«Банда Марозава» — найбуйнейшая арганізаваная злачынная групоўка, якая існавала з канца 1990-х гадоў па 2004 год у Гомелі і Гомельскай вобласці. На рахунку бандытаў — больш за 60 эпізодаў розных злачынстваў, у тым ліку: забойствы, замахі на забойства, згвалтаванні, вымаганне, паборы з прадпрымальнікаў, незаконнае выкарыстанне зброі. Арганізатарамі банды выступілі Сяргей Марозаў і Міхаіл Мацюшкоў — на той момант яшчэ падлеткі.
PALATNO расказвае, як непаўналетнія хлопцы ў 90-х гадах мінулага стагоддзя стварылі самую жорсткую злачынную групоўку Беларусі і трымалі ў страху ўвесь Гомель.
Змест
- Пагражалі, збівалі, кралі аўтамабілі. З чаго пачалася банда
- Скінулі ў ваду целы братоў, а затым утапілі іх жывых сяброў. Хто станавіўся ахвярамі «марозаўцаў»
- Разборкі бандытаў з іншымі групоўкамі. Як сілавікі раскруцілі справу «марозаўцаў»
- Разборкі не заканчваюцца. Забойства яшчэ аднаго крымінальнага аўтарытэта
- Расследаванне, новыя доказы і прысуды
Пагражалі, збівалі, кралі аўтамабілі. З чаго пачалася банда
Сяргей Марозаў нарадзіўся ў 1967 годзе ў Луганскай вобласці Украінскай ССР. У школе вучыўся дрэнна, заставаўся на другі год, канфліктаваў з настаўнікамі. Нярэдка злоўжываў алкаголем. Упершыню да адказнасці 17-гадовага хлопца прыцягнулі ў 1984 годзе: абвінавацілі ў забойстве пры перавышэнні межаў неабходнай абароны. Праз год ён выйшаў на волю, але зноў адправіўся за краты, толькі на гэты раз — за крадзяжы. У 1987 годзе Сяргея асудзілі за прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў, яшчэ праз некалькі гадоў — за хуліганства.
Менавіта ў калоніі для непаўналетніх Сяргей Марозаў пазнаёміўся са сваім будучым сябрам і напарнікам Міхаілам Мацюшковым. За досыць кароткі час Сяргей і Міхаіл сабралі вакол сябе крэпкіх маладых хлопцаў. Многія з іх раней ужо адбывалі пакаранне ў месцах пазбаўлення волі.
Пад кантролем «марозаўцаў» быў Заводскі Сельмашаўскі мікрараён, таму што менавіта там вырасла большасць членаў банды. Сваю дзейнасць яны пачалі з рэкету. Банда распрацавала некалькі спосабаў ціску і вымагання — праз пагрозы, збіванне, знішчэнне маёмасці і крадзеж аўтамабіляў. У спіс ахвяр трапілі не толькі гандляры гарадскіх рынкаў, валютчыкі, таксісты і прастытуткі, але і прадпрымальнікі, якія мелі свой бізнес. Тыя, хто адмаўляўся плаціць, у выніку плацілі яшчэ больш. Некаторыя прадпрымальнікі нават з’язджалі з горада. Калі пацярпелыя звярталіся ў сілавыя органы, «марозаўцы» запалохвалі іх, і тыя забіралі заявы.
Марозава за яго жорсткасць называлі «адмарожаным». Ён жадаў стаць самым значным крымінальным аўтарытэтам і падпарадкаваць сабе ўвесь горад. У яго таксама былі і праціўнікі — іншыя крымінальныя аўтарытэты, якія не хацелі падпарадкоўвацца бандзе. Яны і сталі першымі ахвярамі групоўкі.
Звычайна члены банды прадстаўляліся супрацоўнікамі міліцыі і так выводзілі сваіх будучых ахвяр на двор. Потым везлі іх на лецішча ў Гомельскім раёне і забівалі. Усе даказаныя злачынствы «марозаўцы» здзяйснялі менавіта з восені да вясны, каб пазбегнуць непажаданых сведак.
