі: іх паклалі ў чорны пакет і выкінулі на сметнік. Шчанюкоў выратавалі і аддалі ў сям’ю. Каля месца са сметніцамі няма камер відэаназірання, таму даведацца, хто выкінуў бездапаможных жывёл, не атрымалася.
Такая сітуацыя не рэдкасць, час ад часу падобныя справы трапляюць у суды. За жорсткае абыходжанне з жывёламі ў Беларусі могуць пакараць па адміністратыўным ці крымінальным артыкулах.
Артыкул 16.29 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях «Жорсткае абыходжанне з жывёлай або пазбаўленне ад жывёлы» мае тры часткі. Па першай частцы артыкула чалавеку могуць прысудзіць штраф да 15 базавых велічынь, па другой — ад 10 да 30 базавых велічынь, а па трэцяй караюць штрафам ад 20 да 30 базавых велічынь, грамадскімі працамі ці адміністрацыйным арыштам.
Артыкул 339-1 Крымінальнага кодэкса «Жорсткае абыходжанне з жывёламі» мае дзве часткі. Па першай пакаранне прадугледжвае грамадскія працы, штраф ці папраўчыя працы да аднаго года альбо арышт. Па другой — арышт, абмежаванне волі да трох гадоў ці пазбаўленне волі да трох гадоў.
PALATNO азнаёмілася з сотнямі апублікаваных прысудаў і пастаноў беларускіх судоў за 2021-2023 гады і даведалася, як часта жорсткае абыходжанне з жывёламі станавілася прадметам судовых разбіральніцтваў. Правапарушэнні і злачынствы ў дачыненні да жывёл мелі месца амаль ва ўсіх беларускіх рэгіёнах. Трэба адзначыць, што ў банку судовых рашэнняў знаходзяцца не ўсе прысуды і рашэнні.
Усяго за дадзены перыяд было разгледжана 17 крымінальных спраў і 142 адміністратыўныя справы. У вывучаных намі крымінальных справах віну ўсіх абвінавачваных прызналі. Абвінавачваным прысуджалі розныя пакаранні: ад пазбаўлення волі да буйных штрафаў. У 38 са 142 адміністратыўных спраў фігурантаў вызвалілі ад адказнасці па розных прычынах.
Большасць правапарушальнікаў і злачынцаў у разгледжаных справах — мужчыны (падчас здзяйснення злачынстваў яны былі нецвярозымі). Сярод прылад для калецтва і забойства выкарыстоўваліся вілы, рыдлёўкі, жалезныя і драўляныя палкі, ружжы, атрута. У асноўным ад дзеянняў людзей пакутуюць сабакі і каты, але не толькі.
Колюць віламі, падпальваюць, збіваюць рукамі і нагамі
У 2022 годзе ў Шчучынскім раёне мужчына выпіў, пасля чаго забіў свайго хворага сабаку — мужчыну прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.
Прылада забойства жывёлы не заўсёды ўплывае на прысуд. Напрыклад, у 2021 годзе ў Шклоўскім раёне мужчына праткнуў галаву сабаку віламі, а гаспадар жывёлы падчас судовага разбіральніцтва прасіў закрыць справу, бо, на яго думку, правапарушэнне было нязначным. У тым жа годзе ў Карэліцкім раёне мужчына праткнуў віламі тулава бадзяжнай сабакі — яму прысудзілі штраф у 720 рублёў. Яшчэ праз некалькі месяцаў у Кіраўскім раёне разглядалі падобную справу: мужчына некалькі разоў праткнуў сабаку віламі — яго пакаралі штрафам у 580 рублёў.
Жывёлы падвяргаюцца здзекам і забойствам рознымі спосабамі. У 2021 годзе ў Столінскім раёне мужчына збіў сабаку малатком на сваім участку. Суд вызваліў яго ад адказнасці. У тым жа годзе пружанскі суд аштрафаваў прадпрымальніка на 580 рублёў за тое, што той зарубіў сякерай двух сабак. Жывёлы трапілі ў капкан пасля таго, як загрызлі авечак мужчыны. У Гродне мужчына скінуў сабаку з акна другога паверха — ветэрынары дыягнаставалі ў жывёлы пераломы. Мужчына сплаціў штраф, а лячэнне так і не кампенсаваў.
