Барбара Вержбаловіч — беларуская оперная спявачка з цяжкім лёсам

галіна вержбаловіч, галіна вербіч, оперная спявачка вержбаловіч, оперныя спевакі з беларусі

Больш за сто гадоў таму нарадзілася беларуская оперная спявачка Барбара Вержбаловіч. Яна будавала кар’еру ў Беларусі, і толькі ў 40 гадоў змагла скончыць кансерваторыю. Падчас Другой сусветнай вайны з’ехала спачатку ў Германію, а потым у ЗША. Ад выдачы савецкім чэкістам яе выратаваў выпадак — ліст у часопіс у гады вайны. Вержбаловіч не магла застацца на радзіме, але працягвала працаваць для Беларусі да канца жыцця.

PALATNO расказвае пра Барбару Вержбаловіч.

Кар’ера, выратаванне пляменніцы, праца ў акупацыі

Барбара Вержбаловіч, якая таксама была вядомая пад прозвішчам Вербіч, нарадзілася ў 1901 годзе. У сям’і Вержбаловічаў было пяцёра дзяцей. Па ўспамінах яе пляменніцы, Галіны Руднік, ва ўсіх членаў сям’і былі добрыя галасы. Старэйшая сястра асела ў Маскве, сын Аляксандр знік пасля Першай сусветнай вайны.

З братам Аляксандрам Барбара ўсё ж знайшлася. Ужо пасля пачатку Другой сусветнай вайны Барбара сустрэла ў Мінску пісьменніка, які жыў у Рызе і выдаваў часопіс. Ён прапанаваў даць аб’яву ў яго часопісу, а праз год прыйшоў ліст — брат знайшоўся, працаваў адвакатам у Беластоку.

У 1933 годзе Вержбаловіч скончыла Беларускі музычны тэхнікум. У яго яна не магла трапіць дастаткова доўга, туды не бралі, бо ў Барбары не было працоўнага стажу. Яна ўладкавалася на працу, але пасля ў тэхнікум не бралі з-за ўзросту. Нейкім чынам Барбара змагла знізіць сабе ўзрост і толькі пасля яе ўзялі.

У часы «Вялікага тэрору» скончыла Беларускую кансерваторыю, тады ёй было ўжо 40 гадоў. Напрыканцы 1930-х гадоў стала салісткай Дзяржаўнага тэатра оперы і балета. Артыстка выступала ў класічных операх, а таксама стварала новыя вобразы ў нацыянальных спектаклях: у «Міхасі Падгорным» (Яўгена Цікоцкага) яна выканала ролю Маткі, а ў «Кветцы шчасця» (Аляксея Туранкова) была Ведзьмай.

Разам з будаўніцтвам пеўчай кар’еры Барбара выратавала сваю пляменніцу Галіну, з якой пасля доўгія гады працавала разам…

У 1938 годзе васьмігадовая Галіна Руднік (у дзявоцтве — Ганчарэнка) страціла бацькоў з-за сталінскіх рэпрэсій. Яе павінны былі аддаць у прытулак, але ад сіроцтва выратавала цётка Барбара Вержбаловіч. Оперная спявачка вывезла Галіну з Бабруйска ў Мінск. Ім удваіх жыць было цяжка, бо Вержбаловіч яшчэ вучылася ў кансерваторыі, таму прыходзілася знаходзіць дадатковы заробак, каб пражыць.

У 1940 годзе Барбарай Вержбаловіч зацікаваліся чэкісты. Вержбаловіч сябравала з кампазітарам Шчагловым, які ездзіў у Заходнюю Беларусь, што на той час была тэрыторыяй Польшчы. Яе выклікалі на допыты некалькі разоў. Чэкісты цікавіліся, што Шчаглоў расказваў пра візіты ў Польшчу. Вержбаловіч нічога не расказала, а апошні допыт быў прызначаны на 22 чэрвеня 1941 года — дзень, калі нацысты ўварваліся ў СССР.

У 1941 годзе нацысты захапілі Мінск, Барбара Вержбаловіч засталася жыць і працаваць у беларускай сталіцы. У працы ў тэатры ёй дапамагала пляменніца Галіна. Разам яны ўпісвалі ў оперы перапісаныя на беларускую мову вершаваныя тэксты опер «Яўгеній Анегін», «Пікавая дама», «Кармэн». Пераклады на беларускую мову зрабіла паэтка Наталля Арсеннева.

