На пачатку XX стагоддзя з Беларусі ў ЗША ў пошуках лепшага жыцця выехалі тысячы людзей. Многія з іх засталіся ў новай краіне і пусцілі там карані.
PALATNO расказвае пра дзяцей і унукаў беларускіх імігрантаў у Амерыцы, якія сталі вядомымі на ўвесь свет кінадзеячамі і акцёрамі.
Луіс Маер
Луіс Барт Маер нарадзіўся ў 1884 годзе ў Мінску ў сям’і яўрэяў. Калі хлопчыку было два гады, Маеры эмігравалі ў ЗША — так бацькі ратаваліся ад яўрэйскіх пагромаў у Беларусі.
Ва ўзросце 19 гадоў Луіс вырашыў пашукаць шчасця ў амерыканскім Бостане, дзе заняўся бізнесам па зборы металалому. Там хлопец ажаніўся з Маргарэт Шэнберг, яўрэйскай дзяўчынай з багатай сям’і. Не без дапамогі цесця Луіс набыў невялікі кінатэатр, які назваў Orpheum і праз паўгода зрабіў яго самым модным месцам у горадзе. На хвалі поспеху Маер стаў скупляць іншыя кінатэатры. Ужо праз некалькі гадоў ён валодаў самай вялікай сеткай кінатэатраў на паўночным усходзе ЗША. Менавіта тады Маер задумаў не толькі паказваць кіно, але і вырабляць яго.
У 1915 годзе сумесна з партнёрам Луіс Маер стварыў у Нью-Ёрку карпарацыю «Metro Pictures» са сваёй кінастудыяй. У тым жа годзе на экраны выйшаў яго першы фільм у якасці прадзюсара — «Вялікі сакрэт». Праз год Маер пераехаў у Лос-Анджэлес і адкрыў уласную кінакампанію «Луіс Маер Пікчэрс». У Галівудзе ён пазнаёміўся з уплывовым кінапрадзюсарам Маркусам Лоў, продкі якога, дарэчы, паходзілі з гомельскага Палесся. У 1924 годзе Лоў купіў кантрольныя пакеты акцый трох вядомых кінакампаній, у тым ліку і кампаніі Маера, аб’яднаў іх у адну карпарацыю і прапанаваў Луісу пасаду віцэ-прэзідэнта. Так паўстала знакамітая кінакампанія Metro-Goldwyn-Mayer. А леў на эмблеме MGM — гэта даніна павагі Лоў, якога многія называлі «львом амерыканскага кіно».
Пад кіраўніцтвам Маера MGM стала самай паспяховай кінастудыяй у свеце і стварыла шмат хітовых фільмаў з зоркамі першай велічыні, такімі як Грэта Гарбо, Кларк Гейбл, Кэтрын Хепбёрн, Джудзі Гарленд і іншымі. Маер стаў самым высокааплатным топ-менеджарам у ЗША, а ў 30-х і 40-х гадах быў адным з самых багатых людзей Амерыкі.
У 1927 годзе Луіс Маер стварыў Амерыканскую акадэмію кінамастацтва і прыдумаў працэс узнагароджання лепшых фільмаў года пазалочанай статуэткай. Так за Маерам назаўжды замацавалася мянушка Бацька «Оскара» — самай значнай і прэстыжнай кінапрэміі ў свеце.
Ліза Кудроў
Ліза Кудроў, зорка культавага амерыканскага серыяла «Сябры», нарадзілася ў Лос-Анджэлесе ў 1963 годзе. Бацька актрысы, у мінулым урач, калі выйшаў на пенсію, стаў вывучаць генеалогію і аказваць паслугі па вывучэнні паходжання. Хутка ён ператварыў хобі ў паспяховы бізнес. Ліза таксама зацікавілася гэтай сферай і прыдумала тэлеперадачу, дзе запрошаным зоркам расказваюць пра іх генеалагічнае дрэва, а таксама ездзяць па мясцінах, звязаных з іх продкамі. Шоў назвалі Who Do You Think You Are? («Хто вы, па-вашаму?»).
Для першага выпуску актрыса вырашыла даследаваць гісторыю сваёй сям’і і ў 2008 годзе разам са здымачнай групай прыехала ў Беларусь. Спачатку галівудская зорка пабывала ў Мінску, а потым паехала ў Вілейку і мястэчка Ілья ў Вілейскім раёне, адкуль паходзіла яе бабуля па лініі бацькі — Груня Фарберман. Бабуля Лізы з’ехала ў Амерыку ў пачатку 1920-х і там пазнаёмілася з будучым мужам, дзедам актрысы, які прыехаў у ЗША з Магілёва.
