
Час грыбоў прыйшоў даўно, але ці ведаеце вы, як называюцца грыбы па-беларуску? А ці ведалі, што адзін і той жа грыб можа па-іншаму называецца ў розных рэгіёнах Беларусі?
PALATNO ідзе ў грыбы і расказвае пра іх назвы.
Баравік
Звычайная назва для гэтага грыба застаецца «баравік». Але ёсць свае рэгіянальныя асаблівасці.
На захадзе Гродзеншчыны баравік называюць «шчырым грыбам». На Маладзечаншчыне і Вілейшчыне баравік завуць «добры грыб». Ля Баранавічаў — «праўдзівік».
На Палессі існуе шмат варыяцый назвы баравіка. Самая распаўсюджаная вельмі простая — «грыб». У ваколіцах Гомеля баравік называецца «дабраком», на поўначы Гомеля карысталіся словам «добрык». На поўдні Гомельскай вобласці фігуруе назва «харошы грыб». На Брэстчыне і тэрыторыі на мяжы з Украінай больш распаўсюджаным словам было «праўдзівец».
Шампіньён
Шампіньён у Беларусі называўся незаўсёды менавіта так. На Брэстычне пра гэты грыб вам скажуць, што гэта «пячурка». На Палессі і Гомельшчыне шампіньён называлі крыху інакш — «печурыца». Там жа, на Палессі, вы маглі пачуць і слова «бяляк».
На поўдні Міншчыны шампіньён быў «шапіёнам», «шапёнам», «шпіёнам».
На Гродзеншчыне шампіён называлі па-рознаму: «пячурка», «чэрэпіцы» і той жа «шампіньён» у многіх варыянтах.
Мухамор
Адзін з самых небяспечных грыбоў таксама меў розныя варыяцыі назвы ў беларускіх рэгіёнах. На поўначы, поўдні, цэнтральнай Беларусі і на ўсходзе была назва «мухамора». На захадзе — Гродзеншчыне і Брэстчыне — грыб называлі як і мы цяпер «мухаморам».
Кропкава па ўсёй тэрыторыі Беларусі грыб называецца «махамар». Ля Івацэвічаў і Ганцавічаў грыб часцяком маглі назваць «мухаранка» (з націскам на першы склад), там жа ёсць крыху змененая назва — «мухаран». На тэрыторыі ад Кармы, Чачэрска, Жлобіна і Рагачова выкарыстоўвалі назву «махамора».
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Авечка, жаба, карова, конь, кот. Што гавораць беларускія жывёлы?
Загадкі пра восень, які павінен ведаць кожны беларус
Кішчыцкі расстрэл. Як беларускія сяляне змагаліся за луг з расійскім афіцэрам
Падасінавік
Назва «падасінавік» найбольш распаўсюджана на поўначы Беларусі, на поўдні Міншчыны і ўсходзе нашай краіны.
На поўдні Гомельскай вобласці, бліжэй да расійскай мяжы, ведалі словы «краснагаловік», «краснагаловец». На поўначы Міншчыны падасінавік называлі «краснагаловікам», «асавіком», «асавяком».
На Палессі вы маглі пачуць такія варыянты падасінавіка: «савяк», «краснюк», «красналовец», «асінавік».
На Гродзеншчыне падасінавік называлі «асовіч», «чырвонік». Там жа выкарыстоўвалі і «краснагаловік», і «падасінавік».
Масляк
На поўначы Беларусі вы маглі рэдка пачуць пра гэты грыб, што ён масляк. Часцей яго называлі «казляком», «казлом», «казялком». Дарэчы, так называлі грыб і на захадзе Міншчыны. Толькі кропкава на Віцебшчыне можна было пачуць некалькі варыяцый масляка — «маслянка» і «маслюк». На Магілёўшчыне амаль на 100% карысталіся словам «казёл» у адносінах да масляка.
На Гродзеншчыне, Брэстчыне, Гомельшчыне больш карысталіся менавіта словам «масляк». Часам змяняўся да «масленіка» ці «маслюка».
Сыраежка
На Палессі сыраежку называлі ўласна «сыраежкай». Былі і іншыя варыяцыі: «сыраяжка», «сураежка», «сыраежа», «сыраега».
На Гомельшчыне і Магілёўшчыне ля Дняпра сыраежка называлася «сыравежкай». У цэнтральнай Беларусі найбольш распаўсюджаная назва грыба — «суравежка». Да прыкладу, ля Вілейкі было сваё рэгіянальнае слоўца для сыраежкі — «сыравежа».
На самай поўначы Беларусі сыраежку называлі «сураежа» ці «сураежына».
Абабак
Найбольш варыянтаў назвы грыба вы маглі бы пачуць на поўначы Беларусі. Напрыклад, там жа былі і «абабак», і «падбярозавік». Рэгіянальныя слоўцы, пра якія вы маглі не ведаць, а гэта ўсё пра абабак, — «сушонік».
На Гродзеншчыне абабак называлі «падбярозавікам» ці «казяком». На Брэстчыне абабак быў «беразняком». Ля Баранавічаў можна было пачуць слоўца «савяк». Аднак часцей на Палессі панавалі назвы «бабка», «бабкі». На Магілёўшчыне абабак маглі называць проста «грыбком».
На Вілейшчыне і Мядзельшчыне абабак ведалі як «чашчавік». «Чашчэвіком» называлі гэты грыб на Маладзечаншчыне, Смаргончышне і Астравеччыне.