Зборная БДУ пакарыла гледачоў сваімі жартамі, энергіяй і харызмай. Каманда мела аглушальны поспех і адзін з самых вялікіх фан-клубаў у КВЗ. Яна два разы станавілася чэмпіёнам Вышэйшай лігі, а таксама выйгравала «Летні кубак» і «Вялікі КіВін у Залатым» — галоўныя трафеі клуба.
PALANTO ўспамінае гісторыю легендарнай зборнай.
Як усё пачыналася
Зборная КВЗ БДУ за ўсю гісторыю існавання мела два склады. Першы дэбютаваў у Вышэйшай лізе ў 1993 годзе. Каманда правяла ў «вышцы» чатыры сезоны запар і ў кожным з іх дайшла да фіналу, так ні разу не стаўшы пераможцам — славілася моцнымі музычнымі нумарамі, але пастаянна чагосьці не хапала да чэмпіёнства.
Капітан зборнай Леанід Купрыда зразумеў, што каманду трэба ўзмацняць новымі гульцамі. Разам з напарнікам Вячаславам Муругавым ён арганізаваў Універсітэцкую лігу БДУ, адкуль потым запрашаў лепшых гульцоў у зборную.
Зорка другога складу Кірыл Папакуль, які тады быў адным з маладых гульцоў, расказваў у інтэрв’ю: «Нас тады называлі “свежай крывёй”. Мы пачалі дапамагаць “старым”, а яны гэтую нашу кроў пілі, пілі, і нас, новых, стала так шмат, што мы іх паглынулі і зрабіліся адной камандай».
Старэйшыя паступова пачалі працаваць як асноўныя аўтары і амаль перасталі з’яўляцца на сцэне. Толькі Вячаслаў Муругаў часам выступаў у якасці голасу за кадрам.
Першае чэмпіёнства і шалёная папулярнасць
Другі склад каманды БДУ працягнуў шлях сваіх папярэднікаў. Абноўленая зборная, маладыя модныя хлопцы, з якіх фантанам біла энергія, упершыню з’явілася на фестывалі «КіВіН-1998» у Сочы. У тым жа годзе каманда выйграла ў Першай лізе — другой па значнасці ў іерархіі КВЗ. Звычайна яе пераможцы не праходзілі ў Вышэйшую лігу ці выляталі ў самым пачатку. У каманды БДУ атрымаецца не толькі прайсці, але і пакарыць «вышку».
Восенню 1999 года каманда выходзіць у Вышэйшую лігу, дзе ў паўфінале сустракаецца са зборнай Санкт-Пецярбурга.
Гульня ідзе вельмі напружана, лідарства некалькі разоў пераходзіць ад каманды да каманды. Перад «Хатнім заданнем» мінчане наперадзе, але піцерцы вырываюць перамогу пасля паказу «Падпольнага канцэрта Боба Марлі ў СССР». Каманда БДУ за пяць хвілін з фаварытаў становіцца аўтсайдарам. Рашэннем Аляксандра Маслякова беларусы ўсё-такі трапляюць у фінал. Быў здзейснены так званы дабор, або «прэзідэнцкае праўленне» — права прэзідэнта КВЗ вярнуць у лігу адну з каманд, якая прайграла.
Кірыл Папакуль успамінаў, як амаль праз 20 гадоў спытаў Маслякова пра яго рашэнне іх пакінуць: «Аляксандр Васільевіч тады сказаў, што яму было вельмі шкада, што фінал мог пазбавіцца яшчэ адной “машыны” — вялікай, аўтарскай, акцёрскі моцнай каманды».
А яшчэ Маслякоў тады прызнаўся, што заўзеў менавіта за каманду БДУ і хацеў, каб усе бачылі — ён не дарма скарыстаўся сваім правам. «Але памятаю, як ён нас потым удвая больш дручыў, чым усіх астатніх, і перажываў, каб каманда добра сябе паказала», — з усмешкай расказваў Папакуль.
Яшчэ адзін удзельнік зборнай, Віталь Каламіец, узгадвае, што адчуваў тады: «Мы адразу зразумелі, што нам далі шанец і ім трэба скарыстацца. Мы проста цяжка працавалі, увесь фокус быў накіраваны на фінальную гульню, гэта была адзіная падзея, якая існавала для нас».
У выніку ў фінале Вышэйшай лігі ў снежні 1999 года сышліся тры каманды: «Новыя армяне», БДУ і зборная Санкт-Пецярбурга. Фаварытамі былі армяне, але гульня мінчан усё перавярнула. Беларусы ўпэўнена лідзіравалі ў «Размінцы» і ўмацавалі пазіцыі ў «СТЭМе», дзякуючы нумару пра імігранта на крышы дома ў Нью-Ёрку.
