Скразныя каштоўнасці, гендаргэпы, уразлівыя групы — для арганізацыі «ІншыЯ» гэта не проста словы, а тое, што яна транслюе і прасоўвае ў грамадства. Тыя, каго арганізацыя падтрымлівае і робіць бачнымі для стварэння больш інклюзіўнай Беларусі. Пра беларускую моладзевую арганізацыю «ІншыЯ» паразмаўлялі з яе прадстаўніком Змітром Радзіеўскім.
Як з’явіліся «ІншыЯ» і чаму так назваліся
— На разбураным будынку «Жывой бібліятэкі» мы паклалі фундамент новай ініцыятывы, — расказвае прадстаўнік «Іншых» Зміцер Радзіеўскі. — У лютым 2022 года супольнасць «Жывая бібліятэка» вырашыла прыпыніць дзейнасць, але частка каманды мела жаданне і моц нешта рабіць разам і далей.
Так і з’явілася ініцыятыва, на той момант яшчэ без назвы, але з жаданнем змяняць беларускае грамадства.
— Мы нейкі час пыталіся зразумець, хто мы і што мы, як жа сябе назавём. Неяк так склалася, што мы заўсёды казалі пра тое, што мы ўжо не «Жывая бібліятэка», мы іншая арганізацыя, мы іншыя. Так з’явілася назва «ІншыЯ». І да даты атрымання новага імені якраз прымеркавалі дзень нараджэння арганізацыі, які мы ставім 4 сакавіка, — прыгадвае Зміцер.
Таксама на выбар назвы паўплываў філасофскі канцэпт «Іншы», які Зміцер патлумачыў так: «Людзі ў грамадстве розныя, і гэта нармальна. Вы, кожны і кожная, маеце права быць самімі сабой, быць рознымі, але пры гэтым мы ўсе роўныя ў сваёй годнасці. Вось якраз пра гэта кажа філасофскі канцэпт, які называецца «Іншы», што гэта хтосьці не я, але той, хто роўны мне. Гэты канцэпт мы выкарыстоўвалі ў «Жывой бібліятэцы». І гэта той філасофскі канцэпт, які вельмі блізкі і «Іншым».
Цяпер «ІншыЯ» — гэта зарэгістраваная ў Літве беларуская моладзевая арганізацыя, якая працуе для Беларусі і для моладзі Беларусі. Яе прадстаўнікі і прадстаўніцы жывуць у розных краінах, але імкнуцца, каб каманда была ў блізкіх стасунках, нягледзячы на фізічную адлегласць.
Чым займаецца арганізацыя
«ІншыЯ» канцэнтруюцца на двух мэтавых групах: беларуская моладзь у Беларусі і за межамі краіны, а другая група — актывісты і актывісткі.
Каманда працуе ў трох асноўных кірунках дзейнасці: прасоўванне ў грамадстве скразных каштоўнасцяў; уключэнне скразных каштоўнасцяў у працу НДА і іншых стэйкхолдараў; фарміраванне і павелічэнне ўстойлівасці ўразлівых груп да неспрыяльных знешніх фактараў.
— Пад скразнымі каштоўнасцямі асноўныя бачым такія: правы чалавека, інклюзія, гендарная роўнасць і прыязнасць да экалогіі.
Калі казаць пра прасоўванне скразных каштоўнасцяў, то яшчэ з часоў існавання «Жывой бібліятэкі» ў сакавіку ладзяць «Тыдзень нулявой дыскрымінацыі». Гэта час мерапрыемстваў, прысвечаных праблемам няроўнасці і парушэння правоў, а таксама спосабаў барацьбы з імі.
Што датычыцца ўключэння скразных каштоўнасцяў у працу арганізацый, то «ІншыЯ» працуюць з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі арганізацый і публічных прастораў як анлайн, так і афлайн. На сайце «Іншых» можна знайсці практычныя матэрыялы, як уключаць інклюзіўныя практыкі ў дзейнасць, як палепшыць мерапрыемствы і актыўнасці.
Трэці кірунак арганізацыі — фарміраванне і павелічэнне ўстойлівасці ўразлівых груп да неспрыяльных знешніх фактараў. «Іншыя» намагаюцца рабіць уразлівыя групы больш бачнымі і руйнаваць стэрэатыпы пра іх. Таму ў артыкулах і ў падкасце «Іншыя гісторыі» выкарыстоўваюць асабісты досвед прадстаўнікоў і прадстаўніц уразлівых груп. Расказваюць, з якімі складанасцямі сутыкаюцца, якія ў іх дасягненні і шмат іншага.
— У нас ёсць спіс дзесьці з дзевяці ўразлівасцяў, але наш падыход такі — спіс бясконцы, пастаянна штосьці можа зрабіць кагосьці ўразлівым ці ўразлівай. І пра гэта важна памятаць.
Каманда працуе і ў кірунку прамой дапамогі прадстаўнікам і прадстаўніцам уразлівых груп.
— Раней мы больш працавалі з уразлівамі групамі праз профільныя сервісныя арганізацыі. А цяпер лічым, што нам трэба працаваць непасрэдна.
Пра валанцёрства
Да «Іншых» можна далучыцца як валанцёр або валанцёрка і дапамагаць як анлайн, так і офлайн у тых гарадах і краінах, дзе знаходзіцца каманда. Час ад часу арганізацыя шукае людзей у каманду, таму што растуць праекты і дзейнасць.
Калі вам цікава і блізка тое, што робяць «ІншыЯ», запаўняйце анкету, каб далучыцца да валанцёрскай каманды: