Натхненне

Музыка, літаратура, тэатр. Што адбывалася ў беларускай культуры ў 1990-я гады


Музыка, літаратура, тэатр. Што адбывалася ў беларускай культуры ў 1990-я гады

PALATNO расказвае пра беларускую культуру.

Літаратура, медыя, інтэлігенцыя

Беларуская літаратура і культура дзесяцігоддзямі жыла ў абмежаваннях і ідэалагічных забаронах у Савецкім Саюзе. Пасля распаду СССР яны атрымалі свабоду. У гэты перыяд беларуская інтэлігенцыя аказалася не падпарадкаванай ідэалогіі, а адказнай за нацыянальную свядомасць.

Галоўным рупарам свабоды і нацыянальнай свядомасці стала літаратура. Многія пісьменнікі нарэшце маглі выказвацца на тэмы, што раней былі забароненыя. Барадулін і Гілевіч пісалі пра духоўную годнасць і мову, а Арлоў расказваў пра вяртанне страчанай беларускай гісторыі. Праз іх кнігі (і не толькі праз творчасць гэтых пісьменнікаў) да чытачоў вярталіся тэмы пра ВКЛ, паўстанне Кастуся Каліноўскага, Слуцкага збройнага чыну — пра гэта і ўсё тое, што ў савецкі час было табу. Менавіта беларуская літаратура напачатку 1990-х узняла хвалю гістарычнай рэабілітацыі, што стала неад’емнай часткай нацыянальнага адраджэння.

У 1990-х адраджаецца «Наша Ніва» — культавае выданне, якое існавала ў часы Янкі Купалы і працягвае працаваць дагэтуль. Пляцоўкамі для дыскусій пра мову, культуру і гісторыю становяцца выданні «Літаратура і мастацтва», «Полымя», «Крыніца».

Беларускае адраджэнне 1990-х было часам, калі літаратура стала палітычнай зброяй. Пісьменнікі ўдзельнічалі ў мітынгах Беларускага Народнага Фронту, выступалі са сцэны, чыталі вершы пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Для многіх беларусаў інтэлігенцыя стала маральным арыенцірам у часы фінансавага хаосу.

Пасля рэферэндума 1995 года замененыя дзяржаўныя сімвалы, а руская мова атрымала роўны статус з беларускай, таму сітуацыя змяняецца. Дзяржаўная ўлада з падачы Аляксандра Лукашэнкі паступова скарачае прастору для беларушчыны.

Музыка стала культурным кодам эпохі

У 1990-я рок і альтэрнатыўная музыка былі не проста забавай. Гэта была дэманстрацыя самасвядомасці, сродкам выказвання і, вядома, часткай супраціву.

У 1994 годзе з’яўляецца гурт N.R.M., які выконваў песні на беларускай мове. Гурт стаў сімвалам беларускамоўнай рок-сцэны. Ключавым альбомам стаў «Пашпарт грамадзяніна N.R.M». Гурт доўгі час працаваў ва ўмовах ціску: іх канцэрты часта адмяняліся, яны траплялі ў так званыя чорныя спісы. Аднак песню «Тры чарапахі», напэўна, цяпер ведае кожны беларус. Гурт Neuro Dubel быў і застаецца адным з самых культавых гуртоў беларускай сцэны. Акрамя тэкстаў па-руску гурт выдаваў кампазіцыі па-беларуску. Класічны склад гурта сфарміраваўся ў 1990-я, якія развівалі рок-стыль разам з беларускай мовай. Гэта не адзіныя музычныя гурты, якія фармівалі беларускую сцэну: былі ULIS, Крамбабуля ды іншыя.

У 1990-я гады рок-гурты часта абіралі беларускую мову для сваіх тэкстаў. Беларуская мова была сведчаннем таго, хто ты ёсць. Тэмамі для песень былі свабода, крытыка сістэмы, маральны выбар чалавека. Рок стаў спосабам сказаць тое, што афіцыйная культура, тэлебачанне і дзяржаўныя СМІ не дазвалялі адкрыта агучваць. Паралельна існавала «папса», якая была часцей рускамоўнай, лёгкай музыкай, што проста праходзіла праз цэнзурныя фільтры і мала канфліктавала з уладай. Аднак менавіта рок, які быў больш рызыкоўным і выразным, стаў культурным сімвалам эпохі.