У 2022 годзе смаргонскі суд разглядаў дзве справы па адміністратыўным артыкуле за жорсткае абыходжанне з жывёламі. У першым выпадку мужчына назіраў, як яго сабакі грызлі котку, і нічога не рабіў. Яму далі штраф у 640 рублёў. У другім — мужчына выкінуў сабаку з другога паверха і атрымаў штраф у 32 рублі. У тым жа годзе у Гомелі мужчына засунуў сабаку ў пакет і выкінуў у кантэйнер для смецця. У адрозненне ад вілейскай гісторыі са шчанюкамі, у гомельскім інцыдэнце правапарушальніка знайшлі і выпісалі яму папярэджанне.
Бывае, што на лаву падсудных трапляюць супрацоўнікі жывёлагадоўчых комплексаў. У 2022 годзе ў Чашніцкім раёне судзілі шасцярых супрацоўнікаў прадпрыемства — іх дзеянні прывялі да гібелі жывёл. Сярод іншых эпізодаў, некаторыя абвінавачваныя па гэтай справе спрабавалі трактарам адцягнуць карову за рогі, і жывёла загінула. Суд усіх іх вызваліў ад адказнасці.
У 2023 годзе ў Чэрвеньскім раёне жанчына атрымала штраф у 740 рублёў за тое, што ехала на самакаце, а сабаку цягнула за сабой на павадку. Жывёла не паспявала за дзяўчынай, падала і атрымала траўмы. У тым жа годзе ў Мінску хлопец запхнуў сабаку ў партфель, паклаў туды шкляныя бутэлькі і пясок, а пасля скінуў партфель у водаканал: сабаку выратавалі, а правапарушальніка аштрафавалі на 185 рублёў. У Драгічынскім раёне на 444 рублі аштрафавалі мужчыну, які пасадзіў у мяшок двух сабак і падпаліў іх. Сабакі ацалелі.
Жывёл таксама атручваюць. У 2022 годзе ў Лунінецкім раёне жанчына ўкалола свайму сабаку раствор ядавітай чамярыцы. Жывёла загінула, жанчына сплаціла за гэта 640 рублёў штрафу. У 2023 годзе ў Баранавіцкім раёне жанчына-жывёлавод укалола двум сабакам мыш’як — сабакі памерлі, а жанчыну пакаралі штрафам у 740 рублёў. У тым жа годзе ў Свіслацкім раёне жанчына падсыпала атруту свайму сабаку ў корм, але суд вырашыў не прыцягваць яе да адказнасці.
Самы маленькі штраф за апошнія гады атрымаў мужчына з Ганцавічаў. Ён стрэліў сабаку ў вобласць паха з пнеўматычнага ружжа. На судзе віну не прызнаў, як і наяўнасць стрэльбы. Мужчына атрымаў штраф у адну базавую велічыню — усяго 29 рублёў.
У кожнай чацвёртай адміністратыўнай справе суд не прыцягваў людзей да адказнасці. У 2022 годзе на Магілёўшчыне судзілі настаўніцу за збіванне сабакі. Сцвярджалася, жанчына пнула сабаку нагой што на дзіцячай пляцоўцы. Як пазней стала вядома, жанчына абараняла сваю дачку, якую напалохала жывёла. Суд вырашыў, што настаўніца дзейнічала з крайняй неабходнасці, таму справу закрылі.
У большасці спраў, якія мы прааналізавалі, ахвярамі сталі сабакі і каты. Але пакутуюць і іншыя жывёлы. У 2022 годзе полацкі суд прысудзіў мясцоваму жыхару 480 рублёў штрафу за тое, што той спрабаваў скрасці з возера лебедзя — хапаў за шыю і некалькі разоў запіхваў у багажнік свайго аўтамабіля. У тым жа годзе ў Гродне пакаралі штрафам мужчыну за збіванне казляняці.
Штрафы, арышты, пазбаўленне волі
PALATNO прагледзела 17 апублікаваных рашэнняў па крымінальным артыкуле за жорсткае абыходжанне з жывёламі. Усе людзі, якія станавіліся абвінавачванымі, прыцягваліся да крымінальнай адказнасці: атрымлівалі буйныя штрафы, арышты на некалькі месяцаў і пазбаўленне волі.
