У Беларусь даўно прыйшлі кітайскія інвестары, і гэта не дзіўна: Кітай — адна з самых важных фінансавых дзяржаў у свеце. Яна імкнецца больш уплываць на эканоміку краін па ўсёй планеце. Але чаму Беларусь патрэбна Кітаю? Навошта кітайцы аддаюць шалёныя грошы ў беларускую эканоміку? І як Кітай уплывае на беларускую экалогію, дзякуючы сваім інвестыцыям?
У гэтым разбіралася ініцыятыва «Твае зялёныя вочы». PALATNO пераказвае самае галоўнае.
Змест
Плюс для эканомікі, мінус для экалогіі. Што хаваецца за супрацоўніцтвам з Кітаем?
Самым відавочным адказам на тое, навошта Кітаю патрэбна Беларусь, — геаграфічнае становішча. Беларусь забяспечвае для кітайскай эканомікі хуткі і кароткі шлях да рынкаў Еўрасаюза. Так кітайцы ўсё больш пашыраюць прысутнасць у еўрапейскім рэгіёне.
Кітай і Беларусь пачалі супрацоўнічаць яшчэ ў 1990-я гады. Тады Беларусь была адной з галоўных крыніц для паставак савецкай вайсковай тэхнікі для кітайцаў. У 2000-я гады ўжо Кітай пачаў дапамагаць — крэдытамі. Асабліва шмат інвестыцый прыйшлося на 2013 год, калі кітайцы абвясцілі праграму «Адзін пояс — адзін шлях». Яна павінна была стварыць гандлёвы калідор паміж Кітаем і Еўропай, каб аб’яднаць два важных для іх праекты «Эканамічны пояс Шаўковага шляху» і «Марскі Шаўковы шлях XXI стагоддзя».
Беларусь не адзіная краіна ў свеце, эканоміка якой моцна вырасла за кошт кітайскіх інвестыцый. Аднак за буйным і хуткім ростам хаваюцца шматлікія рызыкі. Часта кітайскія праекты суправаджаюцца не толькі павелічэннем пазыковай нагрузкі, але і моцна шкодзяць экалогіі.
Напрыклад, на вялікіх тэрыторыях Пакістана вырубілі гектары лясоў, каб вызваліць месца для аўтамагістраляў Кітайска-Пакістанскага эканамічнага калідора. А ў памежных з Кітаем рэгіёнах Расіі за 2000-2014 гады ў шэсць разоў павялічыўся аб’ём выкідаў.
А што ў Беларусі?
Кітай прытрымліваецца двух стратэгій у супрацоўніцтве з Беларуссю: «адыход ад забруджвання» і «арэол забруджвання». Прынамсі, такое меркаванне існуе ў супрацоўнікаў Акадэміі навук.
- «Адыход ад забруджвання». Першая стратэгія дапускае перанос галін з высокім узроўнем забруджвання з Кітая ў Беларусь. Гэта азначае будаўніцтва ці мадэрнізацыю вытворчасці на цэментных заводах, дрэвапераапрацоўчых прадпрыемствах, акумулятарных заводах, ГРЭС.
- «Арэол забруджвання». Другую стратэгію рэалізуюць у кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Згодна з ёй, кітайскія кампанія выкарыстоўваюць экалагічна чыстыя тэхналогіі. Парк пазіцыянуюць як эка-індустрыяльны комплекс. Аднак і ў гэтым выпадку ёсць рызыкі з-за тэхналагічнага адставання беларускага боку.
Вядома, абедзве краіны кажуць пра экалогію, але канкрэтны эколага-эканамічны механізм не распрацаваны ні ў Беларусі, ні ў Кітаі. Спецыялісты з Інстытута эканомікі НАН адзначаюць, што Кітай супрацоўнічае з іншымі краінамі з выкарыстаннем «мяккага права» ў экалагічных пытаннях. Правілы для кітайскіх кампаній за мяжой не суправаджаюцца юрыдычнымі санкцыямі. Усё гэта прыводзіць да слабага рэгулявання і патэнцыйных адмоўных вынікаў для навакольнага асяроддзя.
