Заазерскі каменны комплекс: беларускі Стоунхэндж ці сярэднявечныя могілкі?

заазерскі стоўнхэндж, беларускі стоўнхэндж

Пра заазерскі комплекс валуноў неаднаразова расказвалася са старонак беларускай прэсы, сюжэты пра іх паказалі, бадай, усе тэлеканалы краіны. Пра яго неаднойчы пісалі ў сваіх кнігах краязнаўцы і аматары гісторыі. Але пры гэтым заазерскі комплекс слаба вывучаны навукоўцамі, што стварае вакол яго шмат неадназначных трактовак, скажэнняў і прыдумак.

Пакуль няма адзінага меркавання, што гэта такое: паганскае капішча, сярэднявечнае пахаванне ці штосьці іншае?

PALATNO разбіраецца, што наогул з сябе ўяўляе заазерскі «Стоунхэндж» і адкуль з’явіўся такі арэол загадкавасці.

Каменны комплекс

Недалёка ад самага чыстага і прыгожага заазёрскага возера знаходзіцца таямнічая круглая пляцоўка, межы якой ствараюць валуны розных памераў. Старажытны некропаль лакалізуецца каля вёскі Заазер’е.

Каменны комплекс займае акруглую пляцоўку ў трыццаць метраў у дыяметры. Самым вялікім помнікам у ім з’яўляецца масіўны каменны крыж у рост чалавека з выемкай у «жываце». За ім размешчаны яшчэ два крыжы. Вялікі помнік стаіць «тварам» роўна на ўсход, а яго «рукі» накіраваны на поўнач і поўдзень.

Побач з вялікім крыжам у няпэўным парадку, бессістэмна, але напаўсферай, ляжаць заглыбленыя ў зямлю і парослыя мохам, пашкоджаныя прыроднымі стыхіямі і чалавечай дзейнасцю іншыя каменныя крыжы. З-за дэфармацыі іх няпроста адрозніць ад звычайных плоскіх камянёў.

Cамы вялікі каменны крыж таксама ляжаў на зямлі, зарослы мохам і папараццю, пакуль адна з мясцовых школьных настаўніц не звярнулася ў Эсьмоньскае лясніцтва. Праз некаторы час каменны крыж ужо стаяў і здзіўляў сваімі памерамі краязнаўцаў.

заазерскі стоўнхэндж, беларускі стоўнхэндж
Заазерскія камяні і крыж у цэнтры. Аматарскі эскіз алоўкам, зроблены зімой – далёка не ўсе аб’екты зафіксаваны. Фота: з кнігі «Маё мястэчка ў часе і прасторы» / Ю. Несцярэнка

Вакол крыжоў параскідана шмат неапрацаваных камянёў, каля чатырох-пяці дзясяткаў разнастайных валуноў. На паасобных камянях высечаны дванаццаці-, шасці- і чатырохканцовыя крыжыкі (характэрныя для хрысціянскіх надмагілляў), на іншых — стрэлка, галiнка, трохкутнiкі. Два следавікі знаходзяцца па краях умоўнага ўваходу на комплекс, утвараючы своеасаблівую ўмоўную браму. Многія з іх маюць ізатэрычную форму — паўсфера, куб, пліта.

заазерскі стоўнхэндж, беларускі стоўнхэндж
«Загадкавая» выява «чалавечка» на адным з камянёў хутчэй за ўсё з’яўляецца стылізаваным галгофскім крыжом. Фота: з кнігі «Уздоўж стромы» / М. Карпечанка

Як загадкавая мясціна стала беларускім Стоунхэнджам

Ваколіцы вёскі Заазер’е ў Бялыніцкім раёне, дзе знаходзяцца каменныя крыжы і валуны, цяпер сталі месцам краязнаўчага паломніцтва. Тут былі і вучоныя, і журналісты, і настаўнікі — усе, каго зацікавіла інфармацыя пра ўнікальную мясціну. І кожны выказваў сваю версію адносна з’яўлення сярод ляснога гушчару каменнага волата ў рост чалавека і яго меншых каменных братоў. Доўгі час для шырокай аўдыторыі загадкавая мясціна Бялыніччыны заставалася малавядомай. Пэўную вядомасць каменны комплекс займеў пасля выхаду ў свет у 2007 годзе кнігі мясцовага краязнаўцы і журналіста Міхася Карпечанкі «Уздоўж стромы: Таямніцы». У ёй аўтар значную ўвагу надаў крыжу і камяням у лесе каля Заазер’я. У ёй жа ўпершыню паўстала тэорыя пра сувязь комплексу з багіняй Мажанай.

