Now Reading
Беларускі флот існуе? Шукаем мемы і рэальныя адказы

Беларускі флот існуе? Шукаем мемы і рэальныя адказы

беларускі флот, ці ёсць у Беларусі флот

Да берагоў Беларусі накіруюць амерыканскі флот… Стоп! А ці сапраўды пра гэта калісьці казалі? А ўвогуле ў Беларусі існуе флот, хоць які-небудзь? Якую зацікаўленасць у беларускім флоце маюць расіяне? І чым займаюцца беларускія «маракі»?

PALATNO расказвае пра беларускі рачны флот.

«Да берагоў Беларусі адправяць флот». Беларускі флот прыдумалі ў Расіі

Працяглы час беларускі флот быў мемам. А ўсё пачалося з таго, што прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Джэйн Псакі абяцала накіраваць да берагоў Беларусі амерыканскі флот. Аднак высветлілася, што такога Псакі ніколі не гаварыла — не было нават падобнага англамоўнага выказвання.

Па легендзе, гэта цытата нарадзілася ў расійскай дзяржаўнай прэсе. У 2014 годзе выданне «Расійская газета» працытавала анекдот, які нібыта хадзіў па інтэрнэце, пра беларускі флот.

З таго часу беларускі флот, якога не існавала, ператвараецца ў мем. У яго структуру былі ўключаны падземныя, балотныя і пазаземныя сілы — гэта, вядома, жарт. Кіраўніцтва беларускага флоту нібыта знаходзіцца ў Бабруйску. «Гісторыкі» апісваюць з’яўленне беларускага флоту на Бабруйскім моры (яго не існуе — заўв. PALATNO) пад канец XII стагоддзя.

Хаця гістарычнасці ў гэтых мемах амаль няма, але напачатку XII стагоддзя князі, што кіравалі беларускімі землямі, сапраўды мелі доступ да марскіх шляхоў — асабліва да шляху «з варагаў у грэкі».

А ў рэальнасці ён існуе?

Беларусь не мае свайго класічнага флоту, які маюць суседнія краіны з доступам да мора. Хаця пасля атрымання незалежнасці доўгі час хадзілі чуткі, што беларусы атрымаюць флот — у Расіі. Аднак дагэтуль беларускага флоту на расійскай тэрыторыі так і не з’явілася.

У 2003 годзе Уладзімір Кураедаў, камандуючы Ваенна-марскімі сіламі Расіі, заяўляў, што некаторыя беларускія рэгіёны «апякалі» расійскія судны: Мінск — ракетны крэйсер «Маршал Усцінаў», Гродзенская вобласць — падводную лодку «Обніск», Брэст — малы супрацьлодачны карабель Кольскай флатыліі. Кураедаў падкрэсліваў, што беларусы дапамагалі расійскаму флоту грашамі і таварамі. Па меркаванні расійскіх медыя, беларускі «Інтэграл» мог дапамагаць расійскаму флоту з мікрасхемамі.

У 2021 годзе прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка заяўляў, што Беларусь мае намер стварыць у Расіі грузавы флот. Яго хацелі размясціць на тэрыторыі Ленінградскай вобласці: «У гэтым кірунку працуем вельмі сур’ёзна».

беларускі флот, ці ёсць у Беларусі флот
Фота: parohodstvo.by

У 2023 годзе пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой паведаміў, што беларускі бок збіраецца стварыць свой флот сумесна з расіянамі на Балтыйскім моры. На той момант ужо нібыта была падпісана дамова, але Беларусь не мела сваіх суднаў. Па словах Крутога, афіцыйны Мінск спадзяваўся, што іх судны з’явяцца на тэрыторыі Расіі і ім у гэтым дапамогуць расійскія губернатары.

Беларусь спрабавала стварыць таксама і камерцыйны флот. У 2010 годзе была зарэгістравана першая беларуская марская суднаходная кампанія «Белморфлот». У тым жа годзе ў Бразілію быў дастаўлены першы груз — калійныя ўгнаенні.

Кампанія «Белморфлот» паўстала дзякуючы замежным акцыям: асноўнай часткай валодалі швейцарцы. У наступныя пяць гадоў было запланавана інвеставаць у кампанію каля ста мільёнаў долараў, але здарыліся прэзідэнцкія выбары і тэракт у мінскім метро — гэта (і не толькі гэта) спыніла фінансаванне марскога праекту. За амаль дзесяцігадовы перыяд існавання суднаходнай кампаніі саміх суднаў у арганізацыі на балансе не было — іх арандавалі. У асноўным кампанія атрымлівала грошы ад аптовага гандлю нафтапрадуктамі. У 2021 годзе «Белморфлот» ліквідавалі.

