
Як пасля пераезду, няўпэўненасці і моўнага бар’еру не сысці ў ізаляцыю, а аб’яднацца? У Вільні беларускія жанчыны ствараюць супольнасці і ініцыятывы, дзе падтрымка і творчасць становяцца адказам на розныя выклікі ў іміграцыі. У гэтым артыкуле мы раскажам, як швейная майстэрня і жаночы клуб сталі прасторамі, дзе жанчыны могуць адчуць сябе патрэбнымі.
PALATNO — пра тое, што можа аб’ядноўваць.
Змест
З’ехаць з Беларусі і пачаць новае жыццё ў Літве
У жыцці беларускі Мары ўсё змянілася пасля пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў. У канцы 2021 года яна разам з сям’ёй з’ехала ў Вільню, дзе спачатку далучылася да валанцёрскай дзейнасці, а з часам пачала рэалізоўваць адукацыйныя і культурніцкія ініцыятывы. У Беларусі яна працавала менеджарам па продажах. Аднак цяпер Мара не бачыць сябе ў камерцыйнай працы. Нягледзячы на цяжкасці з замежнымі мовамі і часам фінансамі, яна адчувае, што трэба дапамагаць іншым:
«Я выбрала гэты шлях свядома. Хачу, каб мая дачка расла ў свабоднай краіне і разумела, што такое годнасць».
У 2023 годзе Мара стала каардынатаркай беларускай школы ў Вільні, а таксама сузаснавальніцай некамерцыйнай арганізацыі Emigrantų Verslo Paramos Centras. Мэтай арганізацыі з’яўляецца падтрымка мігрантаў з малым і сярэднім бізнесам, асаблівы фокус — на жаночых ініцыятывах.
«Мы бачылі, што жанчынам цяжэй уладкавацца на працу, бо ў Літве існуюць праблемы з працоўнымі месцамі. Мужчынам з гэтым лягчэй. Таму мы пачалі ладзіць майстар-класы, невялічкія кірмашы», — расказвае Мара.
У 2025 годзе ініцыятыва рэалізавала вялікі праект, у якім удзельнічалі не толькі беларускі, але яшчэ латышкі, украінкі, расіянкі, грузінкі. Дзякуючы праекту змаглі правесці даследаванне, у якім выявілі асноўныя праблемы, з якімі жанчыны сутыкаюцца ў іміграцыі. Высветлілася, што сярод праблем ёсць не толькі моўны бар’ер ці патрэба ў прызнанні дыпломаў, але і адсутнасць магчымасцяў для працаўладкавання.
Швейная майстэрня. Што дапамагае жанчынам у іміграцыі
Так з’явілася ідэя стварэння швальні:
«Спачатку паспрабавалі ганчарную, але пасля вызначыліся, што нам трэба майстэрня для швачак. Яна працуе з канца красавіка гэтага года».
Там можна навучыцца шыць ці арандаваць машыну для працы. У майстэрню прыходзяць прафесіяналы і пачаткоўцы. Часам, расказвае Мара, мужчыны робяць падарункі: сертыфікаты на майстар-класы жонкам.
«Гэта не проста навучанне, гэта месца, дзе жанчыны адчуваюць сябе ўпэўнена, адчуваюць сябе карыснымі», — заўважае Мара.
Суразмоўца падкрэслівае, што першы час у эміграцыі для некаторых жанчын з’яўляецца часам роспачы, бо шмат хто згубіў кола сяброў, няма сувязі са сваякамі. У гэтым выпадку такія ініцыятывы, як швальня, дапамагаюць жанчынам у камунікацыі і падтрымцы.
Жаночая салідарнасць і супольнасць
У Вільні існуе яшчэ адна ініцыятыва, накіраваная на жанчын — Жаночы Клуб. Каардынатаркай Жаночага Клуба з’яўляецца Валерыя:
«Ідэя прайшла да нас тры гады таму, і мы хутка яго арганізавалі. Прыходзіла і прыходзіць вельмі шмат людзей. Мы хацелі стварыць месца, куды жанчыны могуць проста прыйсці, зрабіць нешта рукамі, папіць гарбаты і адпачыць у жаночай кампаніі».
Жаночы Клуб працуе як нефармальная прастора падтрымкі і творчасці. Тут вучаць традыцыйным беларускім тэхнікам: вышыўцы, пляценню паясоў, валянню, вязанню і гэтак далей. Часам жанчыны проста збіраюцца разам, каб паразмаўляць, абмяняцца думкамі і супакоіцца пасля цяжкага тыдня. Жанчыны разам абіраюць тэму для сустрэч, і яны могуць быць абсалютна рознымі.
«Ці можа Жаночы Клуб стаць бізнес-клубам? Тут ужо як хто пажадае. Але асноўнае — гэта камунікацыя, падтрымка і супольнасць».
Як далучыцца да ініцыятыў
Кантакты аб’яднання майстроў і швальні вы знойдзеце тут і тут, Каардынатарку Жаночага Клуба тут, а яшчэ больш мерапрыемстваў у тэлеграм-канале.