Менск, Няміга, Цна. Ці ёсць балцкасць у беларускай сталіцы?

Тапаніміка беларускіх прастораў вельмі цікавая. Яна спалучае ў сябе звесткі пра шматлікія народы, што жылі на беларускай зямлі. Больш вузкай ёсць гідраніміка — яна не толькі паказвае не славянскую даўніну нашых прастораў, але і падкрэслівае балцкую спадчыну.

PALATNO расказвае пра Мінск і яе балцкія карані.

Мінск ці Менск?

Не трэба далёка ехаць, варта проста разглядзець старадаўнія назвы беларускай сталіцы — Мінска. У плане свайго старога нэймінгу Мінск — вельмі цікавы аб’ект. Назвы Мінска з’яўляюцца не толькі старажытнымі, але адсылаюць у далёкія часы — да балцкай мінуўшчыны гэтай зямлі.

Назвай Менск цяпер нікога не здзівіш. Яна пайшла ад наймення малой рэчкі Менкі. Гідронім паходзіць ад балцкай назвы «menkas», што перакладаецца як «маленькая, дробная».

рэчка менка, рэчкі ў мінску
Сучасны выгляд рэчкі Менкі. Фота: blisch.by

Найменне маленькай рэчкі Нямігі, якая сёння цячэ пад зямлёй, так і пагатоў балцкая. Літоўцы, калі будуць ехаць у мінскім метро, пачуюць для сябе да болю знаёмае слова — назву адной з цэнтральных станцый «Няміга».

І сапраўды кожны літовец ведае слова «nemiga»«бяссонніца», а націск падае на першы склад. Нездарма ў цэнтры горада ёсць кафэ з вельмі сімвалічнай назвай — «Бяссонніца».

Тапаніміка горада была змененая ў часы СССР, а штучныя назвы савецкай эпохі сталі ідэалагічнай зброяй. Сёння сталічная ўрбаніміка насычаная шматлікімі савецкімі тапонімамі. І яны, на жаль, засланяюць сабой спрадвечныя і архаічныя найменні.

Свіслач, Лошыца і Цна — водныя аб’екты сталіцы з балцкай асновай

Шэраг водных аб’ектаў у Мінску таксама маюць балцкае паходжанне. Галоўнай воднай артэрыяй сталіцы з’яўляецца Свіслач — рэчка, якая працінае сучасны горад, працякае ў раёне прыгожага Лошыцкага парка.

Наконт паходжання назвы Свіслач існуе некалькі версій. Многія з іх схіляюцца да высновы аб балцкасці наймення. Да прыкладу, рускія навукоўцы-лінгвісты Уладзімір Тапароў і Вячаслаў Іваноў у сваёй кнізе «Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья» прыйшлі да высновы, што назва Свіслачы — балцкае. Пра гэта сведчыць не толькі вакольная тапамініка балцкага паходжання, але і аналіз самой назвы.  Корань «вісл» мае індаеўрапейскае паходжанне, а фармант —ач з’яўляецца балцкім, што паходзіць ад слова «аkis» (з лілтоўскай — «вока», бо ў міфапаэтычнай традыцыі  многія вадаёмы ўспрымаліся як «вока», «акно» з таго свету і канал камунікацыі з ім).

Як сцвярджаў вядомы беларускі географ Вадзім Жучкевіч, у назвы Свіслач яцвяжскае паходжанне, што абазначае «балоцістае месца, вільгаць».

Няміга рэчка, Свіслач рэчка, мінскія вадаёмы
Няміга і Свіслач, 1903 год. Фота: wikipedia.org

Лошыцкі парк і раён Лошыца, у раёне якога цячэ Свіслач, паходзяць ад наймення вёскі. Яшчэ за савецкім часам, у 1985 годзе Лошыца была ўключаная ў межы Мінска.

Назва той вёскі паходзіць ад наймення невялічкай рэчкі Лошыца — і яна таксама мае старажытныя карані. У Лошыцы — памяншальная форма ад Лошы — таксама балцкае паходжанне. Як і назвы літоўскіх рэк, па тыпу Laš-upis, рачная назва Лоша можа быць звязаная або з літоўскі lašas — «кропля», lašeti «капаць», lašmuo «месца ў возеры, дзе ўцякае ці выцякае рэчка», або з літоўскім lašis — «ласось», lašeti — «блішчэць».

Першапачатковае значэнне старадаўняй назвы балцкага паходжання магло быць як «ціхаплынная» або «ласасіная», ці нават «блішчастая».

рэчка лошыца, раён лошыца ў мінску
Выгляд рэчкі Лошыца. Фота: wikipedia.org

Шмат хто з мінчукоў у летні час выязджае на Цнянскае вадасховішча, але не задумваецца адкуль такая незвычайная назва. Вадасховішча адпаведна пастала на рэчцы Цна, якая з’яўляецца левым прытокам Свіслачы, і, хутчэй за ўсё, таксама мае балцкае паходжанне.