Тэатр і кіно

У пачатку 1990-х гадоў у беларускіх гарадах з’яўляюцца незалежныя тэатральныя ініцыятывы. Рэжысёры адмаўляюцца ад савецкага стылю і эксперыментуюць з формай, мовай, сцэнаграфіяй. На сцэнах упершыню ставяць сучасныя п’есы беларускіх аўтараў, таксама разам з імі з’яўляюцца замежныя аўтары. Тэатр імя Янкі Купалы і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі сталі цэнтрамі новага мастацкага пошуку. На іх сцэнах ставілі «Паўлінку» і «Тутэйшых», якія былі сімваламі беларускай ідэнтычнасці.

У раннія часы Лукашэнкі дзяржава запатрабавала стабільнасці і выхаваўчай функцыі мастацтва. Беларускія тэатры атрымлівалі фінансаванне пры ўмове ідэйнай адпаведнасці, у іх вяртаюцца «правераныя аўтары» кшталту Максіма Горкага ці Карнея Чукоўскага. Пасля рэферэндума-1995 тэатральная палітыка беларускай дзяржавы спыніла працэс нацыянальнага адраджэння ў сцэнічным мастацтве, бо галоўнай задачай зноў стаў ідэалагічны ўплыў, а не мастацкі пошук.

Пасля 1991 года кінаіндустрыя знаходзілася ў цяжкім стане. «Беларусьфільм» страціў савецкае фінансаванне і рынкі збыту: грошай не хапала на здымкі, тэхніку і пракат. Артысты масава ішлі ў тэлебачанне ці рэкламу. У выніку да канца 1990-х гадоў галоўная беларуская кінастудыя стала найперш вытворцам дзіцячага кіно і сумесных з Расіяй праектаў.

Для таго, каб утрымацца, «Беларусьфільм» працаваў на два тыпы гледачоў — беларускага і расійскага. Частка праектаў была камерцыйна паспяховай, але мала звязанай з беларускай рэчаіснасцю.

Як Лукашэнка і яго рэферэндумы ўсё змянілі

У 1995 годзе адбыўся рэферэндум па чатырох пытаннях, але ключавымі для культуры сталі два:

  • аб наданні рускай мове роўнага статусу з беларускай;
  • аб замене нацыянальных сімвалаў — бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» — на мадыфікаваныя савецкія варыянты.

Паводле афіцыйных дадзеных (лічыцца, што вынікі рэферэндума былі сфальсіфікаваныя), большасць выбарцаў падтрымала прапановы, высунутыя Лукашэнкам. На той час дзяржава афіцыйна адмовілася ад ідэі нацыянальнага адраджэння, якое панавала ў пачатку 1990-х.

Пасля надання рускай мове «роўнага статусу» пачалося яе дамінаванне ў дзяржаўнай сферы. Беларуская мова паступова знікала з дзяржаўнага тэлебачання, радыё і справаводства. Беларускую мову выкарыстоўвалі пераважна ў адукацыі ці альтэрнатыўнай культуры. Рэферэндум-1995 стаў канцом беларусізацыі дзяржавы.

У сярэдзіне 1990-х гадоў адбылася так званая рэсаветызацыя культурнага кантэксту. Гэта значыць, што дзяржаўнае тэлебачанне запоўнілі савецкія фільмы, архіўныя выступленні і іншыя шоў савецкага мінулага. Беларуская прадукцыя перайшла ў фармат адпаведнай лукашэнкаўскай ідэалогіі: канцэрты да дзяржаўных святаў, інтэрв’ю з кіраўнікамі раёнаў і міністэрстваў. «Беларусьфільм» фактычна спыніў вытворчасць незалежных або гістарычных карцін з пераасэнсаваннем падзей, што адбыліся ў Беларусі раней: асноўныя праекты былі прысвечаныя дзіцячаму кіно або афіцыйным «нейтральным» праектам.

Так адбылося, што да канца 1990-х гадоў у Беларусі сфарміраваліся дзве паралельныя культуры.

  • Афіцыйная культура. Яна падтрымлівалася дзяржавай і фінансавалася праз бюджэт, галоўнымі тэмамі быў патрыятызм ды адданасць Лукашэнку. Вітрынай савецкай эстэтыкі з новым фасадам сталі музычныя фестывалі, напрыклад, «Славянскі базар». А вось асноўнай мовай афіцыйнай беларускай культуры стала руская.
  • Альтэрнатыўная культура. Яна была беларускамоўная, нацыянальна арыентаваная і часта палітычна зараджаная. З’яўляюцца музычныя гурты, тэатры, літаратурныя ініцыятывы і самвыдат.