Больш за пяць стагоддзяў таму дачка аднаго з маскоўскіх князёў і жонка вялікага князя ВКЛ павінна была стаць мастом паміж дзвюма дзяржавамі, але ўрэшце і сама стала закладніцкай вялікай палітыкі. Жыццё Алены Іванаўны прайшло паміж дзвюма дзяржавамі, палітычнымі сусветамі і рэлігійнымі традыцыямі. Яе смерць застаецца загадкай, якую гісторыкі дагэтуль не разгадалі.
PALATNO расказвае пра Алену Іванаўну.
Змест
Дачка, якая была выхавана стаць палітычным інструментам
Алена Іванаўна вырасла пры двары Івана III у атмасферы глыбокай прыхільнасці да праваслаўнай царквы. Дзяўчына цікавілася навукай і мастацтвам, чытала рэлігійную літаратуру, атрымала адукацыю. Для бацькі, маскоўскага князя, шлюб дачкі быў не звычайнай справай, а інструментам вялікай палітыкі.
Для Алены Іванаўны планавалі некалькі шлюбных праектаў, аднак выбар спыніўся на шлюбе з Аляксандрам з роду Ягелонаў. На той момант ён быў вялікім князем літоўскім і прадстаўніком адным з самых магутных дынастый Еўропы. Іван III планаваў, што саюз яго дачкі з Аляксандрам зможа змяніць сітуацыю на вялікалітоўскіх землях і ўмацаваць там пазіцыі Маскоўскай дзяржавы. У сваю чаргу, Аляксандр і яго брат, польскі кароль Ян Альбрэхт, спадзяваліся хаця б часова стрымаць Маскву.
Перамовы пра шлюб Алены і Аляксандра пачаліся пасля падпісання мірнай дамовы паміж ВКЛ і Масквой у 1494 годзе. Супраць шлюбу выступіла маці Аляксандра, але нават яна мусіла адступіць перад воляй папы рымскага, які ўхваліў шлюб. Узімку 1494 года ў Маскве адбыліся заручыны, на якіх не было Аляксандра: яго замяніў адзін з прадстаўнікоў вялікалітоўскага пасольства.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Свідрыгайла супраць Жыгімонта. Як у Вялікім княстве Літоўскім адбылася першая грамадзянская вайна

Узімку 1495 года Алена выехала з Масквы ў ВКЛ. Бацька паклапаціўся пра багаты пасаг і падрабязныя загады. У спецыяльных лістах ён распісаў, як яго дачка павінна паводзіць сябе пры чужым двары і нават якое адзенне патрабавалася насіць.
Аляксандр сустрэў жонку ля Вільні. Вянчанне адбылося ў Віленскім кафедральным саборы, шлюб бралі паводле каталіцкага і праваслаўнага абрадаў.
Жонка караля, якая так і не стала каралевай
У Алены і Аляксандра склаліся добрыя адносіны, хоць жонка вялікага князя адмаўлялася пераходзіць у каталіцтва, што хутка расчаравала каталіцкае атачэнне двара.
Алена не толькі не адраклася ад праваслаўя, але актыўна падтрымлівала праваслаўную царкву ў ВКЛ. Менавіта гэта было планам Івана III. Праўда, супраць волі бацькі Алена Іванаўна ўсё ж такі выступіла.
З 1497 года адносіны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай пачалі пагаршацца. Іван III быў незадаволены тым, што Алена дзейнічае самастойна, а яшчэ больш яго раздражняла, што праваслаўная царква не атрымлівае тых жа бенефітаў, што і каталіцкая на тэрыторыі ВКЛ. Усё больш агрэсіўная палітыка Маскоўскай дзяржавы размясціла Алену паміж двух агнёў: непаразуменні з бацькам дайшлі да таго, што ён пагражаў ёй пракляццем, калі тая не стане выконваць яго волю.

Асабліва цяжкім становішча князёўны было падчас вайны Маскоўскай дзяржавы і ВКЛ у 1500-1503 гадах. У 1503 годзе Алена звярнулася з лістом да бацькі, у якім папракала яго за парушэнне міру і шматлікія разбурэнні. Пасля падпісання міру сувязь з бацькам была часткова адноўлена.
У 1501 годзе Алену настойліва прымушалі перайсці ў каталіцкую веру, бо менавіта ў тым годзе Аляксандра каранавалі. Алена адмовілася: яна не каранавалася і не прысутнічала на каранацыі мужа. Толькі ў 1505 годзе папа рымскі афіцыйна благаславіў шлюб Аляксандра з праваслаўнай жонкай.
Яе смерць ахутана таямніцай
У 1506 годзе Аляксандр памёр. У шлюбе ў іх не нарадзілася дзяцей. Трон і апека над Аленай перайшлі да Жыгімонта.
Прыкладна ў той жа час брат Алены, Васіль III, заняў пасаду маскоўскага князя пасля смерці іх бацькі. Ён хацеў працягваць палітыку бацькі і выкарыстаць становішча сястры ў сваіх інтарэсах. З яе падтрымкай ён спадзяваўся атрымаць пасаду вялікага князя ВКЛ, а мясцовай знаці даць значныя прывілеі.
Цікава, што Алена наадварот выканала волю памерлага мужа і падтрымала Жыгімонта, а не свайго брата.
Яшчэ ў пачатку XVI стагоддзя Аляксандр перадаў у валоданне жонцы вялікія змелі ў Віленскім і Трокскім ваяводствах, ля Менска і Гродна, на памежжы з Маскоўскай дзяржавай. Пазней Жыгімонт падарыў Алене Іванаўне Бельск, Сураж і Бранск. Яна займалася сваімі ўладаннямі, кіравала маёнткамі. Паспела заснаваць у Браславе жаночы манастыр.

Князёўна памерла ў 1513 годзе, яе пахавалі ў Вільні. Смерць Алены Іванаўны дагэтуль застаецца ахутанай таямніцай. Існуюць дзве асноўныя версіі, якія з часам аб’ядналі ў адну:
Паводле першай версіі, Алена была атручана пасля таго, як віленскі ваявода Мікалай Радзівіл западозрыў, што княгіня збіраецца вярнуцца на радзіму і далучыць усе свае землі да Маскоўскай дзяржавы. Паводле другой версіі, Алена знаходзілася ў зняволенні і памерла за кратамі ў Троках.
Хутчэй за ўсё, Алена сапраўды хацела пакінуць ВКЛ і вярнуцца на радзіму. Аднак на той час адносіны Масквы і ВКЛ былі дрэнныя, таму Жыгімонт наўрад ці даў бы дазвол на ад’езд князёўны. Алену арыштавалі разам з яе маёмасцю, якую яна планавала вывезці, у Браславе. Дарэчы, гэта стала прычынай для чарговай вайны паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ.