Гэта дапамагло беларускай камандзе канчаткова перамагчы. Чэмпіёнства прынесла ім знакамітасць дома і ў многіх іншых краінах. У канцы года на адным з навагодніх канцэртаў да кавээншчыкаў падышоў Уладзімір Мулявін і сказаў: «Ёсць толькі дзве каманды, якія праслаўляюць Беларусь — вы і мы».
У 2000 годзе Віталя Каламійца забралі ў войска, дзе ён знаёміцца з Вадзімам Галыгіным і пазней запрашае яго ў каманду. Галыгін за сабой прыводзіць у зборную знаёмую Марыну Грыцук.
У тым жа годзе каманда БДУ ўдзельнічае ў Летнім кубку — штогадовай гульні чэмпіёнаў Вышэйшай лігі КВЗ апошніх гадоў, якая тым разам праходзіць на Кіпры. З невялікай перавагай мінчане перамагаюць галоўных канкурэнтаў — «Дзяцей лейтэнанта Шміта». Пасля гэтага беларусы становяцца сапраўднымі суперзоркамі і заканадаўцамі новага стылю ў кавээнаўскім гумары, а склад зборнай называюць «залатым». Андрэй Дзяркоў, агульнапрызнаны сэкс-сімвал каманды, у інтэрв’ю часта будзе ўспамінаць, як фанаткі рвалі на іх адзенне і завальвалі любоўнымі запіскамі. А Марына Грыцук праз 20 гадоў скажа пра шалёную папулярнасць каманды БДУ: «Мы былі не зоркамі, а тымі, хто заявіў пра Беларусь».
Другое чэмпіёнства і распад зборнай
У 2001 годзе каманда зноў вырашае ўдзельнічаць у Вышэйшай лізе. Беларусы ўпэўнена праходзяць у фінал, дзе сустракаюцца з камандай з Сочы «Стомленыя сонцам». Фінальная гульня супраць сочынцаў была няпростай, пасля «СТЭМа» мінчане адставалі на адзін бал.
Сітуацыю выратаваў капітан каманды БДУ Віталь Шляпо, які чарговы раз бліскуча выйграў капітанскі конкурс. Разам з яркім «Музычным хатнім заданнем» гэта прынесла другую перамогу ў Вышэйшай лізе.
Так зборная БДУ становіцца першым чэмпіёнам КВЗ новага тысячагоддзя, а таксама адзінай камандай, якая стала чэмпіёнам у XX і ў XXI стагоддзях.
У тым жа годзе каманда заваёўвае «Вялікі Ківін у Залатым» на музычным фестывалі ў Юрмале. Выступленне беларусаў стала сапраўдным хітом, а нумары «Аптымістычныя аптымісты» і «Нямецкі порна-фільм у танцах» да гэтага часу набіраюць сотні тысяч праглядаў на YouTube.
Праз год зборная БДУ зноў удзельнічае ў Летнім кубку, на гэты раз ён праходзіць у Ханты-Мансійску. Супернікам беларусаў сталі чэмпіёны 2000 года — «Уральскія пельмені». Гульня ўвайшла ў Кнігу рэкордаў КВЗ па колькасці гледачоў — іх у зале было каля 15 000. Але, на жаль, гэты Летні кубак, у адрозненне ад кіпрскага, мінчане не ўзялі.
Неўзабаве пасля пройгрышу беларуская зборная вырашыла развітацца з КВЗ, але не з гумарам. Хтосьці з удзельнікаў вярнуўся на радзіму, іншыя засталіся ў Маскве, дзе сталі вядомымі сцэнарыстамі, рэжысёрамі і прадзюсарамі.
Андрэй Дзяркоў на пытанне, ці праўда, што члены каманды далі абяцанне больш ніколі не выступаць разам, адказваў: «Мы адыгралі чэмпіёнскі сезон, год ці паўтара была гастрольная дзейнасць. Потым, я памятаю, былі нейкія навагоднія карпаратывы ў Маскве, і тады ўзнікла адчуванне, што ўжо ўсё. І гэта сапраўды было ўсё. І мы больш не збіраліся. Хтосьці з’ехаў у Маскву, хтосьці застаўся ў Мінску — па-рознаму склаліся лёсы. І, вядома, калі мы перыядычна збіраліся, казалі: “А можа сезон?”, але інтуіцыя падказвала, што мы, мусіць, ніколі ўжо не збяромся».