заазерскі стоўнхэндж, беларускі стоўнхэндж
Кніга Міхася Карпечанкі «Уздоўж стромы». Фота: kamunikat.org

Яшчэ большую вядомасць месца займела пасля выхаду краязнаўчага нарыса «Заазерскі “Стоўнхэндж”» у часопісе «Маладосць» таго ж самага Міхася Карпечанкі. У ім адзначаецца, што самы вялікі крыж у рост чалавека з комплекса каменных помнікаў мае гаючыя уласцівасці:

«Ён прыцягвае ўвагу адразу — памерам, увагнутасцю паверхні, адмыслова вырабленымі бакавымі перакладзінамі, якія нагадваюць рукі, што як бы хочуць ахінуць-абняць прастору перад сабой. Чалавек, прытуліўшыся да паўсферы крыжа і заплюснуўшы вочы, адразу пачынае адчуваць сваю злітнасць з ім. Складваецца такое ўражанне, што крыж адцягвае з вас адмоўную энергію, перадаючы яе на сасну, якая расце побач. Яна ўся на дзіва вузлаватая, кручаная-перакручаная, хоць астатнія дрэвы роўныя і гонкія, без прыкмет хваробы. У маёй прысутнасці, можа, з сотню чалавек станавіліся, прыхінаючыся спінаю, да крыжа, і ўсе казалі пра адчуванне злітнасці з ім і нейкую заспакоенасць».

Праўда, прыгожая мастацкая падача краязнаўцы нічога з рэальным прызнаннем надзвычайных уласцівасцяў крыжа мясцовымі жыхарамі не мае.  Тым не менш гэтую выдумку далей працягвалі множыць.

У матэрыяле Ігара Грэчкі ў «Настаўніцкай газеце» за 2014 год пра заазерскі комплекс сцвярджаецца, што людзі прыходзяць і прыхіляюцца да вялікага крыжа, закрываюць вочы і просяць нешта сваё, але найчасцей здароўя:

«Камень нібыта прымае чалавечыя боль і праз зямлю перадае яго дрэвам. Звярніце ўвагу на сосны і бярозы, якія растуць каля самога каменя. Яны хворыя, хаця ўсе астатнія бліжэйшыя дрэвы здаровыя. Тут асаблівае месца, бо зямля і валуны нібыта забіраюць людскія хваробы. Нехта гаворыць, што тут моцнае энергетычнае поле, таму людзям, якія фізічна і псіхічна слабыя, а таксама дзецям лепш сюды не хадзіць».

заазерскі стоўнхэндж, беларускі стоўнхэндж
Вялікі крыж заазерскага комплекса ў рост чалавека. Фота: orda.of.by

У сваім нарысе Карпечанка адзначае, што камяні-следавікі захаваліся ў беларускім фальлоры рознымі паданнямі, але не звязвае іх з каменным комплексам каля Заазер’я. Разважанні аўтара «Заазерскага “Стоунхэнджа”» ў  інтэрнэт-прасторы сталіся прамымі сведчаннямі пра існаванні паданняў пра заазерскія камяні і крыжы, як то на турыстычным партале «Планета Беларусь»:

«Множество легенд связано с этим местом. Они говорят о том, что некогда камни были мягкими, как воск, потому животное или человек могли оставить такие следы прямо в камне. Некоторые предания, более поздние, времен христианства, сводятся к тому, что это следы Христа или Богородицы. Воду, которая стекает во время дождя с валунов, местные жители считают целебной, а сами камни — вещими. Люди верят, что, если припасть к камню с просьбой или горем, камень услышит и поможет».

Апагеем міфалагізацыі і скажонага ўяўлення пра каменны комплекс стаў артыкул Аксаны Катовіч і Янкі Крука, якія славяцца сваімі неверагоднымі тэорыямі. Іх матэрыял-«рэканструкцыя» выйшаў у дзяржаўнай газеце «Звязда» ў снежні 2015 года — і яна па-за межамі навуковасці, даследчага падыхода ўвогуле.

Крук і Катовіч падрабязна апісалі абрадавыя дзеянні, якія насельнікі краю нібыта выконвалі на ім. Згодна з іх «рэканструкцыяй», вялікі крыж з’яўляецца «ўваходным крыжом у комплекс», прастора якога ўяўляла сабой тры кальцы, выкладзеныя камянямі. Гэта нібыта паказвала на тое, што ў сакральным абрадзе прымалі ўдзел жанчыны трох узроставых груп або пакаленняў.

