Велічныя і маўклівыя. Як складваецца лёс беларускіх арганаў

Чаму на больш за паўтысячы беларускіх касцёлаў сёння прыходзіцца трошкі больш за сотню арганаў? Калі яны з’явіліся на тэрыторыі Беларусі і чаму амаль зніклі? І – ці ёсць надзея, што яны зноў загучаць? Арганная музыка — не самая папулярная тэматыка ў беларускіх навінах. Лакальныя фестывалі і канцэрты адбываюцца рэгулярна, але збольшага застаюцца заўважнай падзеяй «для мясцовых» і аматараў. Пінск, Полацк, Гродна, Мінск, Віцебск. Вялікі фестываль Ars Magna Organi, які праходзіў летась на працягу трох месяцаў, здолеў ахапіць усяго 12 арганаў, хоць і не толькі буйных гарадоў, але і маленькіх мястэчак. Паводле звестак энцыклапедыі «Арганы Беларусі», у Беларусі захавалася больш за  120 інструментаў. Гэта абсалютная дробязга ў параўнанні з Германіяй (там іх прыблізна 50 тысяч) ці нават суседняй Латвіяй (адных гістарычных каля 300), але — і нямала ж. Чаму шмат з іх не гучыць? Чаму мы пра іх не ведаем?

Ад росквіту да заняпаду

Цяжка паверыць, што калісьці беларускія землі можна было назваць «краінай арганаў». Аднак у часы ВКЛ арганнае будаўніцтва развівалася сінхронна з аналагічнымі з’явамі еўрапейскай культуры. Гэта быў перыяд, калі арганы сустракаліся ледзь не ў кожнай вёсцы і мястэчку, у гарадах, святынях (каталіцкіх, уніяцкіх і пратэстанцкіх — мы ж поліканфесіянальная краіна!), замках і палацах магнатаў.

Першая ўзгадка прыходзіцца на 1408 год, калі вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнгінген выслаў у дар жонцы Вітаўта, Ганне Смаленскай,  невялікі пераносны арган. У дакументах захаваліся шматлікія імёны арганістаў, майстроў, звесткі пра інструменты за часы Вялікага княства Літоўскага. З улікам асаблівасці памежнасці нашага рэгіёну (усходні фарпост еўрапейскай цывілізацыі), тут нават сфарміравался свая мясцовая спецыфіка і асаблівасці, звязаныя з будаўніцтвам арганаў, іх гучаннем і выглядам.

Культурна-рэлігійная сітуацыя моцна змянілася з далучэннем да Расійскай імперыі: царкоўная палітыка, скасаванне ўніяцкай царквы (і, адпаведна, знішчэнне арганаў у тых храмах), паніжэнне пасады і ролі арганіста — усё гэта паступова прывяло да заняпаду.

На рубяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў сітуацыя трошкі палепшылася з-за  паслаблення рэлігійнай палітыкі і адкрыцця новых майстэрняў, аднак усё гэта было перакрэслена наступнымі войнамі. Нават зараз, чытаючы апісанні з гісторыі асобных інструментаў, часта можна сустрэць выразы, што арганы разбіралі, хавалі і закопвалі — каб не знішчылі ці не пусцілі на што іншае.

Час, разбурэнні, людзі

Беларускія арганы сёння можна ўмоўна падзяліць на гістарычныя (барочныя, рамантычныя, міжваенныя), савецкага перыяда і сучасныя. Інструменты знаходзяцца ў святынях або канцэртных залах. Большасць гістарычных — у касцёлах.

Падобнае апісанне, кшталту: «…арган знаходзіцца ў непрацоўным стане. Часткі аргана добра захаваліся, але ў набажэнствах ён не ўдзельнічае. Не працуе даволі працяглы час, але яго механізмы і трубы захаваліся амаль цалкам і ў добрым стане» — датычыцца якраз гістарычных інструментаў. І ў першую чаргу гэта звязана з вельмі складанай структурай пабудовы аргана.