Але ў лістападзе 2021 года зборная БДУ ўсё ж такі вярнулася на вялікую сцэну ў рамках спецпраекта «КВЗ — 60 гадоў». Каманда выйшла на сцэну ў славутых жоўтых майках пад чорнымі скуранымі пінжакамі і адразу ж запаліла залу. У складзе таксама выступалі маладыя кавээншчыкі з каманды «Дзеці Цьюрынга». Беларусы чарговы раз аказаліся мацнейшымі за іншыя зборныя, заваявалі перамогу і атрымалі юбілейны кубак.
Кар’ера самых вядомых членаў каманды пасля КВЗ
Леаднід Купрыда — нязменны рэдактар Міжнароднай лігі КВЗ, а таксама вядомы сцэнарыст. На яго рахунку такія серыялы, як «Салдаты», «Крамлёўскія курсанты», «Маладзёжка» і многія іншыя. З 2010 па 2015 гады Купрыда быў вядучым беларускай версіі гульні «Брэйн рынг».
Вячаслаў Муругаў зрабіў уражлівую кар’еру і стаў сапраўдным тэлебосам. У 2008 годзе ён атрымаў пасаду гендырэктара расійскага тэлеканала СТС, а сем гадоў таму ўзначаліў медыяхолдынг «СТС Медыя». З’яўляецца ўладальнікам мноства тэлеўзнагарод, у тым ліку як прадзюсар серыялаў «Кадэты», «Васьмідзясятыя», «Кухня» і «Чыкі». У 2022 годзе заснаваў уласны кінапрадакшн «Студыя ВАМ».
Віталь Шляпо і яго зямляк і калега па камандзе Аляксей Трацюк з’яўляюцца аднымі з заснавальнікаў і генпрадзюсараў расійскай кінакампаніі Yellow, Black and White і відэасэрвісу Start. Раней Віталь выступіў аўтарам папулярных серыялаў «Татавы дочкі», «Кухня», шоу «Дзякуй Богу, ты прыйшоў! » і «6 кадраў». Ён двойчы атрымліваў тэлепрэмію «ТЭФІ», а таксама прадзюсіраваў суперпаспяховыя фільмы «Халоп» і «Чэбурашка».
Вадзім Галыгін пасля КВЗ доўгі час быў адной з галоўных зорак расійскага Comedy Club. Цяпер беларус рэгулярна здымаецца ў гумарыстычных шоу, піша сцэнарыі, прадзюсіруе серыялы, вядзе канцэрты, агучвае мультфільмы і здымаецца ў фільмах і музычных кліпах.
Андрэй Дзяркоў некаторы час пасля чэмпіёнства быў вядучым музычных праектаў на БТ («Кліп-абойма» і «Кропка»), а пазней стаў пісаць сцэнарыі да фільмаў і серыялаў кампаніі Yellow, Black and White. У 2005 годзе Дзяркоў стварыў музычны гурт «Тайланд», які пазней перайменаваў у «Майтай». Музыку гурта таксама можна пачуць у папулярных серыялах.
Віталь Каламіец, як і многія яго калегі па зборнай, падаўся ў тэлеіндустрыю — працаваў сцэнарыстам і прадзюсарам, удзельнічаў у стварэнні некалькіх тэлешоу, у тым ліку «Вялікай розніцы», за якую атрымаў «ТЭФІ» як лепшы сцэнарыст забаўляльнай тэлепраграмы. Апошнія дзесяць гадоў Каламіец займаецца стэндапам і з’яўляецца ўдзельнікам шоу «Standup на ТНТ».
Кірыл Папакуль пасля завяршэння кавээнаўскай кар’еры быў аўтарам расійскіх сіткомаў, а пазней адвучыўся на прафесіянальнага рэжысёра. Цяпер ён здымае камедыі, серыялы і тэлешоу. У 2019 годзе Кірыл зняў фільм-канцэрт «Я прынёс табе УРА!» памяці лідара гурта «Нейра Дзюбель» Аляксандра Кулінковіча. А ў 2021-м беларус стаў адным з рэжысёраў серыяла «За паўгадзіны да вясны» пра Уладзіміра Мулявіна і «Песняроў».
Марына Грыцук у 2004 годзе была вядучай на беларускім канале АНТ, дзе вяла «Сярэбраны грамафон», «Фактар смеху» і «Нашу раніцу». З 2019 года да лютага 2022 года Марына вяла папулярнае ўкраінскае «Дызель-шоу», куды яе запрасіў былы ўдзельнік вядомай каманды «ЧП» і блізкі сябар Яўген Смарыгін. Цяпер Грыцук працуе на расійскім «ТНТ International».