На гэтым «складаным сакральным комплексе» Крук і Катовіч знайшлі вялікі плоскі камень парадзіх, на якім, магчыма, у цёплую пару года маглі прымацца роды, камень-латок для катання на Вялікдзень фарбаваных яек і камень для ахвярапрынашэнняў. Але акрамя тэксту ніякіх візуальных пацверджанняў знодзеных камянёў не было. Адметна, што вышэй прыгаданы Міхась Карпечанка ў сваім краязнаўчым нарысе шчыра прызнаецца:

«Падчас шматлікіх апытанняў старых заазерцаў аніводзін з іх не згадаў, каб яны ці іхнія бацькі-дзяды-прадзеды звярталіся па дапамогу да следавікоў. Відавочна, што заазерскія следавікі не ўспрымаюцца мясцовым насельніцтвам як прошча».

Ці магло быць капішча Мажаны насамрэч?

Асноўная тэорыя краязнаўцы Міхася Карпечанкі ў тым, што заазерскі комплекс з камянямі і крыжамі з’яўляўся некалі капішчам багіні Марэны, якая нібыта ў тутэйшых краях магла называцца Мажанай (такое найменне міфалагічнага персанажа захавалася ў польскай традыцыі). Карпечанка расшыфроўвае дванаццаціканцовы крыжык, які выбіты на некаторых заазерскіх камянях, як «крыж Мары». Загадкавае месца бялыніцкі краязнаўца звязвае з адзіночным курганам і трыма курганнымі могільнікамі эпохі Старажытнай Русі з 2, 41 і 110 насыпамі, а таксама гарадзішчам ранняга жалезнага веку. Сведчаннем, што каля Заазер’я маглі ў даўнія часы ўшаноўваць бігіню Мажану, на яго думку, з’яўляюцца назвы рэчкі Можа і вёска Мажаны. Некаторыя краязнаўчы сцвярджаюць, што і самы вялікі крыж першапачаткова быў ідалам, які ў часы хрысціянізацыі краю стаўся абсечаны і набыў сучасную форму.

заазерскі стоўнхэндж, беларускі стоўнхэндж
Выгляд адваротнага боку каменнага крыжа. Фота: ingener-orda.of.by

Мясцовая тапаніміка абвяргае высновы аб існаванні капішча багіні смерці Мажаны-Марэны-Мары. Асноўнай назвай з’яўляецца назва рэчкі Можа, бо вядома, што гідраніміка з’яўляецца найбольш старадаўняй сярод усіх відаў тапонімаў. Роднасныя гідронімы сустракаюцца ў іншых месцах у Верхнім Падняпроўі: Мажа (басейн Прыпяці), Мажанка і Мажайка (прытокі Бярэзіны), Мжа (прыток Паўночнага Данца).

Даследчыкі звычайна тлумачаць іх паходжанне ад балцкага слова *mazoja са значэннем «малы, невялікі». З іншага боку, гідронім можна параўнаць з такімі словамі, як рускае мгла, мга — «густы, сыры туман, імжа», беларускае імжа — «дробны дождж»/«туман», літоўскае migla — «туман», славенскае mzi — «цекчы». Усе яны ўзыходзяць да індаеўрапейскай асновы *meigh- са значэннем «туман», «дождж», «станавіцца цёмным». А багіня Марана звязана з увасабленнем смерці: яе імя ўтварылася на аснове кораня мер-/ мор-.

Назва ракі Можа і імя багіні Мараны/Мажаны паміж сабой не звязаныя. Іх суаднясенне — толькі прыклад «народнай этымалогіі: тлумачэнне паходжання назвы на аснове вонкавага сугучча з якім-небудзь словам. Мясцовыя тапонімы наўмысна скажалі, каб падагнаць пад абгрунтаванне версіі аб сакральна-магічным комплексе: рака Можа падаецца ў матэрыялах Карпечанкі ў форме Мажана, а ўрочышча, дзе прялагае водны аб’ект нібыта называецца Мажаны, хоць такога наймення мясцовыя жыхары наогул не ведаюць.

