Беларускі YouTube працягвае развівацца. Што важна — па-беларуску. На відэасэрвісе можна знайсці навінныя праграмы ад медыя, гістарычныя і навукова-папулярныя — ад аматараў, а таксама…
PALATNO расказвае, што можна паглядзець на YouTube па-беларуску.
Гэта не першая падборка ад PALATNO пра беларускамоўныя YouTube-каналы: больш вы можаце паглядзець тут.
Змест
«Загляне сонца»
Аўтарскі праект журналіста Мікіты Мелказёрава, якога вы можаце ведаць па канале «Жыццё-маліна», пачаўся скандалам. Першы выпуск выйшаў пад назвай «Кайлі Міндоўг» — у ім Мелказёраў анансаваў цікавую гісторыю пра саму назву. Аднак яе расказала беларуская дызайнерка Караліна Палякова. Высветлілася, што такую гульню слоў прыдумала Палякова і тройчы адмовіла Мелказёраву ў выкарыстанні нэймінгу для яго праекта. У выніку Мелказёраў змяніў назву на «Загляне сонца». Дарэчы, «Загляне сонца і ў наша аконца» — так называлася першае легальнае беларускае выдавецкае аб’яднанне пачатка XX стагоддзя.
Слоган канала — «Давайце беларусець разам». Паколькі канал новы, выйшлі пакуль што толькі чатыры выпускі. Усе — на гістарычную тэматыку. У першым відэа Мелказёраў расказвае, чым беларусы адрозніваюцца ад рускіх. У другім — пра вялікага князя Альгерда і яго паходы на Масковію. У трэцім — пра Сапегу. А ў апошнім — што адбывалася з Беларуссю пасля падпісання Рыжскага міру.
«Зёлкі шоу»
Праект «Зёлкі шоу» стартаваў гучна: было заяўлена, што гэта першае сакавітае шоу пра беларускую мову. Сутнасць праекта ў тым, што ў студыю прыходзяць два госці, якія спрабуюць патлумачыць значэнне беларускіх слоў. Там жа знаходзіцца і мовазнаўца, які дапамагае гасцям і тлумачыць іх памылкі.
Выпускі з’яўляюцца раз на месяц, пакуль што на канале толькі чатыры эпізоды. Гасцямі былі блогеры Мікіта Бялевіч і Кацярына Васілёнак, тэлевядоўца Кацярына Ерусалімская, прадзюсар Алесь Чахоўскі, баскетбалістка Кацярына Сныціна, журналістка Сабіна Аліева, а яшчэ Павел Лібер і Андрэй Павук.
«Мне тоже не нравится»
Сваё аўтарскае шоу рэдактарка беларускага The Village Жэня Сугак запусціла яшчэ год таму. Гэта дыскусіі з самымі рознымі беларусамі пра тое, што адбываецца ў грамадстве. У нашай падборцы «Мне тоже не нравится» з’яўляецца адзіным грамадска-палітычным шоу. Напачатку канал быў рускамоўны (пра гэта кажа і сама назва), аднак потым вядоўца перафарматавалася і стала весці яго па-беларуску.
У апошніх выпусках Жэня Сугак абмяркоўвала з гасцямі беларускую эканоміку і новыя пашпарты для эмігрантаў, што адбываецца з беларускім IT-сектарам і ў які бок рухацца Беларусі — на Захад і Еўрасаюз ці да Расіі.
Tradycyja / Belarusian Traditional Culture
Калі вы хочаце даведацца пра традыцыйную беларускую культуру, на дапамогу прыходзіць канал «Tradycyja». Першыя выпускі з’явіліся яшчэ пяць гадоў таму. Тады аўтары выкладалі відэа з запісамі спеваў беларускіх калектываў з розных куткоў Беларусі. Паступова кантэнт станавіўся больш разнастайным.
На канале можна знайсці відэа з традыцыйнымі беларускімі абрадамі, візуалізацыяй традыцыйнага беларускага строю і шмат іншага, што дае веды пра нашу культуру.
Міністэрства сепультуры
Аўтарскі праект ад вядомага журналіста Аляксандра Чарнухі пра беларускую музыку. Ужо паўгода ў «Міністэрстве сепультуры» Чарнуха расказвае пра развіццё беларускай музыкі і яе цяперашні стан.