З дапамогай мясцовых краязнаўцаў актрыса даведалася, што падчас Другой сусветнай вайны нацысты знішчылі ў Ільі каля дзвюх тысяч яўрэяў, сярод якіх былі яе прадзед і прабабка з прозвішчам Мардуховіч. У адным з інтэрв’ю Ліза ўспамінае: «Тата расказваў мне, што пасля вайны яго стрыечны брат Баляслаў захацеў наведаць бацькоўскую хату ў Ільі. Вярнуўшыся, ён распавёў, што іх родную вёску ў Беларусі зраўнялі з зямлёй». У маладзечанскім архіве захаваліся дакументы, якія пацвярджаюць, што ўсю сям’ю Мардуховіч разам з братамі, сёстрамі і іх дзецьмі знішчылі нацысты. Актрыса пабывала на месцы расстрэлаў і каля помніка ахвярам, дзе ўвесь час плакала.
Скарлет Ёхансан
Скарлет Ёхансан — сэкс-сімвал Галівуда, нарадзілася ў 1984 годзе ў Нью-Ёрку. Беларускія гены актрысе дасталіся ад бабулі па лініі маці — Дораці, чые бацькі пераехалі ў ЗША з Нясвіжа. Дзед Дораці, Барух Ходаш, працаваў майстрам па шыццю абутку і жыў у невялічкай хаце амаль у цэнтры Нясвіжа на вуліцы Шпітальнай (цяпер вуліца Пушкіна). Грошай у сям’і не хапала, і Іцхак, сын Баруха, акурат перад Другой сусветнай вайной вырашыў эміграваць разам з жонкай у Амерыку. Такім чынам пераезд выратаваў іх ад страшнай смерці ў гета, дзе нацысты забілі амаль усіх нясвіжскіх яўрэяў, у тым ліку і іх бацькоў і сваякоў.
Маладыя пасяліліся ў Нью-Ёрку, у Брукліне, дзе ўжо было шмат выхадцаў з Нясвіжа і існавала свая абшчына. Іцхак працаваў на чайнай вытворчасці, а жонка займалася домам. Хутка ў пары нарадзілася дачка Дораці, а затым яшчэ двое дзяцей. Старэйшая дачка з дзяцінства марыла стаць актрысай і актыўна ўдзельнічала ў школьных тэатральных пастаноўках. Але ў 1945 годзе раптоўна захварэў і памёр бацька, і Дораці пайшла працаваць на металургічны завод, каб дапамагчы маці з грашыма. Пазней дзяўчына паспела выйсці замуж, вывучыцца на настаўніцу, нарадзіць дачку Мелані (маці Скарлет), развесціся з першым мужам і ў 1960-я гады пераехаць у Данію.
У канцы 1970-х ужо замужняя Мелані вяртаецца з сям’ёй і маці ў Нью-Ёрк, дзе з’явяцца на свет усе яе дзеці, у тым ліку і Скарлет. Дораці дапамагала выхоўваць маленькую Скарлет, яны многа часу праводзілі разам, і будучая зорка лічыла бабулю сваёй лепшай сяброўкай. Пазней актрыса скажа пра яе: «Бабуля сфармавала лепшыя якасці майго характару. Яна заўсёды была вельмі моцнай і ставіла інтарэсы сям’і вышэй за ўласныя, таму не мела магчымасці рэалізаваць свой акцёрскі талент. Думаю, яна ганарыцца тым, што я здзейсніла яе мару». А на пытанне журналістаў пра беларускую радзіму яе продкаў зорка адказала, што хоча наведаць гэтыя мясціны: «Было б выдатна туды з’ездзіць, але мне бракуе на гэта часу».
Кірк і Майкл Дугласы
Кірк Дуглас нарадзіўся ў 1916 годзе ў адным з самых бедных раёнаў Нью-Ёрка ў сям’і Гершэля і Брайны Даніеловіч. Па нараджэнні ён меў імя Ісер. Яго бацькі эмігравалі ў ЗША ў 1910 годзе з горада Чавусы Магілёўскай вобласці. Тады там хадзілі чуткі, што ў Амерыцы ў беларускіх яўрэяў справы ідуць вельмі добра.
Пасля пераезду Даніеловічы змянілі прозвішча на Дэмскі. Сям’я жыла вельмі бедна, і хлопчык вымушаны быў працаваць дворнікам і разносчыкам газет. Стаць акцёрам Ісер марыў з другога класа. Пасля школы ён пайшоў вучыцца ў каледж St. Lawrence University і паралельна працаваў ахоўнікам на аўтастаянцы і парцье ў гасцініцы, каб зарабіць на паступленне ў тэатральную акадэмію. У 1939 году хлопец адправіўся ў Нью-Ёрк і паступіў у прэстыжную Амерыканскую акадэмію драматычных мастацтваў. Грошаў на навучанне не было зусім, але падчас праслухоўвання Ісер зрабіў такое моцнае ўражанне на педагогаў, што яго адразу прынялі, нават далі стыпендыю. Юнак хутка зразумеў, што з яго яўрэйскім імем ён наўрад ці стане галівудскай зоркай, таму Ісер змяніў імя і прозвішча і стаў Кіркам Дугласам.
У час Другой сусветнай вайны Кірк пайшоў у войска, дзе праслужыў да 1943 года. Пасля вайны Дуглас пачаў актыўна здымацца і, пачынаючы з 1950-х, стаў адным з вядучых амерыканскіх акцёраў.
