Мастачка і скульптарка са славутага шляхецкага роду Алена Скірмунт пражыла нядоўгае, але насычанае жыццё. Яна часта была за мяжой — лячылася і вучылася мастацтву, удзельнічала ў Паўстанні Каліноўскага і была пакарана ссылкай за ўдзел у ім. Большасць яе твораў страчаная, але яна засталася ў вачах сучаснікаў адной з таленавітых творцаў свайго часу.
PALATNO расказвае пра Алену Скірмунт.
Змест
Хваробы не толькі не перашкодзілі ствараць, але дапамаглі
Алена Скірмунт нарадзілася ў 1827 годзе ў вёсцы Калоднае ў Пінскім павеце. Яна паходзіла з заможнай шляхецкай сям’і Скірмунтаў. Дзяўчынка яшчэ з маленства праяўляла схільнасці да мастацтва.
Алена з дзяцінства была хваравітай, таму падлеткам яе маці павезла дзяўчыну ў Вільню. Вільня змяніла яе жыццё. Там яна пазнаёмілася і пачала вучыцца ў мастака Вінцэнта Дмахоўскага.
Маці падтрымлівала мастацкія здольнасці дачкі, але больш за ўсё яе займала яе здароўе. Пасля Вільні, у 1844 годзе, яны разам выязджаюць у Еўропу: спачатку быў Берлін, Дрэздэн, а пасля Парыж.
Алена папраўляла здароўе і разам з гэтым вучылася ў мастакоў Вільгельма Краўзэ і Фогеля фон Фогельштэйна ў Дрэздэне. У Парыжы яна займалася ў скульптара Уладзіслава Аляшчынскага і мастака Напалеона Орды, які быў яе дзядзькам.
Піншчына стала галоўным натхненнем мастачкі
Пасля замежжа Алена вярнулася на радзіму, на Піншчыну. Яна працягвала займацца жывапісам — стварала замалёўкі палескай прыроды і пачынае пісаць партрэты. У пінскіх касцёлах Скірмунт рэстаўрыруе старыя абразы, працуе разам з мастаком-самавукам Канстанцінам Радыкам.
Доўга знаходзіцца на радзіме яна не змагла, бо ў яе стаў пагаршацца зрок. Яна зноў едзе ў Еўропу на лячэнне. Там яна не толькі паляпшала здароўе, але працягвала ўдасканальваць свае мастацкія здольнасці і вучыцца новаму. Так, яна пазнаёмілася з аўстрыйскім скульптарам Іосіфам Цэзарам, які дапамог Алене навучыцца і засвоіць тагачасныя віды скульптуры.
Алена Скірмунт зноў вяртаецца на Піншчыну, а ў радавым маёнтку ў Калодным стварае скульптурную майстэрню. Пасля знаёмства з Цэзарам яна пераключылася з жывапісу на скульптуру цалкам. У той жа час яна працягвае развіваць рэлігійную тэматыку ў сваім мастацтве: працуе ў касцёлах на Піншчыне і рэстаўрыруе шматлікія інтэр’еры ў іх.
Як Паўстанне Каліноўскага змяніла яе жыццё
У 1863 годзе пачалося Паўстанне Каліноўскага. Алена Скірмунт таксама прыняла ў ім удзел. Царскія ўлады арыштавалі мастачку за спробу даставіць ліст аднаму з кіраўнікоў паўстання Рамуальду Траўгурту (Траўгурта пазней пакаралі смерцю ў Варшаве). Саму Алену выслалі ў Тамбоў за ўдзел у паўстанні, а яе маёмасць і творчыя працы канфіскавалі на карысць Расійскай імперыі.

Пасля ссылкі пераехала ў Крым, а затым у Парыж. Падчас ссылкі і далей у Францыі яна працавала над самай вядомай працай — фігуркамі шахмат па матывах бітвы караля Рэчы Паспалітай Яна III Сабескага з туркамі пад Венай. Ёй дапамагаў у гэтай працы яе даўні настаўнік Іосіф Цэзар. Аднак яна так і не пабачыла фінальную версію свайго праекту.
Алена Скірмунт памерла ў 1874 годзе ў Парыжы. Сваякі Алены перавезлі яе прах з Францыі ў Пінск і пахавалі на гарадскіх могілках.
Большасць твораў Алены Скірмунт была знішчана падчас пажару ў палацы Бутрымовіча ў Пінску. Частка засталася вядома толькі дзякуючы захаваным фотаздымкам.