Што кажуць вучоныя і як ставяцца да таямнічай мясціны мясцовыя жыхары

Самі заазерцы звязваюць гэтае месца з пахаванымі французамі падчас вайны 1812 года, а пад вялікім крыжом нібыта пахаваны нейкі вялікі французскі ваенны начальнік. Па іншай версіі, на гэтым месцы пахавалі шведскім жаўнераў і генерала. А на магіле, маўляў, і паставілі вялізны крыж, а на магілах салдат — звычайныя камяні. Мясцовае насельніцтва не лічыла гэтае месца нейкім сакральным, хоць яно было адметным у навакольнай мікратапаніміцы, бо адлюстроўвала падзеі «фальклорнай гісторыі». Наўрад ці людзі маглі хадзіць да каменнага комплексу маліцца, бо асацыявалі яго з пахаваннямі чужынцаў.

заазерскі стоўнхэндж, беларускі стоўнхэндж
Вялікі каменны крыж у атачэнні іншых камянёў са знакамі. Фота: ingener-klepka.livejournal.com

Сярод вучоных ёсць розныя меркаванні наконт прызначэння і сутнасці заазерскага каменнага комплекса. Магілёўскі геаграф Ігар Шаруха схільны лічыць круглую пляцоўку з камянямі і крыжамі паганскім капішчам. На яго думку, камяні маглі стаяць у пэўным парадку: для назірання за сонцам, месяцам, зоркамі, каб «весці» каляндар. Географ адзначае, што пярэдняя частка вялікага крыжа магла быць сколата і першапачаткова верагодна нагадвала чалавекападобнага ідала.

А вось Ігар Марзалюк сцвярджае, што заазерскі «Стоўнхэндж» — грунтовы могільнік эпохі Сярэднявечча. Самы вялікі крыж з’яўляецца звычайным прыкладам, магільным каменем, своеасаблівым помнікам. Марзалюк лічыць, што заазерскія камяні звязаны з эпохай хрысціянізацыі, на што ўказвае самы вялікі высечаны крыж. Прыблізна да такой ж высновы прыйшлі ў свой час і прадстаўнікі Цэнтра этнакасмалогіі Крыўя, адзначыўшы пры гэтым, што ніякай сістэмы ў размяшчэнні камянёў не прасочваецца. Яшчэ Марзалюк дапускае, што ў заазерскім лесе можа ляжаць шляхта, а вялікі крыж можа паказваць магільны склеп, быць цэнтральным пахаваннем.

Беларускі археолаг Людміла Дучыц наогул лічыць, што каменны комплекс мог спачатку выкарыстоўвацца ў дахрысціянскія часы, а пасля быць могільнікам у сярэднявеччы:

«Калі ўявіць, што некалі камяні стаялі ў пэўным парадку, яны маглі адлюстроўваць нябесныя свяцілы з мэтай вядзення календара. Калі сыходзіць з напісаных літар на некаторых валунах вакол волата-крыжа, можна меркаваць, што камяні і крыж — грунтовы могільнік эпохі Сярэднявечча… Сам крыж-волат мог азначаць усыпальніцу роду, быць цэнтральнай магілай, і там хавалі, хутчэй за ўсё, шляхту. А можна аб’яднаць гэтыя тэорыі. Для прыкладу, камяні апрацавалі язычнікі, а затым іх скарысталі хрысціяне…».

Варта адзначыць, што, нягледзячы на багацце публікацый, ніхто з даследчыкаў да гэтага часу не складаў тапаграфічны план аб’екта, не замаляваў размешчаныя ў комплексе каменныя скульптуры, не спрабаваў расшыфраваць надпісы і малюнкі на камянях і крыжах з пункту гледжання эпіграфікі.

На сёння можна дапусціць, што пачаў фармавацца пэўны культ каменнага комплекса сярод аматараў фальклора і краязнаўцаў, а таксама беларускіх неаязычнікаў. Напрыклад, у сваёй кнізе музыка і краязнавец Юры Несцярэнка зафіксаваў, што на вялікі каменны крыж таямнічыя наведвальнікі пакінулі цукеркі і сушкі. Часам таксама на крыжы можна сустрэць завязаныя стужкі ці хустачкі, а гэта значыць што хтосьці мог абракацца і нешта прасіць у крыжа.

заазерскі стоўнхэндж, беларускі стоўнхэндж
Слодычы, якія канфідэнцыйна пакінулі таямнічыя наведвальнікі на крыжы. З кнігі «Маё мястэчка ў часе і прасторы» / Ю. Несцярэнка

А магілёўскі гурт Pragnavit, які грае рытуальны этнічны дарк-эмбіент, зняў кліп «Ahvjarnaja kroŭ Stodu Viecznaści» у 2016 годзе, прысвечаны заазёрскаму комплексу, яго загадкавасці і сакральным сэнсам знакаў.

Хведар Прылёпаўскі

Вярнуцца ўгару