
У першай палове XX стагоддзя амерыканская літаратура перажыла рэвалюцыю: з’явіліся новыя тэмы, формы і героі, якія адлюстроўвалі трывожны і імклівы час. PALATNO расказвае пра пяць пісьменнікаў, якія не толькі ўвасаблялі дух эпохі, але задалі кірунак на дзесяцігоддзі наперад.
Змест
Эрнест Хемінгуэй. Сведка страчанага пакалення

Эрнест Хемінгуэй нарадзіўся ў горадзе Оўк-Парк у сям’і доктара і пісьменніцы. З ранніх гадоў цікавіўся літаратурай і журналістыкай. Падчас Першай сусветнай вайны быў кіроўцам санітарнай машыны на італьянскім фронце, там жа быў цяжка паранены. Пасля вайны Хемінгуэй працаваў карэспандэнтам і жыў у Парыжы, дзе далучыўся да амерыканскіх інтэлектуалаў, расчараваных пасляваенным светам. Пісьменнік быў сведкам Грамадзянскай вайны ў Іспаніі, удзельнічаў у Другой сусветнай вайне. У 1961 годзе скончыў жыццё самагубствам.
Яго жыццё стала легендай, а творчасць паказвае трагічную безнадзейнасць і шукае сэнс усяго, што адбываецца ў свеце. Хемінгуэй выкарыстоўваў у сваёй літаратуры стыль, які вядомы пад назвай «тэорыя айсберга». Пісьменнік, які вырас з лаканічнай журналістыкі, скарачаў у творчасці таксама ўсё да мінімуму. Ён лічыў, што галоўнае ў творы павінна застацца не сказаным, быць падтэкстам.
Асноўныя творы: The Sun Also Rises, A Farewell to Arms, For Whom the Bell Tolls, The Old Man and the Sea
Унёсак: стварыў стыль «тэорыя айсберга», яго проза лічыцца ўвасабленнем «страчанага пакалення»
Прызнанне: Нобелеўская прэмія па літаратуры за 1954 год
Фрэнсін Скот Фіцджэральд. Хранікёр стагоддзя джаза

Фрэнсіс Скот Фіцджэральд нарадзіўся ў Сэнт-Поле ў сям’і сярэдняга класу. Ён вучыўся ў Прыстанскім універсітэце, але не скончыў вучобу, бо пайшоў у армію падчас Першай сусветнай вайны. У гэты час ён пазнаёміўся з будучай жонкай Зэльдай Сэйр, якая стала яго музай і адначасова крыніцай непрыемнасцей.
Фіцджэральд пісаў шмат кароткіх апавяданняў для часопісаў, каб утрымліваць сям’ю. Пісьменнік памёр у 44 гады ад сардэчнага прыступу.
Фіцджэральд быў аўтарам адной з самых вядомых аповесцяў пра амерыканскую мару — «Вялікі Гэтсбі». Творчасць гэтага амерыканскага пісьменніка адлюстроўвае «бурлівыя дваццатыя», які лічыўся часам багацця, гламуру і адначасова маральнага заняпаду.
Асноўныя творы: The Great Gatsby, Tender Is the Night
Унёсак: стаў аўтарам ідэальнага партрэта «стагоддзя джаза», а «Вялікі Гэтсбі» лічыцца адным з галоўных амерыканскіх раманаў
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Ад «Альпійскай балады» да «Пошукаў будучыні». Кнігі беларускіх пісьменнікаў пра вайну
Змітрок Бядуля: пісьменнік, які марыў пра нацыянальнае адраджэнне
Пяцёрка нямецкіх пісьменнікаў, творчасць якіх трэба ведаць любому чалавеку
Уільям Фолкнер. Архітэктар літаратурнага Поўдня

Уільям Фолкнер нарадзіўся ў Нью-Олбані ў штаце Місісіпі. Фолкнер не скончыў універсітэт, але з маладога ўзросту захапіўся літаратурай і спачатку пісаў вершы. Падчас Першай сусветнай вайны паспрабаваў паступіць у брытанскую ваенна-паветраную службу, хаця не ўдзельнічаў у баявых дзеяннях.
Фолкнер стаў голасам амерыканскага Поўдню — складанага рэгіёна. Такая ж складаная проза Фолкнера была насычаная ўнутранымі маналогамі і эксперыментамі з часам.
Асноўныя творы: The Sound and the Fury, As I Lay Dying, Light in August
Унёсак: стаў майстрам эксперыментальнай прозы
Прызнанне: Нобелеўская прэмія па літаратуры за 1949 год
Джон Стайнбек. Голас народа

Джон Стайнбек нарадзіўся ў Салінасе, у Каліфорніі, у сям’і нямецка-ірландскага паходжання. Ён скончыў школу і нават паспеў крыху павучыцца ў Стэнфардскім універсітэце, але хутка кінуў вучобу. Стайнбек працаваў на розных працах — будаўніком, садоўнікам, журналістам.
Стайнбек пісаў у сваіх творах пра жыццё звычайных людзей у часы Вялікай дэпрэсіі. Найбольш вядомы твор Стайнбека пад назвай «Гронка гневу» (англ. — The Grapes of Wrath, 1939 год) расказваў пра пакуты сям’і, якая губляе ўсё і адпраўляецца ў падарожжа ў пошуках працы. За гэты раман Стайнбек атрымаў Пулітцэраўскую прэмію. Стайнбек пісаў простай, зразумелай мовай.
Асноўныя творы: The Grapes of Wrath, Of Mice and Men, East of Eden
Унёсак: гуманістычнае асвятленне цяжкасцей простых людзей у часы Вялікай дэпрэсіі
Прызнанне: Нобелеўская прэмія па літаратуры ў 1962 годзе, Пулітцэраўская прэмія за 1940 год
Томас Стэрнз Эліят. Паэт дэструкцыі і надзеі

Томас Стэрнз Эліят, які больш вядомы як Т. С. Эліят, нарадзіўся ў ЗША, але большую частку жыцця правёў у Вялікабрытаніі. Ён атрымаў выдатную адукацыю, вучыўся ў Гарвардзе, Сарбоне і Оксфардзе. Пасля пераезду ў Вялікабрытанію нават прыняў брытанскае грамадзянства.
Там ён стаў адным з галоўных прадстаўнікоў англамоўнага мдэрнізму. Яго твор «Бясплодная зямля» (англ. — The Waste Land, 1922 год) стаў сімвалам духоўнага крызісу пасля Першай сусветнай вайны і лічыцца адным з самых галоўных твораў у мадэрнісцкай паэзіі.
Акрамя паэзіі Эліят цікавіўся драматургіяй, быў літаратурным крытыкам.
Асноўныя творы: Тhe Waste Land, The Love Song of J. Alfred Prufrock, Four Quartets
Унёсак: адзін з найважнейшых паэтаў мадэрнізму
Прызнанне: Нобелеўская прэмія па літаратуры за 1948 год