Скінулі ў ваду целы братоў, а затым утапілі іх жывых сяброў. Хто станавіўся ахвярамі «марозаўцаў»
Адной з першых ахвяр групоўкі стаў крымінальны аўтарытэт Яўген Пстыга. Ён выйшаў з турмы і запатрабаваў у Марозава, каб той падзяліўся сваім прыбыткам. Праз некаторы час Пстыгу знайшлі ўтопленым.
Але першым даказаным забойствам групоўкі лічыцца забойства ў 1991 годзе. Яшчэ ў лістападзе 1990 года ў прыяцеля Марозава — Міхаіла Гаўрыленкі — у аўтамабільнай аварыі загінуў брат. На пахаванні Гаўрыленка сказаў, што за брата заб’е ўсіх. За стырном знаходзіўся мужчына з прозвішчам Сомаў. У красавіку наступнага года Сяргей Марозаў і Ігар Данчанка сілком пасадзілі Сомава ў машыну і вывезлі ў лес недалёка ад вёскі Чкалава Гомельскага раёна. Спачатку мужчыну раздзелі да пояса, збілі, па чарзе стрэлілі з пісталета і закапалі ў зямлю. Вядома, што на той момант Сомаў быў яшчэ жывы.
Пасля гэтага забойства да банды Марозава пачалі далучацца ўсё больш новых членаў: Аляксандр Астрацоў-Гутыра (Афоня), Ігар Данчанка (Данік), Аляксандр Семчанка (Сёма), Віталь Зайцаў (Крэсця), Сяргей Макееў, Павел Якішкін, Альберт Каверзін, Ігар Лявонаў (Леон), Алег Фаменка, Мікалай Лосеў. У 1993 годзе ў банду трапіў Валерый Гарбаты па мянушцы Фашыст. Яшчэ праз год, у 1994-м, шэрагі банды папоўнілі Аляксандр Іваноў (Івашак), Уладзімір Бордун (Борман), Аляксандр Гутараў, браты Алег і Ігар Янковы (Янэкі), Ігар Лявончыкаў (Лімон), Аляксандр Кавальчук (Кэмэл). Удзельнічалі ў бандзе таксама Міхаіл Гаўрыленка (да 1994 года), Мікалай Жосткі (да лютага 1995 года), Сяргей Кузняцоў (да красавіка 1995 года).
Акрамя пабораў і забойстваў, Марозаў мог падысці да любой дзяўчыны, якая яму падабалася, схапіць яе і сілком зацягнуць у машыну. У ліпені 1994 года так адбылося з Таццянай Салаўёвай. Дзяўчыну прывезлі ў прыватны дом на ўскраіне Гомеля, дзе згвалтавалі і забілі. Рукі і галаву ёй адсеклі сякерай, каб ускладніць ідэнтыфікацыю трупа, і закапалі каля могілак, а тулава ўтапілі ў кар’еры. Праз некалькі дзён раздзелены труп знайшлі. Бацькі Таццяны так і не змаглі апазнаць астанкі дачкі. Труп дзяўчыны пахавалі на могілках пад нумарам 900 як невядомы. Толькі паўторная генатыпаскапічная экспертыза ў канцы 2004 года даказала, што загінулая — Таццяна Салаўёва.
Першапачаткова ў знікненні дзяўчыны падазравалі яе блізкага сябра — Віктара Некрасава. Мужчына быў знаёмы з Марозавым і ў знікненні Таццяны абвінаваціў яго. Пасля гэтага ў мэтах сваёй бяспекі Некрасаў разам з братам вырашыў з’ехаць у Вільню. Праз некаторы час «марозаўцы» заспелі братоў, калі тыя разам з двума знаёмымі збіраліся вяртацца ў Гомель. Некрасавым прапанавалі начлег недалёка ад Гомеля, ля вёскі Старыя Дзятлавічы.