Кітайскія інвестары даюць Беларусі мэтавыя крэдыты: гэта значыць, што ў такога крэдыту ёсць дадатковыя ўмовы крэдытавання. Напрыклад, умовай можа быць пастаўка ключавога абсталявання Кітаем ці выкарыстанне кітайскай працоўнай сілы. Такія крэдыты не заўсёды выгадныя. З аднаго боку, кітайскія крэдыты даюць на добрых умовах, а з іншай — іх даюць з дадатковымі патрабаваннямі. З трэцяга — іх называюць «пазыковай пасткай», бо такія крэдыты амаль нерэальна аддаць (аднак не ўсе згодны з такой думкай).
Кітайскія крэдыты для Беларусі не абыходзяцца без скандалаў. Кітайскі крэдыт на 350 мільёнаў долараў далі для выпуску мелаванага кардона ў Добрушы, там жа працавалі і кітайскія выканаўцы. У 2015 годзе яны калонай пешкам ішлі ў Мінска ў 2015 годзе, бо ім не плацілі грошы. Завод усё-такі запусцілі, але не ў абяцаным 2015-м, а толькі ў 2021 годзе.
Кітай не застаўся ў баку ад будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі. Беларусь узяла крэдыт на 340 мільёнаў долараў для будаўніцтва ліній электраперадач. Будоўляй занялася кітайская кампанія NCPE. Кітайцы рабілі пастаўкі абсталявання і тэхналогій. Цікава, што лініі электраперадач для АЭС пачалі будаваць не па тым праекце, які абмяркоўвалі з грамадскасцю. Пад будаўніцтва вырубілі нашмат больш лесу, чым абяцалі, і яшчэ ўладкавалі сметнікі. І гэта яшчэ не ўсё: увесну пасля будаўніцтва апоры для электраперадач упалі ці пачалі тануць у балоце.
«Вялікі камень» — грандыёзны праект беларускай і кітайскай эканомікі
Індустрыяльны парк «Вялікі камень» — адзін з вялікіх кітайска-беларускіх праектаў. Парк настолькі важны для дзейнай беларускай улады, што пра яго нават пішуць у школьных падручніках для старшакласнікаў. Тэхнапарк пабудавалі ў лесе ля аэрапорту, а сам лес пакрысе пераўтвараецца ў новы горад — такое меркаванне падтрымлівае кітайскае навіновае агенцтва «Сіньхуа».
Парк мае асобы статус эканамічнай зоны, і гэта прыцягвае рэзідэнтаў рознымі льготамі і прэферэнцыямі. Калі парк яшчэ будаваўся, то ў ім зарэгістраваліся 133 рэзідэнты: у асноўным — з Кітаю і Расіі. Аднак ёсць і прадстаўнікі з тых краін, якімі лукашэнкаўскія чыноўнікі далі назву «несяброўскіх». Інвестыцыі складаюць амаль адзін мільярд долараў.
Але з «Вялікім каменем» не ўсё прайшло добра. Праект выклікаў крытыку з боку беларусаў. У Смалявіцкім раёне жыхары баяліся, што будаўніцтва можа нашкодзіць навакольнаму асяроддзю і зменшыць кошт нерухомасці. Людзі спрабавалі ініцыяваць рэферэндум, але парк усё роўна пабудавалі. Дарэчы, кітайскі бок інакш падае гэту гісторыю: па версіі «Сіньхуа» жыхары доўга не хацелі будаўніцтва, але пасля неаднаразовай дэманстрацыі фотаздымкаў праекту яны перадумалі.