А Беларусь можа стаць марской дзяржавай нават на расійскай тэрыторыі?

Самы просты адказ — так. Беларусы могуць арандаваць у Расіі адзін з партоў і нават караблі. Але гэта яшчэ не ўсё, што трэба для таго, каб гучна заявіць пра пачатак дзейнасці беларускага марскога флоту.

Для стварэння флоту беларускія дыпламаты павінны прайсці працэдуру рэгістрацыі сцяга ў міжнародных марскіх інстанцыях.

Чым займаецца беларускі флот

Беларускае рачное суднаходства займаецца двума кірункамі: перавозкамі грузаў і пасажыраў. Другі прыносіць не столькі грошай, каб утрымліваць буйны, па мерках Беларусі, рачны суднаходны флот.

Рачны флот Беларусі перавозіць грузы па рэках Сож, Бярэзіна, Мухавец, Піна, Прыпяць і Днепр да Чорнага мора. Рачныя парты базіруюцца ў Мазыры, Бабруйску і Гомелі.

Рачны порт у Мазыры паўстаў у 1963 годзе. Ён з’яўляецца галоўным перагрузачным аб’ектам пры перавозках у міжнародных зносінах. Порт выкарыстоўваецца для перапрацоўкі тарна-адзінкавых грузаў (вырабленых на прадпрыемствах апрацоўчай і іншых галін прамысловасці) і грузаў навалачных (сухіх, тыпу руды ці ўгнаенняў). Да порта ёсць чыгуначны пад’езд, а таксама мытны і памежны кантроль. У порце ў Мазыры ёсць восем буксірных цеплаходаў, адзін сухагрузны цеплаход.

Рачны порт у Бабруйску быў створаны ў 1970 годзе. Праз яго перавозяць навалачныя грузы. Гэты порт мае тры буксірных цеплаходы.

Найстарэйшы ў Беларусі порт знаходзіцца ў Гомелі. Ён працуе з 1933 года. Порт прызначаны для перапрацоўкі тарна-адзінкавых і навалачных грузаў. У ім абсталяваны пункт дзяржаўнай мяжы. Пасля рэарганізацыі ў порце рамантуюць рачныя суды. У порце Гомеля ёсць тры пасажырскія цеплаходы, шэсць буксірных цеплаходаў.

Пасажырскія перавозкі адбываюцца па рэках Сож, Мухавец і Прыпяць. Перавозчыкі абяцаюць, што падчас рачных вандровак можна атрымаць «зарад энергіі». Перавозкі пасажыраў ажыццяўляюць парты ў Брэсце, Пінску і Гомелі.

  • Рака Мухавец у Брэсце. Білеты прадаюцца пры пасадцы на цеплаход. Дзецям да пяці гадоў праезд бясплатны, ад пяці да дзесяці гадоў — 50% ад кошту білета. Да вясны пракаціцца на цеплаходзе ўжо не атрымаецца.
  • Экскурсіі па Пінску. Прагулачны рэйс на сорак хвілін — 5 рублёў (для дзяцей да сямі гадоў бясплатна). Прагулачны рэйс па дамове ў любы дзень тыдня — 200 рублёў на хаду на гадзіну, за арэнду на стаянцы — 130 рублёў.
  • Гомель. Рэйс на сорак хвілін — 10 рублёў (для дзяцей да сямі гадоў — бясплатна). Рэйс па дамове ў любы дзень тыдня — 350 рублёў на хаду за гадзіну і за арэнду на стаянцы — 240 рублёў.

Якія судны ёсць у беларускага флоту

51 буксірны цеплаход, 98 баржаў і 7 пасажырскіх цеплаходаў — толькі частка з таго, што мае беларускі флот.

Міні-флот ёсць у беларускіх памежнікаў — яны адзіныя сілавікі ў Беларусі, хто на балансе мае караблі. Беларускую мяжу ахоўваюць і на катэрах — у памежна-берагавым аддзяленні «Лоеў» на беларуска-ўкраінскім памежжы. Там у вайскоўцаў марскія рангі, талісманы і, вядома ж, ёсць караблі — па звестках з дзяржаўных медыя, толькі некалькі гадоў таму іх флот абнавілі.

 

Вярнуцца ўгару