Now Reading
Сумныя рэкорды беларускіх палітвязняў: Эдуард Бабарыка і Мікалай Аўтуховіч

Сумныя рэкорды беларускіх палітвязняў: Эдуард Бабарыка і Мікалай Аўтуховіч

эдуард бабарыка ў турме, мікалай аўтуховіч у турме

Цягам 2022 года беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі 889 чалавек. Усяго ж на канец гэтага страшнага года, які няўмольна і непазбежна заканчвае свой шлях, палітвязняў у Беларусі, паводле праваабарончага цэнтра «Вясна», налічвалася 1446. Гэтыя людзі будуць сустракаць новы год у зняволенні.

Эдуард Бабарыка

Ёсць два сумныя рэкорды. 927 дзён па стане на 31 снежня ў СІЗА знаходзіцца менеджар Эдуард Бабарыка, сын прэтэндэнта ў прэзідэнты Беларусі Віктара Бабарыкі на выбарах 2020 года. Ён кіраваў выбарчым штабам бацькі. Эдуард кіраваў вядомымі краўдфандынгавымі платформамі Ulej і MolaMola.

Яго затрымалі 18 чэрвеня 2020 года разам з Віктарам Бабарыкам. Яны ішлі ў Цэнтрвыбаркам здаваць подпісы, сабраныя за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты. Затрыманне ажыццяўляў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. У той жа дзень Эдуарда Бабарыку змясцілі ў СІЗА КГБ. У лістападзе 2021-га стала вядома, што яго перавялі ў мінскі СІЗА-1 — там яго ўтрымліваюць і цяпер.

21 чэрвеня 2021-га Эдуарду Бабрыку прад’явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса («Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры»).

У следчым ізалятары Эдуард займаецца ёгай, чытае, вучыцца маляваць і папрасіў перадаць яму кнігі па шахматах.

Два гады, шэсць месяцаў, чатырнаццаць дзён пад следствам, без суда.

Мікалай Аўтуховіч

Другі сумны рэкорд належыць беларускаму прадпрымальніку, грамадскаму актывісту, ветэрану афганскай кампаніі Мікалаю Аўтуховічу. Яго судзілі па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, а вынесены 17 кастрычніка 2022-га прысуд стаў рэкордным: 25 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму (прычым адбываць пакаранне першыя пяць гадоў Аўтуховіч мусіць у турме, астатні тэрмін — у калоніі), штраф у памеры 1 000 базавых велічынь (гэта 32 000 рублёў), а таксама яго пазбавілі звання старшага прапаршчыка ў адстаўцы.

Мікалая Аўтуховіча і яшчэ некалькіх чалавек, якія, на думку следства, былі звязаныя з ім, затрымалі ў снежні-студзені 2020 года. Улады адразу абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Усяго па «справе Аўтуховіча» праходзяць 12 чалавек.

Па версіі следства, Мікалай Аўтуховіч і яго паплечнікі ў ноч з 1 на 2 кастрычніка 2020 года падрыхтавалі запальную сумесь на аснове бензіну і іншых гаручых рэчываў. Пасля яны быццам бы аблілі гэтай сумессю і падпалілі аўтамабіль «Audi 80» і аднапавярховы жылы дом у Ваўкавыску, якія належалі супрацоўніку міліцыі. У лістападзе 2020 га яны на тэрыторыі Гродзенскага раёна быццам бы вырабілі выбухоўку на аснове трацілавай шашкі і дэтанатара, а пасля на вуліцы Вялікая Альшанка ў Гродне ўзарвалі аўтамабіль «Skoda Octavia», які таксама належаў міліцыянеру.

Абвінавачванне сцвярджала, што Аўтуховіч рыхтаваў тэракты і збіраў звесткі аб сілавіках па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў. Акрамя гэтага, «група Аўтуховіча» па іх жа ўказанні нібыта рыхтавалася захапіць расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі для катаванняў і перадачы атрыманых у іх звестак.

З абвінавачвання Аўтуховічу вынікае, што ўдзельнікаў групы ён выкарыстоўваў для збору інфармацыі аб супрацоўніках праваахоўных органаў і органаў кіравання. Гэта нібыта было патрэбна яму для запалохвання, пагроз і абраз, здзяйснення актаў тэрарызму, падпалаў, выбухаў аўтамабіляў і дамоў, для таго, каб прымусіць людзей адмовіцца выконваць свае службовыя абавязкі, і тым самым дэстабілізаваць грамадскі парадак у краіне.

Мікалай Аўтуховіч — адзін з першых вядомых беларускіх палітвязняў. 7 ліпеня 2006 года яго зняволілі на тры з паловай гады з канфіскацыяй маёмасці. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў са стратамі для бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама — у ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі і атрымання ліцэнзіі.

Суд па канфіскацыі маёмасці адбыўся пад канец 2007 г. Мікалаю Аўтуховічу пакінулі дом, у зняволенага засталася таксама аўтабаза, палова яго таксі і адзін асобны будынак. Тым часам былі канфіскаваныя 13 таксі, кватэра і два склады.

Аўтуховіч быў адным з шасці палітзняволеных, якіх вызвалілі ў выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЕС. Аднак 8 лютага 2009 года яго зноў затрымалі і ў 2010 годзе асудзілі. Здароўе Аўтуховіча тады было сур’ёзна падарванае серыяй доўгіх галадовак пратэсту і недахопам неабходнай медыцынскай дапамогі. Тады яго асудзілі на 5 гадоў зняволення за «незаконныя дзеянні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Дадаткова ён атрымаў яшчэ два месяцы быццам за тое, што новае злачынства ўчыніў у тэрмін, меншы за 2 месяцы ад часу папярэдняга пакарання. Тады ён выйшаў на волю 8 красавіка 2014 года.

Вярнуцца ўгару