30 гадоў таму ў нарвежскім Лілехамеры прайшлі зімовыя Алімпійскія гульні. Для беларускай зборнай гэта была першая Алімпіяда ў незалежнай краіне, першая Алімпіяда пад бел-чырвона-белым сцягам і адзіная без актыўнага ўдзелу ў ёй Лукашэнкі.
Расказваем галоўныя факты пра беларускіх спартсменах на Лілехамеры-1994.
Змест
Першая Алімпіяда для беларусаў
Да выступу ў Лілехамеры ў 1994 годзе беларусы ўваходзілі ў аб’яднаную каманду СНД. Так было падчас двух Алімпіяд у 1992 годзе: летняй у Барселоне і зімовай у Альбервілі. Аб’яднаная каманда перастала існаваць пасля Алімпійскіх гульняў у Барселоне, краіны сфарміравалі свае нацыянальныя каманды.
У Нарвегію паехалі 33 беларускіх спартсмены. Яны спаборнічалі ў біятлоне, фрыстайле, лыжных гонках, лыжным дваяборстве, скачках з трампліна, канькабежным спорце і фігурным катанні.
З бел-чырвона-белым сцягам і без Лукашэнкі
Для гісторыі Алімпіяда ў Лілехамеры стала сапраўды знакавай. Упершыню ў беларускай гісторыі на Алімпіядзе быў узняты бел-чырвона-белы сцяг. Сцяганосцам стаў Яўген Рэдзькін. Дарэчы, на адкрыццё алімпійскай вёскі беларусы не паспелі, бо прыляцелі на дзень пазней у Нарвегію.
Вядома, Алімпійскія Гульні ў Лілехамеры прайшлі без Лукашэнкі. На той момант ён не быў прэзідэнтам нашай краіны. У пазнейшы час яго ўжо нельга будзе ўявіць без каментарыяў пра алімпійцаў, ён нават быў кіраўніком Нацыянальнага алімпійскага камітэту — да ўвядзення санкцый за фальсіфікацыю чарговых выбараў і адказнасць за масавыя рэпрэсіі пасля сфальсіфікаваных выбараў.
Ежа, вопратка і свой дом
На Алімпіядзе ў Лілехамеры беларусы жылі ў алімпійскай вёсцы, але ўсё роўна не разам. Лыжнікі жылі асобна ад канькабежцаў і фігурыстаў з-за таго, што выступалі ў розных і аддаленых месцах.
Лыжнік Сяргей Далідовіч у інтэрв’ю для «Трыбуны» ўспамінаў, што для алімпійцаў зрабілі дзве формы. Першая форма не спадабалася спартыўным чыноўнікам. Новую форму зрабілі Adidas: «Мне яна запомнілася тым, што апазнавальных знакаў на ёй амаль не было — толькі на куртцы быў надпіс Belarus», — расказваў Далідовіч.
На Алімпіядзе для спартсменаў зрабілі шведскі стол. Беларусы ўспаміналі, што гэта была нядрэнная ежа – лепшая, чым на Алімпіядзе ў Турыне. Па чутках, многіх спартсменаў — і не толькі беларускіх — не ўразіла італьянская ежа, якую палічылі нясмачнай, а таксама адзначалі, што яе было проста мала.
Лепшая Алімпіяда напрацягу 16 гадоў
Беларусы атрымалі два алімпійскія медалі — срэбра ў канькабежным спорце і біятлоне.
Аршанец Ігар Жалязноўскі ў Лілехамеры прабег на каньках дыстанцыю на 1 000 метраў на срэбраны медаль, першае месца засталося за амерыканцам Дэнам Джэнсэнам. Дарэчы, Жалязноўскі палепшыў свой вынік з зімовай Алімпіяды ў Калгары ў 1988 годзе. Тады беларус прабег тую ж дыстанцыю на бронзавы медаль, і быў яшчэ ў складзе зборнай СССР. Жаляўноўскі завяршыў спартыўную кар’еру пасля Алімпіяды ў Нарвегіі, але застаўся ў спорце як чыноўнік: дзесяць гадоў быў кіраўніком Беларускага саюза канькабежцаў і стаў першым прэзідэнтам Параалімпійскага камітэта Беларусі. Ён памёр у 2021 годзе.
Другі срэбраны медаль застаўся за біятланісткай Святланай Парамыгінай. Парамыгіна выйграла медаль у спрынце, яе абышла толькі канадка Мірыям Бедар. Парамыгіна — адна з самых выніковых біятланістак напачатку незалежнасці Беларусі: яна неаднаразова перамагала ў чэмпіянатах Еўропы і свету. Яна працягвала займацца біятлонам да 2001 года, а затым скончыла прафесійную кар’еру. Былая спартсменка цяпер жыве ў Мінску.
Увогуле, Алімпіяда ў Лілехамеры стала адной з самых паспяховых для беларускай зборнай амаль на два дзесяцігоддзі. На Алімпійскіх гульнях у Ванкуверы ў 2010 годзе вынік першага выступлення беларусаў на зімовай Алімпіядзе перасягнуць фрыстайліст Аляксей Грышын, біятланісты Дар’я Домрачава і Сяргей Новікаў.