Тэхнапарк і ўсе яго супрацоўнікі маюць асобыя ўмовы, сярод іх — і экалагічныя паслабленні. Напрыклад, няма кампенсацыйных выплат кошту пасля выдалення ці перасадцы аб’ектаў расліннага свету, няма выплат за шкоднае ўздзеянне на аб’екты жывёльнага свету.
Таксама цікава, што будаўніцтва можа весціся паралельна з распрацоўкай праекту будаўніцтва. А яшчэ будаўніцтва і эксплуатацыя аб’ектаў можа праходзіць па кітайскіх нормах. У такім выпадку праект павінен прайсці дзяржэкспертызу, але падганяць пад беларускія нормы яго неабавязкова. У тэхнапарку інвестар можа набыць зямлю ў прыватную ўласнасць — гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе гэта магчыма зрабіць.
Атрымліваецца, што бізнесы могуць актыўна развівацца ў межах «Вялікага каменя», бо экалагічны этап можна лёгка прапусціць. Аднак такія льготы ад беларускай дзяржавы маюць не ўсе праекты.
Светлагорскі камбінат фантастычных страт
Часцяком дзяржаўныя сродкі выдаткоўваюць на прадпрыемствы, якія цяжкім грузам вісяць на шыі беларускай эканомікі. Адзін з самых яскравых прыкладаў ёсць завод сульфатнай беленай цэлюлозы на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце. У 2019 годзе эканаміст Яраслаў Раманчук назваў праект мадэрнізацыі заводу самым скандальным і непаспяховым.
Над мадэрнізацыю заводу ўзялі буйны крэдыт, 650 мільёнаў далі кітайцы. Праектам займалася кітайская кампанія China CAMC Engineering Co (коратка — CAMCE). Гэтая ж кампанія працавала і з тэхнапаркам «Вялікі камень». У САМСЕ праца са светлагорскім заводам не пайшла: напрыклад, там няправільна пракладвалі кабель і доўга спрабавалі гэта змяніць.
Кантракт на будаўніцтва падпісалі яшчэ ў 2010 годзе і разарвалі толькі праз дзевяць гадоў, а сам завод запрацаваў толькі ў 2020-м. Цяпер завод працуе на 70% ад заяўленых магчымасцей. У 2021 годзе ён увайшоў у тройку самых стратных прадпрыемстваў. А выплачваць крэдыт кітайцам мільёны долараў усё роўна трэба, і, магчыма, часткова з дзяржаўнага бюджэту.
І гэта яшчэ не ўсё. У кітайскага падрадчыка былі праблемы з экалагічным складнікам. Падчас першага публічнага абмеркавання ўлады нібыта не вялі пратакол пасяджэння. Падчас паўторнага абмеркавання ўваход быў увогуле па спісах. У 2019 годзе ў завода ўзніклі складанасці з дакументамі па экаэкспертызе: актывістам сказалі, што атрымаць гэтыя дакументы можна ў кітайскіх падрадчыкаў.
Мясцовыя скардзіліся на спецыфічны пах — на пах газа метымеркаптана, які непрыемны ў дозах ніжэй за норму і шкодны, калі норма перавышаная. У некаторых выпадках з-за яго чалавек можа самлець, могуць узнікаць праблемы з дыханнем. Разам з гэтым жыхары Светлагорску скардзіліся на гукі і злівы сцёкавых вод. Медыя шмат асвятлялі навіны пра экалагічныя здарэнні на светлагорскім заводзе, а ў судзе знаходзілася больш дзясяткі спраў, звязаных з Мінпрыроды і заводам. Завод выплаціў ці яшчэ павінен быць сплаціць тысячы долараў штрафу. У выніку аварый ад 2020 года на заводзе памерлі пяць чалавек.
* * *
У апошнія гады Кітай скараціў фінансавае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва з Беларуссю. Афіцыйны Мінск па-ранейшаму кажа пра Пекін як пра стратэгічнага партнёра, але даследчыкі сцвярджаюць, што чаканні ад гэтага супрацоўніцтва завышаныя.