Now Reading
Анімэ ў Беларусі ці Беларусь у анімэ? Расказваем пра гісторыю японскай анімацыі і яе сувязь з нашай краінай

Анімэ ў Беларусі ці Беларусь у анімэ? Расказваем пра гісторыю японскай анімацыі і яе сувязь з нашай краінай

анімэ ў беларусі, анімэ па-беларуску, беларускае анімэ

Практычна ва ўсім свеце ведаюць, што такое анімэ. З кожным годам колькасць прыхільнікаў гэтага жанру працягвае расці, яго глядзяць як дзеці і моладзь, так і дарослыя людзі. Людзі пераапранаюцца ў сваіх любімых персанажаў, ладзяць фестывалі і вечарыны, адкрываюць тэматычныя крамы. Беларусь — не выключэнне. А хто прыдумаў першую японскую анімацыю? Адкуль узяліся вялізныя вочы? Якое дачыненне да гэтага мае Disney і як наша краіна трапіла ў анімэ? 

PALATNO расказвае пра гісторыю японскай анімацыі і яе сувязь з Беларуссю.

Хто прыдумаў анімэ, адкуль узяліся вялізныя вочы і пры чым тут Disney

«Анімэ» — гэта скарочаная форма японскага слова, якое ў перакладзе на беларускую мову азначае «анімацыя». Ва ўсім свеце гэтае слова выкарыстоўваюць для таго, каб спаслацца менавіта на японскі кантэнт, а ў самой Японіі яно абазначае любыя віды анімацыі.

Самую старую японскую анімацыю знайшлі ў Кіёта. Фільм складаецца з пяцідзесяці кадраў, намаляваных на стужцы цэлулоіда (празрыстых пласцінак). Для гэтага выкарысталі два колеры — чорны і чырвоны. Пры 16 кадрах у секунду анімацыя доўжыцца ўсяго 3 секунды. Мастак і аўтар фільму невядомы. Стварылі яго прыкладна ў 1907 годзе.

Менавіта ў той час пад уплывам заходняй анімацыі японскія мастакі пачыналі эксперыментаваць з тэхнікамі мультыплікацыі і распрацоўваць спецыфічныя ідэі для кантэнту. Але з-за дарагіх матэрыялаў, эканамічных крызісаў пасля стыхійных бедстваў і Другой сусветнай вайны рабіць першыя крокі было вельмі складана. 

У 1917 годзе пачалі выходзіць анімацыйныя фільмы працягласцю ад адной да пяці хвілін. Сярод іх — найстарэйшая прафесійная анімацыя Отэна Сімакава «Аповяд пра брамніка Мутудзо Імакаве», дзвюххвілінны нямы фільм «Намакура Гатана» пра самурая, які купіў тупы меч, а таксама «Урасіма Таро» — адаптацыя народнай казкі пра рыбака, які вандруе ў падводны свет. 

Вытворчасць японскага анімэ абыходзілася нашмат даражэй, чым заходняга. Да таго ж, японская мультыплікацыя цьмянела на фоне дыснэеўскіх фільмаў, якія набіралі ўсё большую папулярнасць. Але праз некаторы час японскія анімэ-фільмы пачалі выкарыстоўваць для сувязяў з грамадскасцю і рэкламных кампаній дзяржаўных устаноў.

анімэ ў беларусі, анімэ па-беларуску, беларускае анімэ
Асам Тэдзука. Фота: See page for author, Public domain, via Wikimedia Commons

На працягу многіх гадоў пасля вайны сярод насельніцтва распаўсюджвалі манга (японскія коміксы), якія адцягвалі людзей ад суровых постваенных рэалій. У 1963-м годзе японскі тэлеканал Fuji Television паказаў 30-хвілінны анімацыйны тэлесерыял пад назвай Tetsuwan Atomu (больш вядомы як «Astro Boy» або «Магутны Атам»). Шоу стала нечаканым хітом, пачаўся анімэ-бум і перыяд канкурэнцыі за тэлеаўдыторыю. А стварыў тэлесерыял аніматар Асаму Тэдзука, якога таксама называюць «Богам мангі». На Тэдзуку моцна паўплываў Disney, а менавіта персанажы з вялікімі вачыма, такія як Дональд Дак, Мікі Маўс і Бэці Буп.

Тэдзука стварыў сваіх персанажаў з аднолькавымі вялізнымі вачыма. Пазней, ужо пад яго ўплывам, іншыя мастакі пачалі маляваць падобным чынам сваіх персанажаў, і неўзабаве канцэпцыя «анімэ-вачэй» стала тэндэнцыяй. Акрамя таго, з тых часоў і да пачатку 80-х многія сцэнарысты і прадзюсары Японіі пачалі выпускаць шмат анімэ-фільмаў для экспарту. Уплыў японскага анімэ распаўсюдзіўся па ўсім свеце. 

