
Абярэгі суправаджалі продкаў беларусаў з каменнага веку да сённяшняга дня. Іх насілі на шыі, хавалі ў розных кутках хаты, клалі ў полі і нават у труну. Чаму нашы продкі так моцна верылі ў чароўнасць прадметаў і іх магчымасць ахоўваць? Што выкарыстоўвалі ў якасці абярэгаў? І як абярэгі змяняліся з часам?
PALATNO расказвае пра беларускія абярэгі.
Змест
Зубы і кіпцюры. Што было ў першабытнасці?
Першыя абярэгі на беларускіх землях адносяцца яшчэ да палеаліту. Людзі выкарыстоўвалі зубы і кіпцюры звяроў. Ужо пазней, у часы ранняга хрысціянства, з’яўляюцца больш вытанчаныя формы: прасвідраваныя падвескі, а пазней і металічныя ўпрыгожанні.
Асаблівай папулярнасцю ў жалезным веку карысталіся лунніцы — падвескі ў форме паўмесяца. Лунніцы сімвалізавалі культ Месяца і ўрадлівасць. Цікава, што на некаторых знаходзяць і выявы крыжа — знака Сонца.
У курганах археолагі адшуквалі сапраўдныя «музеі» рэчаў, якія павінны былі абараняць і надаваць сілу таму, хто іх носіць: гэта былі мініяцюрныя сякеры (сімвал Перуна), падвескі ў форме качак, лыжак, ножыкаў, а таксама «конікаў».
У раннім Сярэднявеччы нашы продкі лічылі, што вялікая моц захоўваецца ў змеевіках — медальёнах з выявамі змей.
Не менш важнымі лічыліся каштоўныя камяні. Асаблівая ўвага надавалася бурштыну, які ўспрымалі як жывы матэрыял, што можа высмоктваць хваробу. Таму бурштынавыя падвескі былі і ўпрыгожаннем, і своеасаблівым «медыцынскім» сродкам.
Як прыродныя стыхіі сталі абаронцамі продкаў беларусаў
З часам прыродныя стыхіі сталі адыгрываць значную ролю ў жыцці нашых продкаў. Напрыклад, агонь быў адной з галоўных сіл у сістэме абярэгаў. Лічылася, што ён нёс ачышчальную сілу, а выкарыстоўвалі яго ўласна ў ачышчальных рытуалах. Змагацца з нячыстай сілай і хваробамі дапамагалі грамнічныя свечкі, полымя вогнішчаў, попел і нават дым.
У вады было падобнае значэнне. Вада магла быць ачышчальнай і лекавай. Асвечанай вадой апырсквалі людзей, жывёлу, хаты, труны перад пахаваннем.
Абярэгам успрымалі нават расу. Меркавалася, што яна ў пэўныя дні можа надаваць жывым істотам асаблівую моц і аберагаць ад рознага ліха. Па расе на Юр’е выганялі першы раз статак на поле, а на Купалле ў траве з расой качаліся.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Ці былі ў беларусаў Баба Яга і Кашчэй?
Азадак, геніталіі і фалічны культ. Што нашы продкі бачылі ў тым, што ніжэй за пояс?
Колеры жыцця і смерці: сімволіка белага, чырвонага, чорнага і сіняга ў беларускай традыцыі
Зёлкі, ежа, хрысціянства
Беларуская традыцыя багатая на «зялёныя» абярэгі. Найбольш вядомы і дагэтуль — асвечаная вярба. Ёю сцябалі людзей і жывёлу, каб надаць больш здароўя, ставілі на акно падчас навальніцы і спальвалі пры хваробах. На Купалле збіралі зёлкі, якія захоўвалі цэлы год. Іх выкарыстоўвалі ад захворванняў, вешалі на рогі каровам, а дзяўчаты насілі ў вянках на галаве. Самымі «моцнымі» раслінамі лічыліся асіна, палын, крапіва, ядловец, часнок, мята. Асаблівым таксама быў мак, які быў сродкам ад малочных ведзьмаў: ім абсыпалі хаты і хлявы, бо лічылася, што ведзьмы не змогуць зрабіць пошасці, пакуль не пералічаць усе макавыя зярняты.
З часам абярэгамі сталі лічыць ежу: велікодныя яйкі, хлеб ды соль. Гэта звязана з распаўсюдам і ўкараненнем хрысціянства. Хрысціянства змяніла абярэгі. Галоўнымі сталі крыжы, малітвы, асвечаныя рэчы і гэтак далей. Аднак нават у іх лёгка пазнаць старажытны код: усё, што фарміравала нашых продкаў, працягвала жыць у новым рэлігійным кантэксце.
Да абярэгаў адносілі вострыя жалезныя прадметы (сякера, нож, серп), якія, паводле ўяўленняў, маглі нашкодзіць розных прадстаўнікаў нячыстай сілы. Нашы продкі верылі, што абарону можна атрымаць ад адзення і арнаменту на ім: чырвоныя стужкі, паясы, вышываныя кашулі і ручнікі былі не толькі часткай строю, але і абаронай ад усяго дрэннага.
Не толькі прадметы, але і дзеянні мелі асаблівую сілу. Сапраўдным абарончым дзеяннем успрымаліся розныя абрады: калядаванне, валачобніцтва ды іншыя. Замовы і спевы толькі ўзмацнялі эфект.