Назва з цягам часу зведала эвалюцыю: Цна < *Тъсна̄ < балцк.*Tusnā. З балцкай лексікі да гэтага гідроніма найбліжэйшае прускае tusn(а)s «ціхі», прускі тапонім Tuseine. Далей да прускага *tusitwei —«маўчаць», балцкага — *taus– / *tus «супакойваць, маўчаць, супакойвацца», індаеўрапейскага — *taus– «ціхі, маўклівы».

Таму назву Цна можна расшыфраваць як «ціхая, спакойная».

цна, цнянскае вадасховішча
Рэчка Цна — левы прыток Свіслачы. Фота: wikipedia.org

«Шакоціс» у «Суседзях» і літоўскія надпісы ў мінскіх дварах

Гэткая повязь са старадаўнімі каранямі часам праяўляецца зусім у побытавых і нават банальных з’явах. Летась у сеткавай краме «Суседзі» стала прадавацца мучная слодыч «Шакоціс» па ўсёй Беларусі. Мучная слодыч «Шакоціс» у сетцы крам «Суседзі» — гэта набор з шасці-сямі кавалачкаў торта, якія спакаваны ў аднаразовыя пластыкавыя кантэйнеры. Прычым выпякаюцца яны ва ўласных пякарнях гандлёвай сеткі. Бадай гэта першы выпадак шырокага продажу шакоцісаў у беларускіх крамах.

шакоцісы ў суседзях, што такое шакоціс, шакоціс літоўскі торт слодыч
Слодыч мучная «Шакоціс» у беларускай краме «Суседзі». Фота аўтара

 

Нягледзячы на тое, што ў крамах «Суседзяў» прадаюць шакоцісы па кавалачках, кіраўніцтва гандлёвай сеткі хутчэй нават не падазраюць аб існаванні падобнай кулінарнай традыцыі і ў беларусаў.

Пра існаванне галінастага торт казалі беларускія этнографы ў Заходняй Беларусі, блізкай да мяжы з Польшчай. Толькі на Свіслаччыне, дзе зафіксавана гэтая кулінарная традыцыя, падобны торг называюць банкуха.

ШТО ЗА БАНКУХА
Поразаўская банкуха — гэта кандытарскі выраб, які пячэцца каля адкрытага жару ў печы. У Поразаве яго лічаць хто тортам, хто пірагом. Яго гатуюць на вяселле, радзіны, дні нараджэння ці іншыя вялікія святы. Для прыгатавання цеста неабходны 60 яек, кілаграм вяршковага масла вышэйшай тлустасці, кілаграм смятаны вышэйшай тлустасці, кілаграм мукі, кілаграм цукровай пудры, ванілін.
што такое банкуха, беларускі слодыч банкуха
Працэс выпякання поразаўскай банкухі. Фота: belta.by

Наогул як літоўскі шакоціс, так і беларуская банкуха паходзяць ад адной кулінарнай традыцыі — вясельнага торта нямецкага паходжання пад назвай Baumkuchen. Беларускае найменне торта «бункуха» адпаведна крыху змененае на слой капыл нямецкае слова.

Тым не менш шакоціс у «Суседзях» — з’ява цікавая, і толькі падкрэслівае тое, што сённяшнія беларусы і літоўцы блізкія народы, якія стагоддзямі жылі ў адной дзяржаве — спачатку Вялікім княстве Літоўскім, пасля ў Рэчы Паспалітай.

Іншы выпадак толькі падкрэслівае гэтую тэзу, нагадваючы аб тым, што ў беларусаў таксама ёсць балцкія карані. Аднойчы аўтар гэтага артыкулу заўважыў у раёне станцыі Акадэміі навук чырвоны Volkswagen з беларускімі нумарамі. На заднім шкле ў яго месцілася фраза на літоўскай мове: «Nebūk be ryšio — prisijunk prie mūsu», што азначае «Не будзь афлайн-далучайся да нас!». Добрая і пазітыўная фраза, якая можа з’яўляецца дэвізам і слоганам для кожнай арганізацыі ці актыўнай ініцыятывы. Паказальная знаходка машыны, што толькі падкрэслівае балцкія карані беларускай сталіцы.

мінскія аўто, аўтамабілі ў мінску
Машына з дывізам-фразай на літоўскай мове. Фота аўтара

Разам з тым цікавая знаходка падштурхоўвае да думкі, што трэба больш актыўна звяртацца да нашых глыбокіх каранёў і шырока агучваць уключанасць беларусаў да балцкага рэгіёна.

Калі адкінуць штучны і ненатуральны пласт тапанімікі Мінска, то можна знайсці шмат агульнага з літоўцамі, не гаворачы пра тое, што стагоддзямі мы жылі ў адной дзяржаве. А старажытная тапаніміка толькі нагода, каб згадаць гэтую блізкасць.

Аўтар Хведар Прылёпаўскі

Вярнуцца ўгару