- 2021 год, суд Аршанскага раёна і Оршы. Мужчына выпіў у кампаніі на тэрыторыі складскіх памяшканняў, а сабака адмовіўся з’есці кавалак каўбасы. За гэта мужчына ўдарыў яго па галаве і скакаў на ім. Сабака загінуў. Мужчыну арыштавалі на тры месяцы і далі штраф.
- 2022 год, суд Чачэрскага раёна. Мужчына пад мефедронам на тэрыторыі сельскагаспадарчага прадпрыемства сем разоў праткнуў нажом карову. Падчас судовага працэсу ён сказаў, што разам з яшчэ некалькімі людзьмі прыехаў на машыне да кароўніка, захацеў у прыбіральню, але пайшоў у кароўнік. Там яго ўдарыла карова, ён дастаў з кішэні нож і зарэзаў яе. Суд аштрафаваў яго на 1 600 рублёў.
- 2022 год, суд Фрунзенскага раёна Мінска. Мужчына забіў 14 катоў і запісаў відэа з іх смерцю. Заявы напісалі некалькі чалавек, якія хваляваліся за зніклых гадаванцаў. Экспертыза прызнала, што мужчына псіхічна здаровы. Яму прысудзілі тры гады калоніі, але зменшылі тэрмін прысуду ў сувязі з амністыяй з-за так званага дня народнага адзінства.
- 2022 год, суд Савецкага раёна Мінска. Жанчына скінула кошку з балкона — гэта заўважылі мінакі, якія патэлефанавалі ў міліцыю. Высветлілася, што кошку бацькам аддаў сын. Родныя ніколі не заўважалі агрэсіі жанчыны да кошкі. На судзе яна сцвярджала, што кошка ўпала сама. Ёй прызначылі штраф у 1 850 рублёў.
- 2022 год, суд Рэчыцкага раёна. Мужчына кінуў камень у сабаку (трапіў у галаву). У судзе ён заяўляў, што жывёлу забіваць не збіраўся, а проста хацеў напужаць. Гаспадар сабакі заяўляў, што мужчына спецыяльна кінуў камень у сабаку, а затым з усмешкай з’ехаў з месца здарэння. Мужчыну асудзілі на тры месяцы арышту, на два гады забаранілі займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых функцый.
- 2022 год, суд Полацкага раёна. Мужчына скінуў з балкона котку знаёмай. Котка некаторы час была жывая, запаўзла пад машыну і там ад атрыманых траўм памерла. Падчас суда мужчына расказваў, што хацеў праверыць, ці выжыве кошка, калі ўпадзе з дзясятага паверха. Па яго словах, ён загадзя ведаў, што яна наўрад ці застанецца жывая, але ўсё роўна скінуў, бо быў п’яным. Суд аштрафаваў яго на 384 рублі і арыштаваў на два месяцы.
- 2022 год, суд Першамайскага раёна Мінска. Жанчына на вачах у іншых людзей утапіла чатырох кацянят, паколькі вырашыла, што тыя не выжывуць на вуліцы самастойна. Суд пакараў яе штрафам у 960 рублёў.
- 2022 год, суд Першамайскага раёна Віцебска. Мужчына ў стане алкагольнага ап’янення хацеў пераночыць у сваёй сястры, але тая не хацела, каб ён заставаўся ў кватэры. Тады ён выкінуў котку сястры з дзясятага паверха, каб адпомсціць. Яму прысудзілі два месяцы арышту.
- 2022 год, суд Кастрычніцкага раёна Віцебска. Мужчына выкінуў з дзявятага паверха сабаку з-за таго, што той справіў патрэбу ў кватэры. Мужчыну арыштавалі на два месяцы, ён сплаціў кампенсацыю гаспадыні сабакі.
- 2022 год, суд Мінскага раёна. Мужчына забіў сабаку на вачах дзіцяці на дзіцячай пляцоўцы. Падчас следства ён прымірыўся з гаспадыняй сабакі, якая папрасіла закрыць крымінальную справу. У судзе мужчына не прызнаў віну. Яго пакаралі годам і шасцю месяцамі дамашняй «хіміі»: да гэтай справы дадалі не адбыты тэрмін па справе аб нявыплаце аліментаў.
- 2022 год, суд Лідскага раёна. Мужчына застрэліў з пнеўматычнай вінтоўкі двух сабак. Яго аштрафавалі на 2 560 рублёў і канфіскавалі ружжо.
