7 чэрвеня — Сусветны дзень краўдфандынгу. Для беларусаў гісторыя ахвяраванняў, асабліва на фоне пратэстаў у 2020 годзе, — вельмі блізкая. Тысячы еўра былі сабраныя для аплаты штрафаў, для дапамогі палітзняволеным і на рэлакацыю людзей, якія пацярпелі ад дзеянняў рэжыму Лукашэнкі.
Змест
Хто і на што збірае грошы для беларусаў
2020 год змяніў краўдфандынгавую карту Беларусі. Некаторыя буйныя ініцыятывы зніклі з-за палітычнага пераследу, а іншыя, наадварот, з’явіліся «дзякуючы» рэпрэсіям рэжыму Лукашэнкі. Большасць фондаў, якія збіраюць грошы, — тыя, хто дапамагае пацярпелым. Расказваем, што гэта за фонды.
Фонд салідарнасці BYSOL
Фонд з’явіўся ў першы тыдзень пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе. Асноўная мэта арганізацыі — збор грошай для пацярпелых ад рэпрэсій, падтрымка палітзняволеных і іх сем’яў, экстраннай эвакуацыі з краіны. Кіраўнік арганізацыі — Андрэй Стрыжак. Беларускія сілавікі прызналі арганізацыю «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Вось афіцыйны сайт арганізацыі: https://bysol.org/ru/.
BY_help
Ініцыятыва была запушчаная Аляксеем Лявончыкам сумесна з Андрэем Стрыжаком. Кампанію запусцілі яшчэ ў 2017 годзе, калі праходзілі пратэсты «не дармаедаў». Пасля пачатку пратэстаў 2020-га BY_help займалася дапамогай людзям, якія адбывалі адміністрацыйны арышт, ці тым, каму прызначылі штраф: затрыманым кампенсаваліся грошы.
Фонд медыцынскай салідарнасці
Фонд дапамагае медыкам і дактарам, якія сутыкнуліся з палітычным пераследам. Арганізацыя была заснавана ў 2020 годзе. За гэты час фонд дапамог амаль на 100 тысяч еўра, падтрымаў рэлакацыю больш за 50 медыцынскіх супрацоўнікаў. Фонд збірае грошы праз платформу BYSOL.
Афіцыйны сайт: https://bymedsol.org/.
Беларуская Рада культуры
Рада дапамагае людзям з беларускай культуры рабіць свае праекты. У шэраг падтрыманых уваходзяць «Красная Зелень», «Казкі з Маляванычам», а таксама шматлікія выставы. Беларускай Радзе культуры можна дапамагчы рублём, а можна і папрасіць пра дапамогу аб развіцці свайго праекта.
Афіцыйны сайт: https://byculture.org/.
Фонд спартыўнай салідарнасці
Беларускія спартсмены аб’ядналіся падчас пратэстаў у Беларусі. Спачатку яны абвясцілі збор подпісаў пад лістом свабодных спартсменаў, а пасля эміграцыі Аляксандра Апейкіна і Аляксандры Герасімені быў створаны фонд падтрымкі беларускіх спартсменаў, якія падтрымалі народ падчас пратэстаў. Фонд збірае грошы праз платформу BYSOL.
Афіцыйны канал: https://www.facebook.com/bssfbel/.
Як знішчылі «Улей» і «МолаМола»
У маі 2023 года, пасля трох гадоў утрымання ў следчым ізалятары, пачалі судзіць Эдуарда Бабарыку — сына кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі. Бабарыка-малодшы да выбараў быў сузаснавальнікам краўдфандынгавых пляцовак Ulej.by і MolaMola. Праз іх можна было развіваць грамадзянскія ініцыятывы, адкрываць зборы грошай на разнастайныя праекты.
Напрыклад, каб пачаць збор сродкаў праз «МолаМола», трэба было проста апісаць сваю ініцыятыву і прывязаць картку. Грошы пералічваліся як дарунак, а калі за год іх было больш за 6 569 рублёў, то ўжо трэба было плаціць падаткі.
Цяпер сайты пляцовак недаступныя. Апошнія допісы ў сацыяльных сетках датуюцца выбарчым 2020-м годам. Атака на прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду скончылася закрыццём (ці прыпыненнем?) гэтых амбіцыйных праектаў. Па інфармацыі праваабаронцаў, Эдуарда Бабарыку судзяць у тым ліку і за дзейнасць пляцовак: яго абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.
«Улей» і «МолаМола» дапамаглі шматлікім ініцыятывам і бізнесам, але пасля 2020-га зніклі праз палітычны пераслед аднаго з заснавальнікаў. Гэтыя праекты былі ўнікальнымі для беларускай прасторы, і іх пакуль нішто не змагло замяніць.
Краўдсорсінгавая платформа «Талака» пасля налёту на «Улей» і «МолаМола» таксама «заціхарылася». Сайт і сацыяльныя сеткі ініцыятывы маўчаць. У свой час «Талака» падтрымлівала беларускія ініцыятывы: пераклады фільмаў і серыялаў на беларускую, падтрымку беларускамоўных медыяпраектаў і іншае.
У Беларусі яшчэ працягваюць працаваць ініцыятывы, якія збіраюць грошы на дапамогу хворым дзецям, бадзяжным жывёлам. Большасць з іх робіць гэта не асабліва гучна, каб беларускія «ўлады» не звярнулі лішняй увагі на актыўнасць.
Дык ці жывы краўдфандынг у Беларусі? Так, але ён вельмі глыбока ў падполлі.
Пераход у Patreon
У апошнія два гады большасць беларускіх актывістаў і медыя пераходзяць на пляцоўку Patreon, дзе кожны месяц фіксаванай сумай можна падтрымаць ініцыятывы. Беларускія медыя, якія былі вымушаныя пакінуць краіну пасля пачатку пераследу, карыстаюцца Patreon.
Patreon працуе і для беларускіх ініцыятыў пра палітзняволеных жанчын ці, да прыкладу, цікавостак пра Глыбокага і беларускую літаратуру. Вось толькі некалькі прыкладаў: Палітвязынка, Кастусь пра Глыбокае, Белліт. А вось колькі старонак на Patreon беларускіх медыя: Euroradio, MOST, Зеркало.
Дарэчы, PALATNO таксама можна падтрымаць праз Patreon: https://www.patreon.com/palatno.