Паходы на Маскву, захоп новых зямель, змова супраць брата. Як княжыў Альгерд

альгерд, вялікія князі літоўскія, князі вкл

Вялікі князь Альгерд ператварыў ВКЛ у магутную сілу ва Усходняй Еўропе. Яго прыход да ўлады быў звязаны са змовай супраць старэйшага брата і яго выгнаннем, а ў далейшым ён імкнуўся пашырыць землі Вялікага княства Літоўскага больш, чым бацька Гедымін.

PALATNO расказвае пра Альгерда.

Шлях да ўлады пачаўся са змовы

У 1341 годзе памёр Гедымін. Ён хацеў, каб яго спадчыннікам стаў сын Яўнут ад палачанкі Евы. Аднак малады князь не здолеў заваяваў аўтарытэт сярод братоў і вышэйшых колаў дзяржавы. У 1345 годзе памерла маці Яўнута, а двое сыноў Гедыміна — Альгерд і Кейстут — арганізавалі змову. Вільню занялі войскі Кейстута (Альгерд не паспеў прыехаць), а Яўнут схаваўся ў ваколіцах сталіцы. Хаваўся Яўнут нядоўга, яго схапілі, а Альгерд атрымаў вялікакняжацкі пасад, падзяліўшы краіну разам з Альгердам. Яўнут жа зноўку ўцёк: спачатку ў Смаленск, а пасля ў Маскву. Яўнут лічыцца першым князем-уцекачом з ВКЛ, які шукаў падтрымку ў Масквы.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Залаты пачатак ВКЛ. Як княжыў вялікі князь Гедымін

Праз некалькі гадоў вярнуўся ў ВКЛ і памірыўся з братамі, атрымаў Заслаўскае княства і больш ніколі не прэтэндаваў на вялікакняжацкую ўладу. Яўнут лічыцца родапачынальнікам князёў Заслаўскіх, яго сыны таксама не прэтэндавалі на пасад вялікага князя.

Так у 1340-я гады ў ВКЛ утварыўся дуумвірат. Альгерд быў кіраўніком дзяржавы, пад яго кіраўніцтвам была ўсходняя частка краіны з Вільняй, а ў Кейстута — заходняя частка з цэнтрам у Троках.

Значнае пашырэнне тэрыторый ВКЛ

У часы Альгерда з’явілася магчымасць значна пашырыць тэрыторыі ВКЛ. Залатая Арда, якая да гэтага трымала ў залежнасці шмат княстваў, аслабла праз эпідэмію чумы і ўнутраныя разборкі. Альгерд выкарыстаў шанец, каб захапіць новыя землі.

У 1350-я гады да ВКЛ далучыліся Бранскае і Чарнігава-Северскае княствы, заходняя частка Смаленскай зямлі. У 1363 годзе адбылася легендарная бітва на Сініх Водах: войскі Альгерда разам з саюзнымі князямі разбілі татар. Дзякуючы гэтаму пад кантроль дзяржавы трапіла Падолле, а Кіевам стаў кіраваць сын Альгерда Уладзімір. Ад гэтага часу ўся тэрыторыя сучаснай Беларусі ўвайшла ў склад ВКЛ, а разам з ёй — вялікія часткі сучаснай Украіны.

Для ВКЛ было неспакойна і на захадзе. Альгерд з Кейстутам доўга змагаліся з Польшчай за Галіцкую зямлю і Валынь. Пасля трох вялікіх ваенных кампаній (1349, 1366, 1377 гады) гісторыя скончылася кампрамісам: Галіцкая зямля адышла Польшчы, а ўсходняя Валынь — да ВКЛ.

Крыжакі таксама заставаліся пастаяннай пагрозай. Альгерд удзельнічаў у шматлікіх паходах супраць Ордэна. Асабліва насычанай барацьба супраць крыжацкай пагрозы была ў першыя гады прыходу да ўлады вялікага князя. Апошні паход фіксуецца ў 1370 годзе — за сем гадоў да смерці Альгерда. Крыжакоў не атрымалася канчаткова спыніць, але і яны ў сваю чаргу не змаглі зламаць ВКЛ.

Адной з мэт Альгерд бачыў аб’яднанне Русі пад уладай ВКЛ, але на яго шляху стаяла Масква. Альгерд тройчы хадзіў на Маскву (1368, 1370, 1372 гады), аднак паходы аказаліся безвыніковымі.

Асабістае жыццё Альгерда было бурным, але выклікала крызіс пасля яго смерці

Вялікі князь быў двойчы жанаты. Яго першай жонкай была віцебская князёўна Марыя, другой — цвярская князёўна Юльяна. Ад двух шлюбаў у Альгерда было 12 сыноў і 9 дачок. Усе яны дажылі да сталага веку. Большасць дзяцей былі праваслаўнымі, але пасля смерці бацькі некаторыя перайшлі ў каталіцтва.

Доўгі час сцвярджалася, што сам Альгерд быў язычнікам, аднак у летапісах ёсць сведчанні, што вялікі князь быў хрышчоны яшчэ з маленства.

У 1377 годзе вялікі князь Альгерд памёр. Пасля яго смерці пасад вялікага князя атрымаў Ягайла, які быў сынам ад другой жонкі Юльяны. Гэта адразу выклікала напружанне ўнутры краіны. Браты Ягайлы і нават дзядзька Кейстут адчувалі сябе пакрыўджанымі. Унутраная раўнавага, якая доўгі час існавала пры Альгердзе, пахіснулася.

Аднак галоўнае, што адбылося пры Альгердзе і засталося пасля яго — дзяржава-гігант, якая стала цэнтрам Усходняй Еўропы, а беларускія землі знаходзіліся ў самым яе сэрцы.

Вярнуцца ўгару