Вы чытаеце:
Ад шаўковай пятлі да турмы: як Асманская імперыя знішчала свае карані

Ад шаўковай пятлі да турмы: як Асманская імперыя знішчала свае карані

турцыя, асманская імперыя, казні ў асманскай імперыі, султаны асманскай імперыі

У асманскіх палацах быў час, калі кожная смерць султана станавілася пачаткам жорсткай барацьбы за трон. Сваякі мужчынскага полу, якія яшчэ ўчора былі братамі і сынамі, сёння маглі стаць ворагамі. Новы султан, каб захаваць сваю ўладу, прымаў цяжкае рашэнне — караць смерцю сваіх братоў.

PALATNO расказвае, як з’явілася гэта традыцыя і што прымусіла Асманскую імперыю з цягам часу змяніць яе.

Хто ўвёў жорсткую практыку

Практыку смяротнай кары сваякоў-мужчын султана ў Асманскай імперыі ўвялі для прадухілення грамадзянскіх войнаў і забеспячэння стабільнасці дынастыі. Практыку пачалі выкарыстоўваць падчас кіравання султана Мехмеда II (ці Мехмеда Заваявальніка), які кіраваў у другой палове XV стагоддзя.

Да Мехмеда права пераемнасці трону не было выразна вызначанае, што прыводзіла да частых канфліктаў сярод сваякоў пасля смерці султана. Яшчэ часцей гэта прыводзіла да адкрытых сутыкненняў і грамадзянскіх войнаў, якія маглі падарваць стабільнасць Асманскай імперыі. Мехмед зразумеў, што для захавання цэласнасці імперыі і ўлады неабходна ўвесці больш жорсткія правілы.

Таму Мехмед афіцыйна зацвердзіў выкарыстанне смяротнай кары ў заканадаўстве імперыі.

Звычайна для смяротнай кары сваякоў памерлага султана выкарыстоўвалі ўдушэнне шаўковай пятлёй. Удушэнне лічылася менш крывавым і больш «‎цывілізаваным» спосабам забойства, бо ён адпавядаў мусульманскай забароне на праліццё крыві сваякоў. У працэсе забойства ўдзельнічалі асабістыя рабы-салдаты, вядомыя як капы-кулу: яны служылі султану ў якасці асабістай гвардыі.

Чаму такія пакаранні замянілі і як гэта паўплывала на Асманскую імперыю

З цягам часу практыка смяротнага пакарання пачала выклікаць незадавальненне як у грамадстве, так і ў самой дынастыі. Асманскія ўладары зразумелі, што такая палітыка не толькі жорсткая, але вядзе да знішчэння патэнцыйных таленавітых лідараў, якія маглі карысна служыць дзяржаве. У XVII стагоддзі практыка пачала змяняцца.

Султан Ахмед I, які кіраваў у 1603-1617 гады, смяротную кару паступова замянілі на зняволенне ў палацавых турмах, вядомых як кафэс («‎клетка»). Там сваякі памерлага султана знаходзіліся пад дамашнім арыштам у межах палаца, што дазваляла пазбегнуць забойстваў і падтрымліваць стабільнасць без неабходнасці фізічнай ліквідацыі магчымых сапернікаў.

Практыка смяротнага пакарання сваякоў мужчынскага полу памерлага султана хоць і дапамагала ўсталяваць пэўную форму палітычнай стабільнасці ў Асманскай імперыі, адначасова стварыла атмасферу пастаяннай параноі і недаверу ўнутры кіруючай дынастыі. Калі смяротнае пакаранне змянілі на ўтрымліванне ў кафэсе, Асманская імперыя ўсё роўна сутыкнулася з шэрагам праблем. Напрыклад, будучыя султаны былі недасведчанымі, бо праводзілі шмат гадоў у ізаляцыі і мелі абмежаваныя веды аб кіраванні.

Вярнуцца ўгару