Акрамя Тэдзукі ёсць яшчэ адзін японскі мастак Дзюн’іці Накахара, які ствараў персанажаў з густымі вейкамі, вялікімі радужкамі і вачыма і яскравым водблескам у іх.  Вялікія анімэ-вочы таксама маюць сімвалічнае значэнне. Усе ведаюць, што вочы называюць «вокнамі ў душу», або «люстэркам душы». У іх можна пабачыць эмоцыі, страхі і самыя глыбокія перажыванні чалавека. Таму, з дапамогай вялізных вачэй, іх формы, колеру зрэнак і радужнай абалонкі мастакі і аніматары перадаюць характар, эмоцыі і гісторыю персанажаў. 

Японскае тэлевізійнае анімэ з часам станавілася ўсё больш папулярным сярод моладзі за мяжой. У некаторых краінах яго раскрытыкавалі і назвалі танным, жорсткім і занадта сексуалізаваным. Некаторыя бацькі абураліся і сцвярджалі, што іх дзяцей разбэшчвае дзіўная культура Усходу. Аднак колькасць прыхільнікаў анімэ працягвае расці па ўсім свеце, у асноўным сярод моладзі. Найбольш папулярнымі лічуць працы рэжысёра Хаяо Міядзакі. Яго праца «Панесеныя прывідамі» стала першым і адзіным анімацыйным фільмам, які атрымаў прэмію Берлінскага кінафестывалю, як «Лепшы фільм», а не «Лепшы мультфільм».

Першае анімэ ў СССР

Як менавіта японская анімацыя са спецыфічнай малёўкай прыйшла ў Беларусь і заваявала сэрцы многіх дзяцей, падлеткаў і нават дарослых — невядома. Але ў савецкі кінапракат першы японскі твор у жанры анімэ трапіў у канцы 1969 года.

Гэта быў поўнаметражны мультфільм «Лятаючы карабель-прывід» —  экранізацыя аднайменнай мангі. У напісанні сцэнарыя, стварэнні дызайну персанажаў, лакацый і агучцы ўдзельнічаў малавядомы на той момант японскі рэжысёр-аніматар Хаяо Міядзакі.

Менавіта з даты першага паказу гэтага фільма ў савецкіх кінатэатрах можна адлічваць пачатак культуры прыхільнікаў анімэ ў СССР. 

Як фестывалі анімэ з’явіліся і распаўсюджваліся па Беларусі

Пачынаючы з 2006 года ў Мінску штогод праводзіцца моладзевы фестываль «Хіган», прысвечаны анімэ. Ён з’явіўся на хвалі захаплення японскай мультыплікацыяй і са звычайнай забавы ператварыўся ў сапраўднае шоу. «Хіган» стаў першым фестывалем, які аб’яднаў усіх прыхільнікаў сучаснай усходнеазіяцкай культуры ў Беларусі. У яго праграму ўвайшлі сцэнічныя выступленні, тэматычныя секцыі і майстар-класы, конкурсы касплея, караоке і аматарскіх кліпаў. З 2007-га ён стаў паўнапраўным членам Асацыяцыі анімэ-фестываляў. З 2012 года фестываль афіцыйна падтрымлівае японскае пасольства ў Беларусі.

У 2008 годзе яго перайменавалі ў фестываль сучаснай японскай культуры і анімэ, а ў 2012 — у фестываль сучаснай усходнеазіяцкай культуры. «Хіган» праходзіць штогод у канцы верасня, як мага бліжэй да дня восеньскага раўнадзенства. У перакладзе з японскага «Хіган» азначае «раўнадзенства», то-бок астранамічную змену двух сезонаў (лета і восені), і алегарычна — змену традыцыйнай і сучаснай культур.

Кожны год яго праграма фестывалю пашыраецца за кошт новых мерапрыемстваў і конкурсаў. У яе ўваходзяць дэфіле-выступы, сцэнічныя пастаноўкі і мініяцюры, выставы малюнкаў, фатаграфій, інсталяцый з шарнірнымі лялькамі, кірмашы, дзе прадаюць сувеніры, упрыгожванні, кнігі і коміксы, а таксама зона з настольнымі гульнямі.

У 2016 годзе па ўсё краіне адбылося пяць тэматычынх фестываляў для аматараў японскай культуры. У 2017 годзе — толькі два, але таксама вельмі шырокай накіраванасці. На адным з кірмашоў можна было ўбачыць нават польскі варыянт мангі. Галоўны герой шляхціц, і ў сюжэце — гістарычныя замалёўкі, традыцыйная шляхецкая культура.