Усё жыццё Кірк Дуглас памятаў, адкуль яго бацькі. У сваіх мемуарах акцёр пісаў: «У мяне над ложкам віселі літаграфіі Марка Шагала на біблейскія тэмы. Я быў вельмі ўдзячны яму за тое, што ён нагадваў мне пра маіх продкаў. Я ведаў, што Шагал — яўрэй з Віцебска, горада недалёка ад Магілёва, радзімы маіх бацькоў з Беларусі. Мой бацька і Шагал з’ехалі адтуль прыблізна ў адзін і той жа час. Шагал стаў вядомым мастаком у Парыжы, а мой бацька — зборшчыкам смецця ў Нью-Ёрку. У яўрэяў вельмі розныя таленты…». Кірк вельмі хацеў наладзіць стасункі са сваімі сваякамі, якія засталіся жыць у Беларусі. Але пабачыцца ім не давялося — у акцёра здарыўся інсульт. Пазней Кірк даслаў у Магілёў ліст і фотаздымак сваёй амерыканскай сям’і.
Майкл Дуглас, старэйшы сын Кірка, нарадзіўся ў 1944 годзе і стаў выбітным акцёрам і сапраўдным сэкс-сімвалам Галівуда. Ён таксама заўсёды ведаў, адкуль яго карані. У 2011 годзе ў Нью-Ёрку на вечары, арганізаваным амерыканскім ПЭН-клубам у падтрымку Беларускага Свабоднага тэатра, брытанскі драматург Том Стопард зачытаў ліст ад Майкла. Той пісаў: «Я — амерыканец, таму што сям’я майго бацькі прыехала з Беларусі па новае жыццё ў краіну Свабоды. Мы абавязаныя скарыстаць гэтую свабоду для таго, каб падтрымаць тых, каму адмоўлена ў такіх правах, як правы на свабоду выбару. Як акцёр я рады падтрымаць Беларускі Свабодны тэатр, флагман мірнага пратэсту за справядлівасць і дэмакратыю ў краіне маіх продкаў».
Харысан Форд
Харысан Форд, вядомы нам у першую чаргу як галоўны герой фільмаў пра Індыяну Джонса, нарадзіўся ў 1942 годзе ў Чыкага. Яго дзед Гары Форд, у гонар якога Харысан быў названы, у 1906 годзе пераехаў з Мінска ў Нью-Ёрк, дзе працаваў кіроўцам трамвая. Праз год ён пазнаёміўся са сваёй зямлячкай Ганнай Ліўшыц, якая таксама прыехала ў Амерыку з Мінска. Хутка маладыя пабраліся шлюбам, а ў 1917 годзе ў іх нарадзілася дачка Дора — маці будучай зоркі Галівуда.
Харысан Форд часта расказвае ў інтэрв’ю пра сваіх продкаў: «Так, мае бабуля і дзядуля па матчынай лініі былі беларускімі яўрэямі з Мінска, але пазнаёміліся ў Брукліне. Потым пераехалі ў Нью-Джэрсі, дзе і нарадзілася мая маці. Тата дажыў да 92 гадоў, маці — да 87, і абое былі актыўнымі да апошніх дзён. Так што ў мяне добрая спадчыннасць».
У пачатку 2000-х Форд прыязджаў у Расію і Беларусь, каб падрыхтавацца да ролі капітана падводнай лодкі ў фільме «К-19» і пагаварыць з былымі падводнікамі, у тым ліку з беларускім афіцэрам Іванам Кулаковым. У Мінск акцёр прывёз з сабой фотаздымак 100-гадовай даўніны, дзе яго бабуля Ганна стаіць на вуліцы Захар’еўскай каля кандытарскай. Харысан вельмі хацеў знайсці гэты дом, але той, на жаль, не захаваўся.
Вайнона Райдэр
Вайнона Лора Хоравіц, зорка такіх кінахітоў, як «Бітлджус», «Дракула» і «Восень у Нью-Ёрку», нарадзілася ў 1971 годзе ў невялікім гарадку ў амерыканскім штаце Мінесота ў сям’і пісьменніка Майкла Хоравіца, чый бацька Сол паходзіў з Мінска і разам з жонкай і дзецьмі ўцёк ад рэвалюцыі 1917 года спачатку ў Румынію, а потым ў ЗША. Пазней усе яго сваякі загінулі ад рук нацыстаў у гады Другой сусветнай вайны ў Мінскім гета. Першапачаткова ў дзеда галівудскай зоркі было прозвішча Томчын, але пасля пераезду ў Амерыку ён змяніў яго на больш амерыканскае і бяспечнае — Хоравіц.
Доўгі час Вайнона не расказвала пра яўрэйскіх продкаў, але аднойчы прызналася, што яе галоўны дзіцячы страх быў звязаны з трагічнай сямейнай гісторыяй. У дзяцінстве яна часта чула ад бацькоў пра нейкіх невядомых і страшных нацыстаў і вельмі баялася, што яны заб’юць яе разам з усёй сям’ёй, як некалі забілі іх радню ў Беларусі.