Кожны арган — гэта ўнікальная канструкцыя з мноствам механізмаў, дробных вузлоў і разнастайных прылад. Акрамя вонкавых кафедры (пульт з клавішамі, пераключальнікамі рэгістраў, педаль) і праспекта (дэкаратыўны фасад), існуе яшчэ корпус; трактура — сістэма сувязі клавіш з клапанамі пад трубамі; віндлады — месца, на якое ўстанаўліваецца мноства металічных і драўляных труб, якія могуць быць даўжынёй ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў; таксама мехі з іншымі элементамі паветразабяспечваючай сістэмы. Менавіта па той прычыне, што вялікая колькасць труб вырабляецца з металу, арганы былі папулярнымі аб’ектамі для разрабавання.

Не шкадуе інструменты і час. Механізмы вымагаюць рэгулярнага дагляду, папросту зношваюцца ці ламаюцца, патрабуюць замены, церпяць ад чалавечай неахайнасці ці выпадковых (хай сабе і ненаўмысных) здарэнняў. Памятаеце пажар у Будслаўскім касцёле ў 2021 годзе? Той арган — самы вялікі барочны інструмент на Беларусі, які за 220 год здолеў збольшага захаваць сваю аўтэнтычнасць. Ëн не пацярпеў ад непасрэдна пажару, але ў якім стане ён будзе, калі касцёл адновяць? Ці ёсць шанец, што ён калісьці будзе адноўлены і загучыць? Невядома.

А што сёння

Вялікая колькасць гістарычных арганаў, якія захаваліся, уяўляюць з сябе гістарычна-мастацкую каштоўнасць і або не выкарыстоўваюцца, або вельмі абмежавана. Бо не хапае арганістаў, вопыту або неабходнага абслугоўвання. Мінулым летам у фарным касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе быў адноўлены арган, які ў 1996 годзе ўжо спрабавалі рамантаваць, толькі не атрымалася. Цяпер жа атрымалася. Стан інструментаў у самых дробных парафіях увогуле застаецца чымсьці другасным, і малаверагодна, што гэта зменіцца – запрашаць замежных майстроў занадта дорага, а таксама працаёмка.

Сёння пытаннем арганаў у Беларусі займаецца зусім нязначная колькасць асоб. Найбольш вядомы з іх — спецыяліст Аляксандр Бурдзялёў, суўкладальнік энцыклапедыі «Арганы Беларусі». Ëн ці не адзіны, хто неяк заяўляе пра сваю дзейнасць у медыйнай прасторы, а таксама актыўна папулярызуе музычныя фестывалі.

І ўсё ж сітуацыя змяняецца ў лепшы бок. Значны ўнёсак для гэтага зрабіў мецэнат Юрый Зіссер. У 2017-2018 гг. ён падтрымаў навуковую арганалагічную экспедыцыю па Беларусі, зафундаваў шэраг імпрэзаў і рамонтаў арганаў. З яго падтрымкай з’явілася і адно з грунтоўных выданняў — энцыклапедыя «Арганы Беларусі», у якім былі зафіксаваныя і апісаныя ўсе інструменты. Гэтаксама аб’яўлена пра выпуск серыі аўдыёдыскаў «Гiстарычныя арганы Беларусi».

Ад 1990-х па Беларусі распаўсюдзілася практыка ўсталявання ў храмах і канцэртных пляцоўках арганаў з Заходняй Еўропы. Так, напрыклад, у 2007 годзе ў Віцебскай філармоніі быў пабудаваны арган нямецкай фірмай Glatter-Götz (дарэчы, адзіны ў краіне арган, пабудаваны за дзяржаўныя сродкі). Таксама становіцца папулярным выкарыстанне электронных арганаў. Але гэта ўжо новыя інструменты, з іншым гучаннем, іншым абслугоўваннем і іншай гісторыяй.

Вярнуцца ўгару