Любая краіна так або іначай адлюстраваная ў літаратуры. І звычайна гэтае адлюстраванне стварае або наўпрост звязанае са шматлікімі стэрэатыпамі. Беларусь не так і часта сустракаецца ў творах вядомых замежных аўтараў, а самі згадкі носяць эпізадычны, а часам і памылковы характар.
Падрыхтавалі для чытачоў PALATNO падборку кніг, у якіх можна сустрэць апісанні Беларусі і беларусаў.
Артур Конан Дойл
Стваральнік знакамітай серыі кніг пра Шэрлака Холмса ніколі ні ў Мінску, ні ў Беларусі не бываў, але адно апавяданне будучай беларускай сталіцы ўсё ж прысвяціў. Праўда, галоўны герой у ім — не самы вядомы дэтэктыў у свеце, а французскі вайсковец.
Эцьен Жэрар — брыгадны генерал французскага войска Напалеона Бонапарта, жыццяпіс якога складае серыю апавяданняў Артура Конан Дойла, ўкладзеную ў дзве асобныя кнігі. Сярод іншага, там ёсць апавяданне «Як брыгадзір наведаў Мінск». У ім апавядаецца пра тое, як Жэрар разам са жменькай верных яму салдат выпраўляецца ў беларускі горад у пошуках ежы. Адбываецца ўсё гэта ў час разгрому французаў расійскімі войскамі падчас кампаніі 1812 года.
Праўда, паводле апісанняў робіцца зразумела, што аўтар вельмі слаба ўяўляў сабе Мінск. Яны даволі агульныя і пазбаўленыя ўсялякай канкрэтыкі. Прынамсі добра, што згадаў хаця б гарадскую ратушу, якая знаходзілася ў самым цэнтры места і была разбураная ў 1857 годзе.
Уладзімір Маякоўскі
Эпізадычныя згадкі Беларусі і Мінска ёсць і ў самага вядомага расійскага футурыста Уладзіміра Маякоўскага. Той час ад часу бываў у Беларусі, звычайна праездам, але зрэдку выступаў у Мінску. Нібыта ў яго быў раман з Сафіяй Шамардзіной — адной з першых беларускіх феміністак, якая працавала ў Наркамаце асветы БССР, а пасля стала жонкай Язэпа Адамовіча, аднаго з самых уплывовых беларускіх нацыянал-камуністаў у 20-х гадах.
У 1925 годзе Маякоўскі выправіўся за акіян, дзе пабываў у Мексіцы і Злучаных Штатах. Вынікам той вандроўкі стала вядомая кніга «Маё адкрыццё Амерыкі», якая пабачыла свет у 1926 годзе і вытрымала некалькі перавыданняў. Сярод іншага, Маякоўскі, гуляючы па Нью-Ёрку, згадвае бруд на мінскіх вуліцах, бо «В Минске очень грязно».
У 1929 годзе ён напіша даволі пафасны вершы «Они и мы», дзе, сярод іншага, прыгадае Негарэлае — невялікі пасёлак у Мінскай вобласці, які ў міжваенны час быў на самым краі савецкай імперыі. Бо ў Стоўбцах была ўжо першая станцыя з польскага боку:
Граница.
Скука польская.
Дальше —
больше.
От дождика
скользкая
почва Польши.
На горизонте —
белое.
Снега
и Негорелое.
Сёння гучыць неверагодна, але тады праз гэты населены пункт ехалі многія сусветна вядомыя асобы: пісьменнікі, мастакі, палітыкі, навукоўцы. Больш за тое, у той час ён злучаў Азію з Еўропай, бо менавіта адсюль ішлі цягнікі ў Маньчжурыю і Уладзівасток на ўсход і да Парыжа на захад.
Уільям Сібрук
Чалавек складанага лёсу, нарадзіўся ў ЗША, пайшоў на Першую сусветную вайну добраахвотнікам, а пасля пакутаваў ад алкагольнай і наркатычнай залежнасць. Скончыў жыццё самагубствам у 1945 годзе.
Ён марыў ствараць вялікую літаратуру і зрабіў для гэтага ўсе магчымыя захады. Сібрук — аўтар розных жанраў. У тым ліку займальных травэлогаў, дзе ён апісвае побыт розных народаў.
У 1938 годзе напісаў і выдаў кнігу «Гэтыя замежнікі: усе амерыканцы», дзе паспрабаваў праз жыццяпісы канкрэтных асобаў паказаць гісторыі розных людзей, якія прыехалі на выспу свабоды. У тым ліку і загадкавых «белых рускіх».
Па першым часе ў чытача можа скласціся ўражанне, што гаворка аб белых эмігрантах, якія выехалі з былой Расійскай імперыі пасля канчатковай перамогі бальшавікоў у Грамадзянскай вайне. Але гэта толькі да той пары, пакуль аўтар не сустракаецца з Язэпам Варонкам — адным з першых беларускіх эмігрантаў у Амерыцы міжваеннага часу.
На вялікі жаль, аўтар не надта разумеў розніцы паміж беларусамі і расіянамі, але пакінуў гістарычны партрэт чалавека, які ў свой час адыграў ролю ў гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі.
Стэнфард Нэйл Гербер
Амерыканскі этнограф Стэнфард Нэйл Гербер у 1985 годзе напісаў кнігу па назвай Russkoya Celo, дзе даследаваў побыт нібыта беларускіх эмігранцкіх вёсак у ЗША і Канадзе.
З гэтага тэксту вынікае, што амерыканцы нават у канцы ХХ стагоддзя слаба разумелі розніцу паміж беларусамі і рускімі. Яно і не дзіва, бо нават у масавай літаратуры — прыгадаем таго ж Філіпа Кіндрэда Дзіка, савецкі — гэта, лічы, поўны сінонім расійскага.
Заакеанскія аўтары не вельмі замарочваліся над тым, каб шукаць і знаходзіць сапраўдныя адрозненні паміж жыхарамі 15 рэспублік, з якіх складаўся Савецкі Саюз. У іх уяўленні ўсё гэта было прыкладна адной прасторай з падобнай культурай і мовай.
Стывен Кінг
Сусветна вядомы аўтар жахліўцаў, які зусім нядаўна заключыў дамову на выданне кніг па-беларуску з выдавецкім імпрынтам «Кнігаўка» Андрэя Янушкевіча, таксама звяртаўся да беларускай тэматыкі.
У ягоным навукова-фантастычным рамане «11/22/63» маюцца эпізадычныя згадкі Мінска. Галоўны герой — выкладчык англійскай мовы, які атрымлівае магчымасць вярнуцца ў мінулае, каб яго выправіць: не дапусціць гібелі Джона Кенэдзі і спыніць яго меркаванага забойцу.
Як вядома, Лі Харві Освальд некаторы час паспеў пажыць у сталіцы БССР: жыў у раёне плошчы Перамогі, на сённяшняй Камуністычнай вуліцы, працаваць хадзіў на завод «Гарызонт», па пакупкі — у ГУМ, а на танцы — у Дом Прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы.
Але зноў жа аўтар звяртаецца да гэтага этапу жыцця Освальда эпізадычна, не занураючыся ў дэталі. Пры гэтым правінцыйная Амерыка 1960-х гадоў, схаваная ад чужых вачэй, паказаная ў кнізе вельмі добра. Тое самае тычыцца і міні-серыяла, які быў зняты паводле яе.