Калі браты Некрасавы зайшлі ў дом, то «марозаўцы» павалілі іх на падлогу і сталі збіваць. Братам пагражалі агнястрэльнай зброяй, патрабавалі расказаць пра свае падазрэнні з нагоды забойства Салаўёвай. У выніку Некрасавых зарэзалі, а іх сяброў, якія былі разам з братамі, адвезлі на бераг Сожа. Там з мужчын знялі вопратку, да іх ног і трупаў братоў прывязалі металічныя тракі і вывезлі на лодцы на сярэдзіну ракі. Спачатку скінулі ў ваду целы братоў, а затым утапілі іх жывых сяброў. Праз некалькі дзён машыны зніклых прыяцеляў былі знойдзены ля грузавога порта каля вёскі Асаўцы. Пазней у рацэ адзін за адным усплылі і чатыры трупы.
Крыху пазней «мароўзаўцы» змаглі падпарадкаваць сабе іншую буйную злачынную групоўку Гомеля (ў яе ўваходзіла некалькі дзясяткаў чалавек) — «пажарнікаў».
У красавіку 1995 года Марозаў пасварыўся са сваім прыяцелем — міліцыянерам Ягоравым. Сварка дайшла да таго, што Марозаў некалькі разоў стрэліў у Ягорава, і той памёр. Праз суткі непадалёк ад месца забойства Ягорава знайшлі яшчэ аднаго мёртвага мужчыну, а ў яго штанах — пісталет, з якога напярэдадні забілі міліцыянера.
Разборкі бандытаў з іншымі групоўкамі. Як сілавікі раскруцілі справу «марозаўцаў»
У 1995 годзе зніклі яшчэ тры чалавекі, якія былі датычныя да крымінальнай дзейнасці. Па словах старэйшага следчага па асабліва важных справах рэспубліканскай пракуратуры Генадзя Трубачкіна, з расследавання гэтай справы і пачалося выкрыццё «марозаўскай» банды. Сваякоў зніклых пераконвалі, што нічога з іх блізкімі не здарылася, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы доўгі час адмаўлялі.
Асаблівую ўвагу следчага прыцягнула яўка з павінай у 1998 годзе. У злачынстве прызнаўся нехта Сяргей Вінаградаў (імя і прозвішча яго, а таксама большасці пацярпелых ад «марозаўцаў» людзей зменены), які знаходзіўся ў СІЗА за іншае злачынства. Мужчына расказаў, што каля трох гадоў таму разам з двума прыяцелямі не па сваёй волі ўдзельнічаў у забойстве Ігнаценкі, Пігаса і Грэбня. Вынікі праверкі гэтай заявы не пацвердзіліся, і справу прыпынілі.
Вінаградаў сцвярджаў, што ў дачным доме, куды дзесяць гадоў таму бандыты прывезлі яго і іншых, былі падземны гараж і высокі ганак, а ў лесе каля месца пахавання трупаў стаяла драбіна. Аднак нічога падобнага следчая група не знайшла. Пошукі працягваліся каля васьмі месяцаў, да чэрвеня 2005-га. У лесе ў Гомельскім раёне, за дзесяць кіламетраў ад месца першапачатковых пошукаў, былі знойдзены астанкі трох чалавек. Экспертыза паказала, што яны належалі Ігнаценку, Пігасу і Грэбню і што ўсе гэтыя асобы былі забітыя.
