
PALATNO расказвае пра беларускую эканоміку 2000-х гадоў.
Змест
Эканамічная стабільнасць пасля бурных 1990-х
Пасля інфляцыі і калапсу 1990-х гадоў Беларусь увайшла ў 2000-я з простай задачай — навесці парадак у гаспадарцы. Палітыка Лукашэнкі была дастаткова выразная: прыватызацыя спыненая, асноўныя галіны — прамысловасць, сельская гаспадарка, энергетычны сектар — заставаліся дзяржаўнымі. Беларускі ўрад кантраляваў цэны, заробкі і экспарт. На фоне хаосу ў суседняй Расіі Беларусь выглядала «выспай стабільнасці».
Асноўны сакрэт эканамічнага росту Беларусі напрыканцы 1990-х і ў пачатку 2000-х гадоў — танныя расійскія энергарэсурсы. Газ і нафта пастаўляліся па льготных цэнах, часам у некалькі разоў ніжэй за сусветныя.
Беларусь перапрацоўвала нафту на сваіх НПЗ у Наваполацку і Мазыры, а потым прадавала ў Еўропу па сусветных коштах. Розніца паміж коштам закупкі і продажу прыносіла мільярды долараў, якія ішлі на падтрымку сацыяльнай мадэлі дзяржавы Лукашэнкі. Танныя энергарэсурсы дазволілі штогод паказваць рост ВУП, а ўжо ў сярэдзіне 2000-х гадоў загаварылі пра «беларускі эканамічны цуд» (якога насамрэч, вядома, не было).
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Беларуская эканоміка «90-х»: нацыянальная валюта, залежнасць ад Расіі, новая дзяржаўная мадэль
У 2000-х гадах Беларусь была адной з нямногіх краін, дзе афіцыйнае беспрацоўе было менш за 2%. Дзяржава падтрымлівала ўсе буйныя прадпрыемствы, нават тыя, што былі стратныя. Сістэма «дзяржзаказаў» забяспечвала вытворчасць незалежна ад попыту. Усё гэта стварала ілюзію стабільнасці ў Беларусі.
Прадугледжвалася шырокая сацыяльная палітыка: дапамога шматдзетным сем’ям, льготныя крэдыты на жыллё. Заробкі павольна, але пачыналі расці, пенсіі выплачваліся ў тэрмін. Усё гэта стала падмуркам сацыяльнага кантракту паміж грамадствам і дзяржавай.
Парадак праз кантроль
Асновай беларускай эканомікі былі вялікія дзяржаўныя прадпрыемствы: МАЗ, БелАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш», «Беларуськалій». Гэты прамысловыя сімвалы краіны працавалі па старой, савецкай схеме: ёсць план, дзяржзаказ і дзяржаўнае фінансванне.
Праблема была ў тым, што рэальнай рэструктурызацыі не адбылося. На заводах і прамысловых прадпрыемствах было старое абсталяванне. Прадукцыя была арыентаваная на расійскі рынак.
Калі каротка апісаць беларускую мадэль эканомікі 2000-х гадоў, то гэта была рынкавая эканоміка з ручным кіраваннем. Урад зацвярджаў цэны на асноўныя тавары, заробкі ў дзяржаўным сектары карэктаваўся праз указы, бізнес рэгулявалі дазволамі і праверкамі.
Прыватны сектар існаваў, але ў межах, вызначаных дзяржавай. У асноўным, людзі займаліся малым бізнесам: трымалі крамы, працавалі на рынках, у рамонце. Аднак калі чалавек выходзіў за межы, пачынаў рабіць буйны бізнес, то гэта дазвалялася толькі з дазволу зверху.
Перыяд «залатога росту» і наступны крызіс
Расійскія субсідыі і рост сусветных коштаў на нафту спрыяў таму, што Беларусь паказвала фенаменальныя паказчыкі ўжо ў сярэдзіне 2000-х.
- ВУП рос у сярэднім на 7-10% штогод;
- заробкі падвоіліся за пяць гадоў;
- экспарт у Расію і ЕС павялічыўся ўдвая.
А яшчэ раней Лукашэнка абвясціў курс на дасягненне сярэднееўрапейкага ўзроўню жыцця. На фоне беднасці 1990-х гадоў і крызісаў у суседніх краінах многія беларусы пачалі шчыра верыць у тое, што багацце не за гарамі.
Пералом адбыўся ўжо ў 2008 годзе. Міжнародны фінансавы крызіс, які здарыўся ў тым годзе, паказаў наколькі слабая беларуская мадэль. Паток таннай нафты і газу з Расіі пачаў скарачацца, а крэдыты ад Масквы сталі даражэйшымі і з новымі ўмовамі. Беларуская эканоміка моцна залежала ад экспарту нафтапрадуктаў і калію, а калі цэны на іх упалі, то ў краіне пачаўся дэфіцыт валюты.
У 2009 годзе беларускі ўрад упершыню быў вымушаны прасіць крэдыт у МВФ. Яшчэ пазней адбылася дэвальвацыя беларускага рубля.