- 2022 год, суд Лідскага раёна. У двары прыватнага дома пры малым дзіцяці мужчына восем разоў ударыў па галаве суседскага сабаку, які быў на прывязі. Раней сабака задушыў яго курэй. Мужчыну аштрафавалі на 2 240 рублёў.
- 2022 год, суд Ленінскага раёна Гродна. Мужчына павесіў у лесапарку сабаку жанчыны, якая прасіла адвезці жывёлу да яе сваяка ў вёску. Яго арыштавалі на адзін месяц.
- 2022 год, суд Жлобінскага раёна. Мужчына ў стане алкагольнага ап’янення павесіў сабаку на парэнчах. Ён забіў сабаку, бо той нібыта некалькі месяцаў да гэтага задушыў яго качак і курэй. Яму прызначылі 360 гадзін грамадскіх прац.
- 2022 год, суд Барысаўскага раёна. Мужчына ў стане алкагольнага ап’янення скінуў двух сваіх сабак з шостага паверха, бо пасварыўся са сваёй дзяўчынай, якой не спадабалася пакупка сабакі. Яго арыштавалі на тры месяцы.
- 2022 год, суд Бабруйскага раёна. Мужчыну раздражняла даччына котка, якая каўкала і ласцілася да яго. Ён пасадзіў жывёлу ў пакет і скінуў з дзявятага паверха. Мужчыну арыштавалі на два месяцы і прысудзілі да прымусовага лячэння ад хранічнага алкагалізму.
- 2023 год, суд Наваполацка. Нецвярозы мужчына некалькі разоў ударыў котку аб сцяну, бо яму не падабаўся пах з кватэры яе гаспадыні. Яго аштрафавалі на 6 660 рублёў.
Закон аб абароне жывёл толькі абяцаюць
Абноўлена 01.04.2024. Закон «Аб адказным абыходжанни з жывёламі» быў падпісаны, ён пачне дзейнічаць ад 1 студзеня 2025 года.
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч (у мінулым — пераможца конкурсу «Міс Беларусь») у апошнія гады стала тварам барацьбы за правы жывёл. Васілевіч атрымала мандат яшчэ ў 2019 годзе і з таго часу заяўляла, што рыхтуе законапраект па абароне жывёл. Тэрмін яе мандата скончыцца ў 2024 годзе, але новы законапраект дагэтуль не паступіў у парламент.
Васілевіч пачала працу над законапраектам у 2022 годзе. Дэпутатка паведамляла, што закон «пішацца з нуля», адзначала, што ён можа быць прыняты праз год. Праз некалькі месяцаў Васілевіч падтрымаў Лукашэнка, які даручыў начальніку Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Юрыю Церцелю ўзяць распрацоўку законапраекта пад кантроль. Церцель сустракаўся з Васілевіч, каб абмеркаваць праект, бо для яго ведамства гэтая сфера аказалася «не зусім профільнай».
Пад канец 2022 года Васілевіч расказвала, што ў законапраекце ўжо акрэслены галоўныя моманты. Так, напрыклад, хатніх жывёл трэба будзе абавязкова чыпіраваць. Таксама з’явіцца дакумент, які будзе змяшчаць умовы ўтрымання жывёл, правілы іх перавозкі, а таксама адказнасць гаспадароў.
У лютым 2023 года заяўлялася, што праца над законапраектам аб адказным абыходжанні з жывёламі знаходзіцца на фінальнай стадыі і хутка стане даступнай для абмеркавання грамадскасці. Аднак праект закона дагэтуль не быў апублікаваны. Апошні раз пра яго згадвалі летам: высветлілася, што кожны год колькасць бадзяжных жывёл у краіне працягвае расці, а законапраект усё яшчэ ў распрацоўцы.
19 верасня 2023 года пачалася дзясятая сесія Палаты прадстаўнікоў — гэта апошняя сесія для дэпутатаў сёмага склікання. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка заявіў, што цэнтральнае месца ў павестцы сесіі займаюць пытанні нацыянальнай бяспекі, а заканадаўчая праца ніжняй палатай парламента выканана на 90%. Сярод законапраектаў няма праекта аб адказным абыходжанні з жывёламі.
Выбары ў беларускі парламент восьмага склікання адбудуцца 25 лютага 2024 года.