У кастрычніку 2022 года Нобелеўскую прэмію міру атрымаў знаны беларускі праваабаронца, палітзняволены Алесь Бяляцкі. Мы вырашылі ўзгадаць іншых лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, звязаных з Беларуссю. У першай частцы расказваем пра тых набелянтаў, якія нарадзіліся і/або жылі ў Беларусі.
Святлана Алексіевіч
Святлана Алексіевіч — беларуская журналістка, пісьменніца. Піша на рускай мове. Нарадзілася 31 мая 1948 года ва Украіне. Яе бацька, беларус, быў вайскоўцам, пасля дэмабілізацыі ў 1950-м сям’я пераехала ў Беларусь. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2015) «за шматгалосую творчасць — помнік пакутам і мужнасці ў наш час».
Яна — першы Нобелеўскі лаўрэат у гісторыі незалежнай Беларусі. Афіцыйны Мінск вельмі сціпла адрэагаваў на гэтую падзею.
Бацька і маці працавалі сельскімі настаўнікамі. Сама Святлана Алексіевіч працавала выхавацелькай, настаўніцай гісторыі і нямецкай мовы, а таксама журналісткай у перыядычным друку. У 1972 годзе скончыла факультэт журналістыкі БДУ. У 1983-м стала сябрам Саюза пісьменнікаў СССР.
Папулярныя кнігі — «У вайны не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд-хэнд». Яе творы прысвечаны жыццю позняга СССР і постсавецкай эпохі, прасякнутыя пачуццямі спагады, гуманізму, аб’ектыўнасці, імкненнем да адлюстравання неафіцыйнай гісторыі. Працуе ў мастацка-дакументальным жанры.
Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі — беларускі грамадскі дзеяч і праваабаронца. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года.
Ён нарадзіўся ў беларускай сям’і ў Расіі 25 верасня 1962 года. У 1965-м годзе сям’я вярнулася ў Беларусь. У 1984 годзе скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «беларуская і руская мовы і літаратура» (кваліфікацыя — філолаг, выкладчык беларускай і рускай моў і літаратуры). Працаваў настаўнікам. З 1981 года браў удзел у моладзевым нацыянальна-дэмакратычным руху, друкаваўся ў тагачасных падпольных выданнях. Быў удзельнікам мітынгаў на Дзяды ў 1987 і 1988 гадах. З’яўляўся адным з арганізатараў Першага вальнага сойму беларускіх суполак.
Падчас навучання ў аспірантуры ў Мінску быў адным са стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», потым — старшынёй гэтай арганізацыі. Таксама быў сябрам аргкамітэта грамадскай арганізацыі «Беларускі народны фронт».
Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Музея гісторыі беларускай літаратуры, затым па конкурсе абраны калектывам музея на пасаду дырэктара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Працаваў дырэктарам музея з кастрычніка 1989 да жніўня 1998 года. У будынку музея ў 1990 г. мела юрыдычны адрас і пачынала працу рэдакцыя адной з першых дэмакратычных газет у Беларусі «Свабода». Алесь Бяляцкі прадаставіў юрыдычны адрас музея для рэгістрацыі дзясяткаў няўрадавых арганізацый, які ў тыя гады было цяжка знайсці, у тым ліку Праваабарончаму цэнтру «Вясна».
У 1991-1996 гадах быў дэпутатам Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў. 5 верасня 1991 года, пасля прыняцця Мінгарсаветам рашэння пра выкарыстанне нацыянальнай сімволікі, Бяляцкі прынёс бела-чырвона-белы сцяг у залу пасяджэнняў дэпутатаў, гэты сцяг першым у краіне быў афіцыйна вывешаны над будынкам Мінгарсавета.
У 1996 годзе заснаваў праваабарончы цэнтр «Вясна-96», які ў 1999-м пераўтварыўся ў праваабарончы цэнтр «Вясна». У 2003-м Вярхоўны суд Беларусі пазбавіў «Вясну» дзяржаўнай рэгістрацыі, з тых часоў вядучая беларуская праваабарончая арганізацыя працуе без рэгістрацыі.
4 жніўня 2011 года Алеся Бяляцкага затрымаў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Яго асудзілі за «утойванне даходаў у асабліва буйным памеры» на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Бяляцкі сваёй віны не прызнаў і заявіў, што грошы, якія былі атрыманы на яго рахункі ў банку, выкарыстоўваліся на праваабарончую дзейнасць. Бяляцкага вызвалілі 21 чэрвеня 2014 года.
Падчас пагрому грамадскіх арганізацый у Беларусі Алесь Бяляцкі затрыманы 14 ліпеня 2021-га. Яго вінавацяць у «кантрабандзе» і «фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». 7 кастрычніка 2022 года Алесь Бяляцкі абвешчаны лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. За свайго зняволенага мужа залаты медаль і дыплом лаўрэата 10 снежня атрымала Наталля Пінчук. Нобелеўская прамова ўпершыню ў гісторыі прагучала па-беларуску.
