Натхненне

Тры дактары з беларускіх зямель, якія змянілі медыцыну. Расказваем пра Свянціцкага, Чачота і Чарвякоўскага


Тры дактары з беларускіх зямель, якія змянілі медыцыну. Расказваем пра Свянціцкага, Чачота і Чарвякоўскага

Адзін з іх быў прыдворным доктарам апошняга польскага караля і меў узброеную ахову з-за таго, што адкрыў акушэрскае аддзяленне. Другі лічыцца пачынальнікам унтрыполасцевай хірургіі ў Расійскай імперыі і змагаром з эпідэміямі на Міншчыне. Трэцяга называюць пачынальнікам псіхіятрыі ў Расійскай імперыі і моцна паважаным псіхіятрам у сярэдзіне XIX стагоддзя ў Санкт-Пецярбургу.

PALATNO расказвае пра трох дактароў, ураджэнцаў беларускіх зямель, якія ў свае часы змянілі медыцыну.

Пачынальнік унутрыполасцевай хірургіі, змагар з эпідэміямі. Гісторыя доктара Свянціцкага

беларускія медыкі, беларускія дактары, беларуская медыцына, антон чачот доктар, доктар рафал чарвякоўскі, доктар сігізмунд свянціцкі
Сігізмунд Свянціцкі. Выява створаная штучным інтэлектам.

Сігізмунд Свянціцкі нарадзіўся ў вёсцы Красцінава (цяпер Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці) у 1837 годзе. Свянціцкі паходзіў з сям’і небагатага памешчыка. Адвучыўся ў Пінскім павятовым дваранскім вучылішчы і Мінскай гімназіі. У 1853 годзе паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Свянціцкі актыўна ўдзельнічаў у студэнцкім руху, з-за чаго мусіў кінуць універсітэт і вярнуцца на радзіму. Зноў працягнуць медыцынскую адукацыю ён змог толькі ў Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі.

Свянціцкі пасля вучобы адразу заняўся навуковай дзейнасцю, але Паўстанне Кастуся Каліноўскага закрыла яму гэту дарогу. Ён пайшоў на ваенную службы, быў доктарам гвардыі, удзельнічаў у франка-прускай вайне ў Чырвоным Крыжы.  1870 год змяніў жыццё Свянціцкага. Ён стаў старшым ардынатарам Мінскага ваеннага шпіталя, а яго жыццё было цалкам звязана з Беларуссю. У Мінску Свянціцкі пачаў укараняць у практыку найноўшыя на той час прынцыпы і метады: абязбольванне, антысептык, быў зацікаўлены ў пераліванні крыві. Там жа ён сканструяваў арыгінальны прыбор для лячэння пералому касцей і падскурных сасудаў.

Свянціцкі лічыцца адным з пачынальнікаў унутрыполасцевай хірургіі ў Беларусі. Таксама ён быў першым доктарам, які прымяніў хірургічныя метады лячэння ва ўмовах сельскай бальніцы.

У пачатку 1870-х гадоў на беларускіх землях здарылася эпідэмія халеры. У 1872 годзе Свянціцкі прапанаваў новыя формы барацьбы з халерай і заўважыў, што ў некаторых людзей ёсць неўспрымальнасць хваробы. Яшчэ праз некалькі гадоў доктар прапанаваў стварыць у Мінску санітарную камісію, а сам горад падзяліць на ўчасткі, каб палепшыць санітарны кантроль і абмежаваць распаўсюджванне эпідэмій.

З доктарам Свянціцкім звязана вырашэнне яшчэ адной актуальнай праблемы канца XIX стагоддзя на беларускіх землях. Справа ў тым, што амбулаторнае лячэнне існавала толькі ў Маскве ды Санкт-Пецярбургу, там лячылі земскія дактары. У астатніх гарадах Расійскай імперыі людзей абслугоўвалі прыватныя дактары, такое абслугоўванне было недаступным для бедных. Свянціцкі прапанаваў адкрыць, і гэта было зроблена ў 1879-м у Мінску, першую ў горадзе бясплатную амбулаторыю для бедных.

Сігізмунд Свянціцкі памёр у 1910 годзе ў Мінску.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Выбітныя жанчыны-доктаркі ў гісторыі Беларусі: лячылі вайскоўцаў, турэцкіх султанаў і беларусаў

Чалавек, які змяніў псіхіятрыю ў Расійскай імперыі. Гісторыя доктара Чачота

беларускія медыкі, беларускія дактары, беларуская медыцына, антон чачот доктар, доктар рафал чарвякоўскі, доктар сігізмунд свянціцкі
Антон Чачот. Выява створаная штучным інтэлектам.

Антон Чачот нарадзіўся ў 1842 годзе ў маёнтку Днесін у Магілёўскай губерні. Пачатковую адукацыю атрымліваў на Віцебшчыне, а затым паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Падчас навучання ў Маскве Чачот моцна зацікавіўся псіхіятрыяй, таму перавёўся ў Санкт-Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію. Адразу пасля заканчэння акадэміі Чачот уладкаваўся на працу ў лячэбніцу для псіхічнахворых пры папраўчай установе. З часам лячэбніцу ператварылі ў бальніцу, якая стала буйнейшай псіхіятрычнай установай Санкт-Пецярбурга. Там жа рыхтавалі дактароў-псіхіятраў і навукоўцаў.

