Якія жанчыны ў савецкай Беларусі часцей за ўсё рабілі аборты сто гадоў таму? Гарадскія ці вясковыя жанчыны, маладыя ці старэйшыя, шматдзетныя ці тыя, хто меў толькі адно дзіця ці ўвогуле быў без іх?
PALATNO расказвае пра аборты ў БССР.
Змест
Хто і дзе больш рабіў аборты ў Беларусі
У БССР паказчык абортаў істотна адрозніваўся ў залежнасці ад месца пражывання жанчыны. У гарадах, перш за ўсё ў Мінску, колькасць абортаў была значна выйшэйшая, чым у сельскай мясцовасці. На 1 000 жанчын дзетароднага ўзросту ў гарадах прыходзілася ў некалькі разоў больш абортаў, чым у вёсцы.
Больш за ўсё аборты рабілі жанчыны ва ўзросце 20-29 гадоў у гарадах. У вёсцы аборты рабілі жанчыны ў больш старэйшым узросце.
Цікава, што дзяўчыны ва ўзросце 15-19 гадоў рабілі аборты найбольш у вёсцы.
Палова сярод жанчын, што рабілі аборты, была з чацвёртай ці яшчэ большай па ліку цяжарнасцю. У вёсках перарывалі цяжарнасць амаль 60% жанчын, у якіх была чацвёртая і большая па ліку цяжарнасць. Іншая статыстыка была ў гарадах, дзе найбольш аборты рабілі жанчыны, у якіх толькі адно дзіця.
Паводле дадзеных штомесячнага бюлетэня Цэнтральнага Статыстычнага Упраўлення за 1925 год, значная частка тых, хто звяртаўся да абортаў, былі работніцамі ці службоўцамі. Сярод сялянак і гаспадынь паказчыкі былі ніжэйшымі.
Якімі былі прычыны абортаў
Прычыны абортаў былі комплексныя і амаль заўсёды сацыяльныя. Найбольш масавай прычынай абортаў была матэрыяльная незабяспечанасць. Пасля Першай сусветнай вайны і рэвалюцыі Беларусь аказалася ў стане глыбокага эканамічнага крызісу. Для беларускай жанчыны выхаванне дзіцяці станавілася непасільнай ношай з-за нізкіх заробкаў, беспрацоўя і харчовых цяжкасцяў. Асабліва вострай праблема была ў гарадах, дзе сям’я залежала выключна ад грашовага даходу, а не ад уласнай гаспадаркі. Для маладых жанчын ва ўзросце 20-29 гадоў — сярод іх колькасць абортаў была найбольшай — гэта часта азначала выбар паміж выжываннем і мацярынствам.
Сярод сацыяльных прычын таксама фігуравалі жаданне схаваць цяжарнасць (яна пераважала ў сельскай мясцовасці), кармленне грудзьмі і шматдзетнасць.
У 1920-я гады сродкі папярэджвання цяжарнасці былі маладаступныя, дрэнна вядомыя ці ўвогуле адсутнічалі. Медыцынская асвета насельніцтва толькі пачыналася, асабліва ў сельскай мясцовасці. Для часткі жанчын аборт быў вымушаным рашэннем з-за здароўя ці вялікай колькасці дзяцей. Асабліва гэта тычылася жанчын з вёскі, якія рана нараджалі. Найбольш распаўсюджанымі прычынамі для абортаў, звязаных са здароўем, былі туберкулёз, анемія, захворванні сэрца і гінекалагічныя ўскладненні пасля папярэдніх родаў.
Што змянілася пасля забароны абортаў у 1936 годзе?
У 1936 годзе ў СССР забаранілі аборты. Аборты дазваляліся толькі калі цяжарнасць з’яўлялася пагрозай для жыцця жанчыны ці пры наяўнасці цяжкіх захворванняў бацькоў. У гарадах былі арганізаваныя абортныя камісіі, якія прымалі рашэнні па кожным выпадку індывідуальна.
У «Медыцынскім часопісе БССР» за 1939 год расказвалася пра працу абортнай камісіі ў Мінску. За тры гады ў яе звярнулася 1 033 жанчыны, правядзенне аборту ўхвалілі ў 48,5%.
Большасць жанчын, якая звярталася ў Мінску па аборт, знаходзілася ва ўзросце ад 20 да 40 гадоў.