Жарэс Алфёраў
Жарэс Алфёраў нарадзіўся 15 сакавіка 1930 года ў Віцебску, а памёр 1 сакавіка 2019 года ў Санкт-Пецярбургу (Расія). Лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне фізікі 2000 года за распрацоўку паўправадніковых гетэраструктур і стварэнне хуткіх опта- і мікраэлектронных кампанентаў.
У гады Другой сусветнай вайны сям’я Алфёравых пераехала ў горад Турынск Свярдлоўскай вобласці. Пасля заканчэння вайны Алфёравы вярнуліся ў разбураны Мінск, дзе будучы лаўрэат з залатым медалём скончыў сярэднюю школу. Паступіў вучыцца на энергетычны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер БНТУ), працягнуў вучобу ў Ленінградзе. Прымаў удзел у распрацоўках першых савецкіх транзістараў і сілавых германіевых прыбораў.
Жарэс Алфёраў — аўтар больш за 500 навуковых прац, трох манаграфій і 50 вынаходніцтваў. У яго гонар названы астэроід.
Менахем Бегін
Менахем Бегін нарадзіўся 16 жніўня 1913 года ў Брэсце, памёр 9 сакавіка 1992 у Тэль-Авіве, Ізраіль. Ён быў сёмым прэм’ер-міністрам Ізраіля з чэрвеня 1977-га па 1983 год. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (1978, разам з Анварам Садатам).
Скончыў у Брэсцкую яўрэйскую рэлігійную школу, затым дзяржаўную гімназію і паступіў на юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, які і скончыў у 1935 са ступенню магістра права. У 2005 годзе ў Брэсце на вуліцы Куйбышава была адкрыта мемарыяльная дошка ў яго гонар. 31 кастрычніка 2013 года быў адкрыты помнік з памятным надпісам на беларускай, англійскай мовах і іўрыце.
Сайман Кузнец
Сайман Сміт Кузнец (Сямён Абрамавіч Кузнец) нарадзіўся 30 красавіка 1901 года ў Пінску, памёр 8 ліпеня 1985 года ў Кембрыджы, ЗША. Ён — амерыканскі эканаміст і статыстык, адзін з заснавальнікаў эмпірычнай эканомікі і колькаснай эканамічнай гісторыі. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы (1971).
Нарадзіўся ў яўрэйскай сям’і ў Пінску, дзе меркавана навучаўся ў гарадскім рэальным вучылішчы, пасля чаго сям’я пераехала ў Роўна, а ў 1915 годзе, у сувязі з высяленнем яўрэяў з прыфрантавой зоны, — у Харкаў.
3 1922 года жыў у ЗША. Вёў навуковыя даследаванні ў галіне эканаметрыі, эканамічнай статыстыкі і гісторыі. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы «за эмпірычнае абгрунтаванае тлумачэнне эканамічнага росту, якое прывяло да новага, больш глыбокага разумення эканамічнай і сацыяльнай структуры і працэсу развіцця ў цэлым».
У 2013 годзе Харкаўскаму нацыянальнаму эканамічнаму ўніверсітэту прысвоена імя Сямёна Кузняца.
Шымон Перэс
Шымон Перэс нарадзіўся 2 жніўня 1923 года ў Вішневе (цяпер Валожынскі раён Беларусі), памёр 28 верасня 2016 года ў Рамат-Гане, Ізраіль. Ён быў прэзідэнтам Ізраіля з 2007 па 2014 годы. Актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці Ізраіля болей за 50 гадоў. Займаў пасаду прэм’ер-міністра Ізраіля, шэраг іншых важных пасад. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (1994, разам з Іцхакам Рабінам і Ясірам Арафатам).
Скончыў Гарвардскі ўніверсітэт, свабодна гаварыў на ідышы, іўрыце, англійскай і французскай мовах, цікавіўся нанатэхналогіямі. Паводле землякоў Перэса, будучы нобелеўскі лаўрэат у даваенным Вішневе любіў гуляць у футбол і размаўляў па-беларуску.
У якасці грамадзяніна Ізраіля Шымон Перэс двойчы наведваў Беларусь — у жніўні 1992-га і ў студзені 1998 года. Абодва разы прыязджаў у Вішнева. На месцы ў Вішневе, дзе ён нарадзіўся, вісіць памятная шыльда з надпісамі на рускай і англійскай мовах: «Тут 2 жніўня 1923 года нарадзіўся Шымон Перэс, сын Сары і Ісаака Перскіх, нобелеўскі лаўрэат, дзявяты прэзідэнт дзяржавы Ізраіль». У доме культуры Вішнева адкрыты мемарыяльны пакой, прысвечаны Шымону Перэсу і яго родзічам.
У другой частцы мы раскажам пра набелянтаў, якія маюць беларускія карані.