
PALATNO расказвае як па-рознаму можна называць балота па-беларуску.
Змест
Як назваць балота?
Усе ведаюць, што ёсць слова балота. Яно ёсць ва ўкраінскай (болото), рускай (болото), польскай (błoto), чэшскай (bláto), балгарскай (блато). А яшчэ балота можна назваць выраччу, райставінай. А невялікае балота называецца балоцвіна.
А ці ведалі вы, што зыбкае балота называецца дыхля? Яно ўтворана ад слова дыхаць. А топкае было называецца ніква, якое ўтворана ад нікнуць (то бок, гінуць, знікаць).
А ёсць яшчэ мохавае балота — імшара, яго маглі запазычыць з польскай мовы ці яно самастойна ўтварылася ў беларускай. Дарэчы, для абазначэння мохавага балота выкарыстоўваюць словы машара, вомшар.
А як назваць сумежныя балоты? І для гэтага ёсць слова ў беларускай мове — субалаткі.
А вось яшчэ вызначэнне для вязкага балота, якое зверху прыкрыта зыбкай карой, — крокаць. А калі вы ўбачыце іржавае балота, то яно называецца ржава.
Багна
Багнай называюць топкае балоцістае месца. Падобнае слова ёсць ва ўкраінскай, польскай, чэшскай, славацкай мовах, а вось у паўднёвых славянаў яго няма.
Паходжанне слова застаецца адкрытым. Некаторыя даследчыкі лічаць, што багна паходзіць ад нямецкага слова Bach («ручай»), некаторыя параўноўваюць яго з літоўскім bojus («багністае месца»). Таксама існуе меркаванне, што багна магло быць запазычыным словам з польскай мовы.
Дарэчы, багна яшчэ азначае вадаварот у рацэ і бруд на дарозе.
Тапіла, тапель, тапіна
У Лексічным атласе беларускіх гаворак слова тапіла можа азначаць топкае месца на балоце. Напрыклад, прынамсі так гаварылі на Бабруйшчыне, Расоншчыне, Пружаншчыне, Гомельшчыне. Гэты рэгіяналізм адрозніваецца па значэнні ў розных кутках Беларусі. Напрыклад, на Бабруйшчыне тапіла магло абазначаць топкае месца, а магло і звычайны вадаём. Тапілам у Лунінцы называлі невялікі вадаём, у якім летам вада не высыхае.
Тапеллю называюць топкае балота. Слова ўтваранае ад «тапіць» або «топкі». Слова распаўсюджанае на поўначы Беларусі. Ад тапелі ўтвараецца тапельня (з суфіксам -ельня — так-так, як самае знакамітае балота Беларусі!).
Тапіна — топкае месца на балоце. Слова найбольш распаўсюджанае на Веткаўшчыне і ля Касцюковічаў.
Трасавіна, трансава, тракеня
Трасавінай называюць зыбкае, хісткае месца, парослае мохам. Ва ўкраінскай мове існуе слова трясовина, якое значыць забалочаную нізіну, а яшчэ польскае trzęsawisko — дрыгва, багна. Адкуль жа з’явілася гэта слова? Яно паходзіць ад праславянскага *tręsavъ.
Трансава ў значэнні топкага месца было пашырана на Брэстчыне і Гродзеншчыне.
На Зэльвешчыне і Шчучыншчыне выкарыстоўвалі слова тракеня, што значыла гразкае месца.
Яшчэ балотныя цікавосткі
Пагарам называецца выгарэлае месца на балоце, ці проста багна ці багністае месца. А яшчэ ёсць слова выжар, што значыць месца, дзе калісьці выгарала балота.
Гвэгня — багна. Слова было пашырана на поўначы Беларусі. Хутчэй за ўсё, яно звязана з гукапераймальным дзеясловам гвягаць (што значыць гаварыць недарэчнае).
Патопічы — багна. Гэта слова зафіксавана ля Пухавічаў. Паходзіць ад дзеяслова тапіць. Існуе падобнае слова — патапеча.
Сап — нізкае месца, багна. Назва ўтвораная па гуку, які робіць багна, калі па ёй ідуць. Даследчыкі лічаць, што слова развілася пад польскім уплывам, бо ў польскай мове ёсць sapowisko у значэнні багны. Дарэчы, яшчэ сап значыць заразную хваробу коней і іншых непарнакапытных.
Луні — багністая мясціна. З’яўляецца пагранічным познім балтызмам.
Окліна — глыбокае месца на балоце. Мае старажытнае паходжанне, у асноўным было распаўсюджана на Брэстчыне.
Здуха — гэта дрыгва, нізкае вільготнае месца. Слова звязана непасрэбна з анатамічным тэрмінам здух — месца ў частцы цела паміж рэбрамі і жыватом.
Марочна — нізкае, гразкае балота; багністая мясцовасць.
Немярэча — непраходнае балота ці балоцістае месца сярод лесу. Слова звязана з яшчэ адным словам, якое азначае балота, — жярэча.
Нетра — цяжкадаступнае месца ў багністым балоце. Яўхім Карскі лічыў, што нетрамі можна называць толькі балоты на Палессі.