Разам з гэтым Чачот працаваў у розных бальніцах, судовым доктарам у Санкт-Пецярбургскім акруговым судзе. Ён актыўна выступаў за пашырэнне медыцынскай адукацыі ў Расійскай імперыі, таму выкладаў на шматлікіх курсах, асабліва для жанчын пры шпіталях у Санкт-Пецярбургу. Ужо ў 1876 годзе, калі яму было 34 гады, абараніў дысертацыю на ступень доктара медыцыны. Доктарская праца Чачота стала першай працай па псіхіятрыі ў Расійскай імперыі.

Антон Чачот займаўся пытаннямі судова-медыцынскай экспертызы, вывучаў сувязь паміж будовай чэрапа і псіхікай, даследаваў уздзеянне электрычнага току на нервовую сістэму чалавека. Чачот быў адным з тых, хто распрацоўваў заканадаўства аб псіхічнахворых у Расійскай імперыі.

У 1884 годзе доктар удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні Першага з’езда псіхіятраў Расіі. У 1908 годзе Чачот дапамагаў ствараць Псіханеўралагічнага інстытута. Некаторы час ён узначальваў Санкт-Пецярбургскае таварыства дактароў і шмат гадоў працаваў там. Пасля выхаду ў адстаўку працягваў прыватную медыцынскую практыку.

Антон Чачот памёр у 1924 годзе ў Варшаве, куды пераехаў за некалькі гадоў да смерці.

Персанальны лекар апошняга польскага караля. Гісторыя доктара Чарвякоўскага

беларускія медыкі, беларускія дактары, беларуская медыцына, антон чачот доктар, доктар рафал чарвякоўскі, доктар сігізмунд свянціцкі
Рафал Чарвякоўскі. Выява створана штучным інтэлектам.

Рафал Юзаф Чарвякоўскі нарадзіўся ў ваколіцах Пінска ў 1743 годзе. Спачатку вучыўся дома, а затым у пінскай школе рымска-каталіцкага манаскага ордэна піяраў. Выкладчыкі адзначалі здольнасць Чарвякоўскага да вывучэння старажытных і замежных моў. У 1762 годзе ўступіў у піярскі ордэн і стаў манахам, а затым пераехаў ва Украіну на Валынь, дзе працаваў у піярскай аптэцы.

У 1771 годзе піярскі ордэн накіраваў Чарвякоўскага на вучобу медыцынскай навуцы ў Італію. У 1776 годзе ён абараніў дыплом доктара філасофіі і медыцыны, аднак на працяглы час заставаўся ў Еўропе: ён праходзіў медыцынскую практыку ў шпіталях Неапаля, Фларэнцыі, Падуі, Турына, Вены, Парыжа і Берліна. У гэтыя гады Чарвякоўскі вырашаў заняцца акушэрствам, а для гэтага ён быў вымушаны прасіць папу рымскага аб выхадзе з ордэна, а пазней яго вызвалілі ад духоўнага звання.

У 1779 годзе Чарвякоўскі стаў прафесарам у Ягелонскім універсітэце. Цікава, што на той час ва ўніверсітэце Кракава не выкладалі анатомію і хірургію, у якіх спецыялізаваўся Чарвякоўскі, таму доктар шмат у чым дапамог Польшчы падняць узровень медыцынскай навукі. Так, у 1780 годзе Чарвякоўскі заснаваў першую ў Рэчы Паспалітай хірургічную клініку пры ўніверсітэце.

Пры Чарвякоўскім у Кракаве ўпершыню арганізавалі анатамічны тэатр і зрабілі ўскрыццё памерлага. Там жа, у Ягелонскім універсітэце зрабілі акушэрскае аддзяленне. Перамены, што прынёс Чарвякоўскі ў жыццё Кракава ў тыя часы, узрушылі грамадскасць. Увага да доктара была вялікая, таму на некаторы час ля яго знаходзілася ўзброеная ахова.

У 1794 годзе ў Рэчы Паспалітай адбылося паўстанне пад кіраўніцтва Тадэвуша Касцюшкі. Касцюшка прызначыў Чарвякоўскага галоўным доктарам лазарэта ў Кракаве. Чарвякоўскі дапамагаў параненым з абодвух бакоў і працягваў выкладаць студэнтам ваенна-палявую медыцыну.

На працягу сваёй кар’еры пісаў навуковыя працы, а самай вялікай працай Чарвякоўскага лічыцца выданне па сістэматычнай хірургіі «Агляд хірургічных інструментаў».

Чарвякоўскага высока ацэньвалі ў Рэчы Паспалітай. Так, у 1785 годзе яго прызначылі прыдворным доктарам Станіслава Панятоўскага. У 1791 годзе яго ўзнагародзілі залатым медалём, а ў 1792-м — падаравалі шляхецтва з гербам. У Польшчы Рафала Чарвякоўскага называюць «бацькам польскай хірургіі».

Памёр у 1816 годзе ў Кракаве.