«На вяку ўсяго нажывеш — і Кузьму татам назавеш». Якія беларускія прыказкі ёсць пра бацьку?

беларуская міфалогія, беларускія прыказкі, сям'я беларусаў, прыказкі пра сям'ю, прыказкі пра маці, прыказкі пра бацьку

PALATNO — пра прыказкі аб нашых бацьках.

Адкуль сіраце бацьку ўзяць

Пра стан адзіноты, пакінутасці, безнагляднасці.

«Вам даводзілася бачыць Нямігу? Не, не тую, што як вымавілася, дык і ўспомнілася, — вы падумалі пра вуліцу. Была такая, была. Вузенькая, крывая, не сказаць каб бліскучай чысціні, бо адкуль жа, як адзначыла прыказка, сіраце бацьку ўзяць?» (М. Лужанін, «Берагі залатыя Нямігі»)

Бацькоў не выбіраюць

Кажуць з незадавальненнем, калі хто-небудзь выказвае штосьці негатыўнае пра чыіхсьці бацькоў.

«— Вось што значыць не аднаго бацькі… не родныя і не чужыя… — Казала ўжо… Бацькоў не выбіраюць». (М. Воранаў, «Карона»)

Гуртам і бацьку добра біць

Сумесна, гуртам любая работа зробіцца.

«— А то мне аднаму, відаць, не ўправіцца. Гэта ўжо сапраўды. Гуртам, кажуць, і бацьку добра біць…» (А. Петрашкевіч, «Прарок для Айчыны»)

Зімняя ночка — бацьку сарочка

Пра ручное прадзіва ў доўгія зімнія ночы.

«Сабіна дзеўкаю папасядзела за тымі кроснамі, нават помніць прымаўку: зімняя ночка — бацьку сарочка. Усё самі рабілі, ткалі, кроілі, шылі». (А. Кажадуб, «Стрэчанне»)

Калі бацька рыбак, то і сын глядзіць на ваду

Дзеці пераймаюць схільнасці, прывычкі сваіх бацькоў.

«Часам гляджу на іх [сям’ю фермера] і думаю: вось каб усе ў нас так працавалі, мы б паўсвета прадуктамі завалілі. Малыя і тыя, хоць з-за руля галоўкі не відаць, а машыну водзяць, за трактар садзяцца… Праўду кажуць: калі бацька рыбак, то і дзеці на ваду глядзяць». (В. Гроднікаў, «Яд контррэвалюцыі»)

Кожны плача па сваім бацьку, як умее

Кожны дзейнічае, паводзіць сябе па-свойму, адпаведна сваім прывычкам, схільнасцям.

«Там [ва ўніверсітэце] непараўнана болей шырокае поле для ўсебаковага развіцця… А ўрэшце, кожны плача па сваім бацьку, як умее. Не буду навязваць табе сваіх думак і адносін да настаўніцкага інстытута, бо, можа, я памыляюся, а знайсці праўду і намацаць правільны шлях у жыцці не так лёгка і проста». (Якуб Колас, «На ростанях»)

Лепей кепскі родны бацька, чым добры айчым

«Яе [Вікторыю] сапраўды турбавала — ці мае яна права пазбавіць Славіка радзімы, назаўсёды адлучыць ад роднага бацькі… Ад некага яна чула — лепей кепскі родны бацька, чым добры айчым… Дык ці мае яна права рашаць такое пытанне за дзіця?» (Л. Арабей, «Перавалх»)

Малыя дзеці топчуць бацькам ногі, вялікія — сэрца

Ужываецца як сцвярджэнне, што чым большымі становяцца дзеці, тым большы клопат для бацькоў.

«— Маленькія дзеці топчуць бацькам ногі, вялікія — сэрца, — сумна сказала Ірына Уладзіміраўна. — Гэта адвечны афарызм усіх матак. Я яго чула, і неаднойчы, ад мамы, калі разышлася з мужам». (А. Шлег, «Сталінскія байструкі»)

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Беларускія прыказкі пра важную жанчыну ў вашым жыцці — маці

 

«Маеш дачку — трымай гарэлку ў глячку». Лепшыя беларускія прыказкі пра дзяцей

 

«Не вучы дзядулю кашляць». Якія ёсць беларускія прыказкі пра дзядоў?


Мой бацька нікому не вінен: у аднаго пазычыць, другому аддасць

Насмешка з таго, хто не вылазіць з даўгоў.

«Маці як пазычыць грошы і не можа іх у час аддаць, непакоіцца ўсё… Затое ж мой тата нікому не вінен: у аднаго пазычыць, другому аддасць». (С. Лобач, «Горкую лілею пакашу…»)

На вяку ўсяго нажывеш — і Кузьму татам назавеш

У жыцці здараецца так, што абставіны прымушаюць выказваць пашану каму-небудзь.

«[Пацяруха:] Ды ён не зайздросціць, ён… ад хвалявання так сказаў. Нервуецца вельмі – лекцыя пад пагрозай зрыву. [Ганна Піліпаўна:] Ад хвалявання ўсё можа быць. Нездарма ж людзі кажуць, жывучы, усяго нажывеш — і Кузьму татам назавеш». (Н. Гілевіч, «Не кажы “гоп”»…)

Не купіў бацька шапкі, няхай вушы мерзнуць

Кажуць іранічна, калі што-небудзь не ўдалося, не атрымалася або калі хто-небудзь, спадзеючыся на каго-небудзь іншага, не паклапаціўся, каб забяспечыць сябе чымсьці неабходным.

«— Чым займаешся, Саўка Лявонавіч?.. — Ды вось… галаўны ўбор майструю… — І каб неяк пазбыцца непрыемнага пачуцця, дадаў жартуючы: — Як у прыказцы той: не купіў бацька шапкі, няхай вушы мерзнуць». (М. Лынькоў, «Векапомныя дні»)

Палегчала бацьку к смерці

Гаворыцца іранічна пра пагаршэнне якой-небудзь справы.

«[Дзюбка:] Не, калі ўжо вы мяне зрабілі камерсантам, дык цярпіце, калі я хачу пазабаўляцца… [Лаўрановіч:] Як гандлюецца? Лягчэй цяпер? [Дзюбка:] Палегчала бацьку к смерці. Раней крычаў, а зараз толькі глядзіць. Нічога, кармлю сябе, і ёсць грошы на абарот». (У. Караткевіч, «Млын на Сініх Вірах»)

Прыйшлі ў маю хату і б’юць майго тату

Ужываецца з асуджэннем як пратэст супраць разбою, несправядлівасці звычайна з боку чужынцаў, захопнікаў.

«— Задзярэш зараз пяты, чорт гладкі!.. — Ану… ану, давай, паспрабуем. Бач ты, нахаба якая! Прыйшлі ў маю хату ды б’юць майго тату… Давай… паспрабуем, хто пяты задзярэ». (У. Караткевіч, «Цыганскі кароль»)

Які дуб, такі і тын, які бацька, такі і сын (які куст, такі і адростак)

Свае недахопы, заганы дзеці пераймаюць ад бацькоў.

«А-а-а, гэта ж яго сына расстралялі, бандыта. «Які куст, такі і адростак», – успомнілася Галі чутае ад людзей, калі гаварылі пра дрэнных дзяцей, нядобрых бацькоў». (Я. Ермаловіч, «Стаяў маладзік над лесам»)

Вярнуцца ўгару