Ігнаценка, Пігас і Грэбень аказаліся не простымі людзьмі. Высветлілася, што Марозаў і Ігнаценка раней адбывалі разам пакаранне. Ігнаценка таксама быў крымінальным аўтарытэтам у Гомелі і хацеў кантраляваць тэрыторыю. «Марозаўцы», у сваю чаргу, жадалі адстаяць свае пазіцыі. Бандыты Марозава ўзялі ў палон Сяргея Вінаградава, пагражалі яму расправай над яго жонкай і дзіцём, таму той і пагадзіўся на захоп Ігнаценкі менавіта ў сваёй кватэры, што і здарылася. Потым Ігнаценку разам з сябрамі адвезлі на лецішча: адзін з удзельнікаў банды, Валерый Гарбаты, пятлёй прыдушыў Ігнаценку. Пасля гэтага Вінаградава і яго сяброў пад пісталетамі прымусілі, каб тыя металічнымі прутамі дабілі сваіх прыяцеляў. Затым забітых скінулі ў яму, а для страхоўкі прайшліся нажом. Вінаградава і яго сяброў адпусцілі.
Начальнік упраўлення крымінальнага вышуку абласнога УУС Мікалай Лосеў адразу ж пасля заявы Вінаградава паведаміў пра гэта Марозаву. Каб замесці сляды, бандыты ліквідавалі ўсе прыкметы мясцовасці: разламалі драбіну, знеслі слупы з дарожнымі знакамі. Лосеў быў даўнім прыяцелем Мацюшкова і Марозава. За тое, што ён садзейнічаў «марозаўцам», тыя яму шчодра плацілі — прыкладна тысячу долараў у месяц. За асабліва важныя звесткі — да 2 тысяч долараў.
У жніўні 2004 года пошукі былі адноўлены. Сяргей Вінаградаў зноў пацвердзіў, што ўсё, што ён расказваў, не выдумка. Па яго словах, забойства спланавалі члены банды Сяргея Марозава. У Санкт-Пецярбургу адшукалі яшчэ аднаго ўдзельніка тых падзей, і ён таксама не стаў нічога адмаўляць. Але каб даказаць факт забойства, неабходна было знайсці трупы.
Разборкі не заканчваюцца. Забойства яшчэ аднаго крымінальнага аўтарытэта
У 1996 годзе на аўтазаправачнай станцыі ў Гомелі быў застрэлены Міхаіл Мацюшкоў. Пасля яго гібелі Марозаў стаў аднаасобным і паўнапраўным верхаводам банды. Адзінай перашкодай быў Віктар Асіпенка па мянушцы Кабан — лідар іншай злачыннай групоўкі. Менавіта яго Марозаў падазраваў у сувязях з людзьмі, якія арганізавалі забойства Мацюшкова. Асіпенка перашкаджаў Марозаву захапіць аднаасобную крымінальную ўладу ў горадзе. Кабан ведаў пра гэта і збіраўся з’ехаць з Гомеля, але не паспеў.
«Марозаўцы» Гарбаты і Каверзін пайшлі ў рыэлтарскую кантору і паспрабавалі ўзяць у арэнду на кароткі тэрмін кватэру ў раёне рынка «Давыдаўскі». Супрацоўнікаў фірмы здзівіла, што кліентаў не цікавіла абстаноўка жылога памяшкання — толькі размяшчэнне кватэры, а менавіта, каб з яе вокнаў добра праглядаўся дом №60 па праспекце Кастрычніка. Гэта быў той дом, дзе жылі бацькі Асіпенкі.
У дзень, калі Асіпенка збіраўся з’ехаць з Гомеля, ён зайшоў да бацькоў. Яго забойцы ўжо чакалі мужчыну на выхадзе з пад’езда. Як толькі Асіпенка сеў у аўтамабіль, з праходу паміж дамамі выйшлі два чалавекі з аўтаматамі і абстралялі машыну. Кіроўца змог з’ехаць, а Асіпенка і яго сын памерлі па дарозе.
Расследаванне, новыя доказы і прысуды
Банда Марозава ліквідавала ўсіх злачынных лідараў — сваіх канкурэнтаў. Бандыты перасталі хавацца па лецішчах, а Марозаў меў сувязі ў праваахоўных органах. Яму плацілі бізнесмены ды іншыя падпарадкаваныя бандыцкія групоўкі. Архівы міліцыі ўсё часцей папаўняліся крымінальнымі справамі па фактах забойстваў і знікнення людзей. Жыхары горада баяліся выходзіць з дому.