Галіна Руднік, Уладзімір Цвірка, Барбара Вербіч, беларусы ў эміграцыі
Галіна Руднік, Уладзімір Цвірка і Барбара Вербіч. Фота: RFE/RL

Эміграцыя, пяць долараў у кішэні і акардэон

У 1944 годзе, калі пачала аперацыя па вызваленні Беларусі, Вержбаловіч з’ехала ў Германію. Удзельнікам беларусізацыі, якую дазволілі праводзіць нацысцкія ўлады падчас акупацыі, пагражала пакаранне пры прыходзе савецкіх войск. Значная частка культурных дзеячаў, у тым ліку і Вержбаловіч разам з пляменніцай, вырашылі ехаць на Захад.

Вось як гэта ўспамінае Галіна Руднік: «Цётка працавала ў тэатры: ага, калі працавала ў тэатры, дакажы пасля, што ты не для немцаў спявала, нават калі нямецкі не ведала. Трэба было працаваць, яна нічога іншага не ўмела. Проста задумаліся, што ж рабіць увогуле. Калі справа ішла да канца — гэта чэрвень 1944 года, дзядуля памёр у 1943-м, мы засталіся з цёткай удваіх, калі б дзед яшчэ быў, то з намі не паехаў, і мы б, напэўна, не паехалі».

Ад’езд усё ж адбыўся. У чэрвені 1944 года Барбара Вержбаловіч прайшла з рэпетыцыі тэатра і сказала пляменніцы, што праз некалькі гадзін з’язджаюць на цягніку: артыстам далі два вагоны — скарыстацца можа той, хто хоча. Каля Ліды цягнік падарваўся на міне, але праз кароткі час людзей пасадзілі на іншы цягнік і паехалі далей. У Беластоку Барбара і пляменніца Галіна спыніліся ў яе брата Аляксандра на некалькі тыдняў.

Пасля Беластоку яны паехалі ў Кёнігсберг, адтуль — у Берлін. У Берліне працавала прапагандысцкая арганізацыя «Вінета», якая з бежанцаў набірала групы артыстаў, якія пасля раз’язджалі па лагерах остарбайтэраў. У той час беларускай групы артыстаў не існавала, таму Вержбаловіч разам з балерынамі з мінскага тэатру такую групу стварылі.

У эміграцыі Барбара працавала ў тэатральнай трупе «Жыве Беларусь», якая пазней называлася Беларускім тэатрам эстрады. Непрацяглы час Барбара ездзіла з гастролямі, а потым Другая сусветная скончылася, Германія капітулявала.

Бежанцы жылі ў лагерах і імкнуліся не трапіцца савецкім чэкістам. Па лагерах бежанцаў хадзілі камісіі, якія шукалі ўцякачоў з СССР. Беларускія бежанцы арганізавалі ў лагеры курсы польскай мовы, каб сысці за палякаў і не быць высланымі ў Савецкі Саюз. Вержбаловіч таксама спрабавала вывучыць польскую мову, але гэта ў яе не атрымалася.

— Маладзенькі паляк, напэўна, усё адразу зразумеў. Ён кажа: «Вы адкуль?». «Белы сток». «Белы сток? Цікава. А дзе вы там жылі?». Цётка адказвае, што на вуліцы Паркавай, 6 [рэд. — па гэтым адрасе жыў брат Барбары, Аляксандр]. Паляк кажа, што там таксама жыў, але нас не бачыў. Цётка кажа, што дакладна ведае, дзе вуліца Паркавая і што там чырвоны каменны дом. Высветлілася, што гэта малады хлопец быў кватарантам у майго дзядзькі да вайны. Ён усё зразумеў, падпісаў. Гэта была апошняя камісія, — успамінала пазней Галіна Руднік.

У 1950 годзе Барбара і Галіна з’язджаюць у ЗША. З карабля ў Амерыцы яны выходзяць з пяццю доларамі ў кішэні, беларускімі нацыянальнымі строямі і акардэонам. Вержбаловіч працягвае выступаць як канцэртная спявачка, стала адной з актывістак і кіраўнікоў беларускага жаночага руху ў Паўночнай Амерыцы. У 1953 годзе пляменніца Галіна атрымала дыплом амерыканскага каледжа, ёй прапанавалі працу ў нядаўна створаным «Радыё Свабодзе» (раней называла «Вызваленнем»).

У 1954 годзе Барбара і Галіна пераехалі ў Мюнхен. У Германіі Вержбаловіч працавала ў беларускай рэдакцыі «Радыё Свабоды».

Барбара Вержбаловіч памерла 8 студзеня 1967 года ва ўзросце 65 гадоў.

Вярнуцца ўгару