Ёсць выпускі пра Міхалка, Каржа, Вольскага. Чарнуха разбіраў беларускую «Песню года», расказваў пра самы папулярны беларускі гурт і нават ладзіў вандроўку па дыскаграфіі сясцёр Груздевых. А яшчэ разам з вядоўцам можна кайфануць ад беларускай музыкі — Чарнуха расказвае пра крутых (нават лепшых за замежных) беларускіх выканаўцаў.
Natatnik
Гэты YouTube-праект з’явіўся некалькі гадоў таму і, можна сказаць, стаў знакавым у беларускамоўным сегменце відэахостынгу.
З «Нататніка» можна даведацца пра беларускую традыцыю малявання на шкле, нацыянальную кухню і Палессе, знайсці адказ на пытанне, як лепш вандраваць па Беларусі — самастойна ці з гідам. А яшчэ на канале ёсць гутаркі з астраномам пра зорнае неба і з дакументалістам — пра шаптух.
stopthatnoise
Ці бачылі вы відэа пра навуку і тэхналогіі на беларускай мове? Мы знайшлі для вас і такі кантэнт. Яго стварылі толькі летась. На канале абмяркоўваюцца апошнія падзеі ў навуцы і тэхналогіях: ад пакупкі Іланам Маскам Twitter да рэтраспектывы з прэзентацыі Windows 95.
Ці ведаеце вы, хто прыдумай міргаючы курсор? А як запускалі ракету, якую надрукавалі на 3D-прынтары? А што такое сіндром Кеслера? Пра гэта і яшчэ шмат чаго іншага можна даведацца з праекта «stopthatnoise».
Małatok
Сусвет відэагульняў пашыраецца і расце з кожным днём. Беларусы не засталіся ўбаку: ёсць шэраг беларускамоўных YouTube-праектаў пра гульні. Канал «Małatok» — адзін з іх. Аўтар аналізуе сюжэты папулярных гульняў — ад Detroit: Become Human да Cyberpank 2077. Навічкі тут могуць даведацца, як гуляць у тую ці іншую гульню. А для аматараў «лэтсплэяў» ёсць відэа, дзе аўтар паказвае, як праходзіць гульні.
AniBel — анімэ на беларускай мове
Апошнім часам анімэ стаў, мабыць, самым папулярным жанрам у моладзі. Ёсць кантэнт і на беларускай мове — на канале AniBel.
Першыя відэа там выйшлі яшчэ пяць гадоў таму: спачатку гэта былі трэйлеры, падборкі ці тлумачэнні анімэ. YouTube-канал працуе найперш для павелічэння пазнавальнасці, а паглядзець анімэ і мангу па-беларуску можна на афіцыйным сайце праекта — anibel.net.
Дарэчы, там можна паглядзець не толькі анімэ, але і «Матрыцу», «Ла-ла-лэнд», «Піратаў Карыбскага мора» ці «Звератопію».
Першы Гікаўскі
Відэападкаст «#1 Гікаўскі» стартануў год таму. На ім можна паслухаць і паглядзець развагі пра ўсё гікаўскае: ад прэм’еры «Дома Цмока» і «Last of us» да гульні пра сусвет Гары Потэра ці новы дызайн Spotify.
Усё, што раней можна было сустрэць у англамоўным (і, прасці госпадзі, рускамоўным) сегменце YouTube, ужо даўно абмяркоўваецца па-беларуску.
Дамова
Што ўкраінцы і беларусы думаюць пра вайну, рускамоўныя супраць беларускамоўных, прыхільнікі Пазняка супраць прыхільнікаў Ціханоўскай, развагі пра смяротнае пакаранне і адмену рускай літаратуры… Такога фармату YouTube-каналы існуюць здаўна — амаль што ад пачатку з’яўлення відэахостынгу. І было толькі пытаннем часу, калі такі праект з’явіцца і ў беларускамоўным сегменце.
На «Дамове» можна пабачыць беларусаў з рознымі поглядамі на жыццё, сусвет і нашу краіну і разабрацца, куды мы рухаемся і да чаго імкнёмся.
Panstandup
Гумар па-беларуску — менавіта так можна ахарактарызаваць Panstandup. Праект стварылі беларускія комікі ў эміграцыі, якія не баяцца жартаваць пра Лукашэнку. Тут можна атрымаць асалоду ад гумару, які зразумее толькі беларус.
На канале ёсць шмат выпускаў з выступамі комікаў. Нядаўна з’явілася праграма «Пазакласнае чытанне» — у ёй комікі абмяркоўваюць беларускую літаратуру і чытаюць разам беларускую класіку.