Штогод анімэ-фестываль FreeTime-Fest праводзілі і ў Гомелі. Туды прыязджалі касплееры як з Беларусі, так і з Расіі. Аднак у 2023 годзе Міністэрства культуры Беларусі не дазволіла правесці фестываль. Верагоднай прычынай адмены стала з’яўленне «ПВК Редан» у Беларусі. 

У 2017 годзе з’явіўся праект «Анібел», які працуе над беларускім дубляжом і стварае субтытры. Гэта некамерцыйны праект па беларусізацыі анімэ і мангі, які папулярызуе беларускую мову і японскую культуру. Стваральнікі праекту перакладаюць мангу на беларускую мову, агучваюць і робяць субцітры для анімэ. У іх калекцыі ўжо 105 завершаных анімэ-серыялаў.

Сястра Расіі, якая яе навязліва любіць. Як Беларусь стала героем анімэ

Беларусь трапіла ў анімэ два разы. У серыяле «Хеталія і краіны Осі» героямі выступаюць сапраўдныя краіны. Ёсць там Італія, Германія, ЗША, Англія, Канада і іншыя. Сярод іх была і Беларусь. Стваральнікі паказалі кожную краіну са сваім характарам і распаўсюджанымі стэрэатыпамі, яны абпіраліся як на гісторыю, так і на сучаснасць. 

У серыяле Беларусь прадстаўлена ў выглядзе прыгожай дзяўчыны з няпростым характарам, яна — сястра Расіі і Украіны. Упершыню Беларусь з’яўляецца ў першым эпізодзе анімэ, але роля ў яе эпізадычная. Больш увагі ёй надаецца ў 42 і 43 эпізодах.

У 42 эпізодзе Расія знаёміць гледачоў са сваімі сёстрамі — сярэдняй Украінай, «на якую заўсёды можна спадзявацца», і малодшай Беларуссю, якая «проста прыгажуня». Але потым Расія агаворваецца, што абедзве сястрычкі з дзівацтвамі. Беларусь вельмі любіць свайго старэйшага брата Расію, прычым настолькі, што хоча з ім ажаніцца, яна нават нагадвае персанажа хорар-фільма. Расію гэта вельмі пужае. 

анімэ ў беларусі, анімэ па-беларуску, беларускае анімэ
Скрыншот з анімэ «Хеталія і краіны Осі».

Па заканчэнні 42 эпізода можна пабачыць кароткую характарыстыку персанажа Беларусь: «Малодшая сястра Расіі. Вечна здзяйсняе вар’яцкія ўчынкі і дастаўляе брату масу непрыемнасцяў. Яе называюць апошняй дыктатарскай дзяржавай Еўропы. І яна вельмі ўмела карыстаецца метадам бізуна і перніка. Стан яе эканомікі жудасны, але яна ўкладвае ўсе сілы і сродкі ў сельскую гаспадарку. Яна так моцна любіць Расію, што амаль забылася на сваю родную мову. Расія не надта ў захапленні, паколькі гэтая блізкасць ніколі ні да чаго добрага не прыводзіла. Але дрэнна будзе, калі Беларусь, як і Украіна, пасябруе з Амерыкай. Так што Расія ў складаным становішчы».

Крыху больш вобраз Беларусі раскрываецца ў 43 эпізодзе. Там яна вельмі раўнуе Расію да іншых краін, у тым ліку і да сваёй сястры Украіны.

Ёсць яшчэ адно анімэ, у якім паказалі нашу краіну, а менавіта Слонім. У адным з эпізодаў японскага мультфільма «Код Гіас: адступнік Акіта» дзеянне адбываецца ў беларускім горадзе, які вельмі дакладна аднавілі. Там можна пабачыць тыя ж будынкі, сінагогу, надпіс «Слонім» і цэнтр. Першымі, хто заўважыў знаёмыя мясціны, былі жыхары Слоніма. Яны выклалі відэа мультфільма і скрыншоты ў адной з груп ВКонтакте.

анімэ ў беларусі, анімэ па-беларуску, беларускае анімэ
Скрыншот з анімэ пра Слонім.

Блогер jakubik-by параўнаў фатаграфіі рэальнага Слоніма і намаляванага ў анімэ. Ён таксама знайшоў некалькі недакладнасцяў: замест Леніна на пастаменце стаіць невядомы герой выдуманай вайны, а замест шыльды «міліцыя» напісана «поліция». Але ў астатнім горад намаляваны досыць рэальна — на дахах будынкаў можна нават разгледзець антэны сотавых аператараў, а на купалах Спаса-Праабражэнскага сабора бачныя крыжы.

Як Слонім патрапіў у японскае анімэ — невядома. Магчыма, хтосьці са стваральнікаў быў беларусам. Або хтосьці з японцаў пабываў у Беларусі і натхніўся тым, што пабачыў. Магчыма, горад абралі выпадкова, па фатаграфіях. 

Вярнуцца ўгару