У пачатку 2004 года ў МУС і адміністрацыю Лукашэнкі людзі пачалі ананімна дасылаць лісты з просьбай спыніць бясчынствы на вуліцах. Была сфарміравана зводная аператыўна-следчая група з супрацоўнікаў Генеральнай пракуратуры і галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС.
Расследаванне справы засакрэцілі: ніхто не ведаў, што аператыўнікі з Мінска знаходзяцца ў Гомелі. Дапытвалі сведак, падымалі нераскрытыя крымінальныя справы. Па словах аднаго са следчых, дзякуючы Вінаградаву атрымалася знайсці ў лесе трупы некаторых ахвяр банды.
Праз некаторы час Марозаў даведаўся, што за ім сочаць, але паводзіў сябе спакойна. Ён вырашыў, што следчыя з Мінска нічога не знойдуць. Але паступова з’яўляліся новыя доказы, факты назапашваліся, і гэта дапамагло знайсці след, які прывёў да бандытаў. За некалькі сутак затрымалі самых актыўных членаў банды, а сам Марозаў знік. Указанні ён раздаваў праз мабільныя тэлефоны, якія пастаянна мяняў. Штодня да яго прыязджалі сувязныя і дакладвалі аб тым, што адбываецца. Крыху пазней следчыя даведаліся пра яго месцазнаходжанне. Марозаў хаваўся ў вёсцы Карпаўка, што на мяжы Беларусі і Украіны. Яго затрымалі і адправілі ў Мінск. У Гомелі пачаліся масавыя ператрусы.
Першы маштабны суд над «марозаўцамі» адбыўся 1 снежня 2006 года. На лаве падсудных знаходзілася больш за 40 чалавек. Суд выслухаў дзясяткі сведак. Сяргея Марозава, Валерыя Гарбатага і Ігара Данчанка прысудзілі да смяротнага пакарання. Астатнім фігурантам справы далі ад шасці да 20 гадоў пазбаўлення волі. Начальніка крымінальнага вышуку УУС па Гомельскай вобласці Мікалая Лосева асудзілі на 18 гадоў.
Ёсць і тыя, хто здолеў збегчы. Напрыклад, бандыт па мянушцы Дзербень — актыўны ўдзельнік групоўкі Марозава. Уцёк у 2004 годзе, у 2005-м яго завочна заключылі пад варту. У міжнародны вышук па лініі Інтэрпола яго абвясцілі ў 2006 годзе з вялікім спісам учыненых злачынстваў: ад крадзяжоў да забойстваў. Праз 15 гадоў яго знайшлі ва Уладзівастоку. Беларуская Генеральная пракуратура запытала дазвол на экстрадыцыю. Пад вартай Дзербень прабыў да снежня 2020 года. Затым яго этапавалі ў Беларусь. Тут яму прад’явілі абвінавачванне па трох эпізодах забойстваў.
Ігар Кулеўскі (Харок), адзін з кілераў, якім кіраваў Дзербень, быў абвешчаны ў вышук у студзені 2005 года. У 2007 годзе да пошукаў быў прыцягнуты Інтэрпол. Затрымалі Кулеўскага 6 жніўня 2010 года ў Алексінскім раёне Тульскай вобласці з падробленым пашпартам грамадзяніна Расіі. Увесь гэты час Ігар Кулеўскі жыў на лецішчы мясцовага крымінальнага аўтарытэта. У 2010-м Кулеўскага судзілі ў Расіі за фальшывы пашпарт, а рашэнне аб экстрадыцыі пастаянна адкладвалася. Ён звяртаўся ў Генпракуратуру Расіі, Еўрапейскі суд па правах чалавека, таму ў 2012 годзе Кулеўскага выпусцілі на волю. Інфармацыі аб тым, дзе ён знаходзіцца зараз, няма.