Сезон рондаляў і тазікаў. Чаму ў Беларусі штогод адключаюць гарачую ваду

когда отключат воду в Беларуси

Кожны год па ўсёй Беларусі праходзіць планавае адключэнне гарачай вады: камунальныя службы выконваюць прафілактычныя і рамонтныя работы трубаправодаў.

PALATNO расказвае, навошта штогод рамантуюць трубы і чаму іх дагэтуль не замянілі. А яшчэ мы пагутарылі з беларусамі з розных краін пра тое, як сезон рондаляў і тазікаў праходзіць за мяжой.

Навошта адключаюць гарачую ваду

Як правіла, у кожнага раёна, вуліцы або квартала ёсць свая кацельня, якая іх абслугоўвае. Калі яна прыпыняе сваю працу з-за правядзення прафілактычных мерапрыемстваў, то ў дамах, якія абслугоўваюцца гэтай кацельняй, будзе адключана гарачая вада.

Адключэнне гарачай вады ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Правіламі падрыхтоўкі арганізацый да ацяпляльнага сезона, яго правядзення і завяршэння, якія зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 286 ад 14.05.2020 года. У адпаведнасці з пунктам 11 Правілаў, ад 2021 года тэрмін, на які адключаюць гарачае водазабеспячэнне, складае не больш за 13 дзён. Калі правядзенне гэтых работ патрабуе больш часу, чым меркаваны перыяд адключэння гарачай вады, у плане арганізацыі работ павінны быць прадугледжаны мерапрыемствы, якія дазваляюць забяспечыць гарачую ваду пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці.

З году ў год спісы фарміруюцца па-рознаму: калі летась адключылі ваду ў маі, то сёлета могуць і ў жніўні. Складанне графікаў залежыць ад таго, якое абсталяванне кацельняў, цепласетак і цэнтральных цеплавых пунктаў (ЦЦП) будзе рамантавацца.

Звычайна камунальнікі праводзяць работы паралельна па трох напрамках: агляд і рамонт сетак водазабеспячэння, кацельняў і цэнтральных цеплавых пунктаў. Графікі работ, як правіла, прапісваюцца ў зборніку «Единая система планово-предупредительных ремонтов оборудования котельных, тепловых сетей, центральных тепловых пунктов».

Перад пачаткам выпрабаванняў праводзяць ахалоджванне цепланосьбіта, якое займае дзесьці суткі. Каля трох сутак ідзе праверка на падвышаны ціск, каб выявіць дэфектныя месцы. Затым трэба ліквідаваць пашкоджанні, зрабіць планавыя замены і рамонт. Максімальны тэрмін службы цепласеткі — 25 гадоў, таму мяняць неабходна 4% сетак у год.

Ці можна абысціся без гэтага?

Сістэма цэнтралізаванага цеплазабеспячэння, якой карыстаюцца цяпер у Беларусі, была пабудаваная яшчэ ў Савецкім Саюзе. Яе распрацавалі без уліку ўмоў эксплуатацыі, таму тэрміны старэння аказаліся значна карацейшымі, чым планавалася. Цеплатрасы, якія праклалі некалькі дзесяцігоддзяў таму, маюць патрэбу ў рэгулярнай праверцы. Без адключэння вады гэта зрабіць немагчыма.

Мадэрнізацыя існуючай па ўсёй Беларусі сістэмы цэнтралізаванага цеплазабеспячэння магчымая з выкарыстаннем сучасных сістэм трубаправодаў з палімерных матэрыялаў, разлічаных на шматгадовую (да 50 гадоў) эксплуатацыю. Каб перарабіць інфраструктуру цеплазабеспячэння на еўрапейскі манер, неабходна пабудаваць мноства дробных кацельняў (пры кожным шматкватэрным доме або ў кожным мікрараёне) для рэзервовага або нават асноўнага цеплазабеспячэння, у залежнасці ад канкрэтных умоў кожнага дома. На такую мадэрнізацыю спатрэбяцца велізарныя грашовыя сродкі, якіх у Беларусі няма.

Што адбываецца ў іншых краінах

У большасці краін свету планавых адключэнняў гарачай вады няма з-за адсутнасці сістэм цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння. Звычайна ў дамы цэнтралізавана падаецца толькі халодная вада, якая на месцы падаграваецца бойлерамі. Лакальныя воданагравальнікі і катлы стаяць альбо ў кватэрах, альбо ў падвалах шматпавярховых дамоў.

PALATNO запыталася ў беларусаў замежжа, з чым звязана адключэнне гарачай вады ў Беларусі і ці ёсць такое ў іншых краінах.

Польшча

Калі ў Польшчы праводзяцца планавыя работы, гарачую ваду могуць адключаць на дзень-два. Некаторыя дамы грэюць ваду самастойна пры дапамозе бойлераў. У такім выпадку планавыя адключэнні могуць доўжыцца да пяці гадзін.

Руслан (імя змененае ў мэтах бяспекі — PALATNO) займаўся ў Беларусі сантэхнікай. Апошнія гады ён жыве ў Польшчы. Па меркаванню Руслана, пытанне наконт адключэння гарачай вады ў Беларусі вельмі глыбокае. У Польшчы сістэма адрозніваецца ад беларускай.

— Вядома, нейкую прафілактыку для сістэмы водазабеспячэння рабіць трэба. Толькі гэта не павінна цягнуцца 10-14 дзён кожны год. Максімум — некалькі дзён і раз у 2-3 гады. Але перад гэтым трэба замяніць старыя трубы і ўсе неабходныя вузлы на новыя. У цяперашніх умовах я бачу, што ў Беларусі гэта «распіл грошай» і не болей за тое. Грошы выдзеленыя, іх трэба асвоіць. Адказныя за працу прыдумляюць схемы, як зрабіць выгляд, што нешта зроблена, і пры гэтым пакласці сабе ў кішэню. Ці троху зробяць, для выгляду, а астатняе — у кішэню.

Літва

Беларуска Маргарыта жыве ў Літве ўжо трэці год. Яна кажа, што там гарачую ваду не адключаюць. Па словах старэйшых людзей, такое было раней, «пры Савецкім Саюзе».

Напрыканцы 2020 года Маргарыта жыла ў інтэрнаце для студэнтаў у Вільні. Там праходзіў рамонт, падчас якога рабілі і трубаправод, але гарачую ваду не адключалі: «пакінулі адну палову інтэрната з вадой, пакуль рамантавалі другую, а пасля — наадварот». Беларуску гэта вельмі здзівіла.

— Зараз жыву ў кватэры і вельмі баялася ў сакавіку, што застануся без гарачай вады. Аднак яна ўвесь час была. Планавалася адключэнне гарачай вады на суткі з-за замены лічыльнікаў, але вада адсутнічала толькі тры гадзіны. Сам дом стары, савецкі, у нашай кватэры трубы таксама вельмі старыя, але яны працуюць. У Беларусі я жыла не ў кватэры, а ў доме, сутыкалася з праблемай адключэння вады толькі праз расказы сяброў. Мне падаецца, што гэта проста нейкі перажытак мінулага.

Марыя Седышова.

Вярнуцца ўгару