Натхненне

Што важна не забыць, каб адсвяткаваць беларускія Каляды


Што важна не забыць, каб адсвяткаваць беларускія Каляды

Каляды заўсёды былі важным святам для беларусаў. Для нашых продкаў першы дзень Калядаў меў сакральны сэнс: ён азначаў адраджэнне, пераход ад смерці да жыцця. Пазней, з распаўсюджваннем хрысціянства, нашы продкі пачалі адзначаць і нараджэнне Хрыста. Да Калядаў заўжды рыхтаваліся загадзя — майстравалі саламяных «павукоў», упрыгожвалі дамы вышыванымі ці тканымі вырабамі, хадзілі на вячоркі і рабілі шэраг магічных дзеянняў, каб у новым годзе адбываліся толькі добрыя падзеі.

PALATNO разам з TRSK расказвае, як стварыць беларускую калядную казку.

Аздабляем прастору, забаўляем дзяцей і саміх сябе

У беларусаў шмат калядных традыцый. Нашы продкі весела бавілі калядныя вечары за абрадамі і гульнямі. А таксама ўмелі стварыць вакол сябе святочную прастору.

Ёлка. Нашы продкі лічылі елку нячыстым дрэвам і ніколі не садзілі яе побач з домам, аднак раскладвалі па хаце яе галінкі. Ролю ёлкі ў даўнія часы выконваў сноп сена ці лялька з саломы. Традыцыя з ёлкай у доме прыйшла да беларусаў у сярэдзіне мінулага стагоддзя.

Саламяныя «павукі» і выцінанкі. «Павукоў» беларусы чаплялі ў чырвоным куце. Нашы продкі верылі, што яны прыносілі дабрабыт і аберагалі ад няшчасцяў. Матэрыялам для «павукоў» была і застаецца дагэтуль жытняя салома, якую захоўвалі пасля збору ўраджаю.

Выцінанка — гэта старадаўняе беларускае рамяство. Выцінанкі выразаюць з паперы нажніцамі ці нажом. Часцей за ўсё беларусы рабілі выцінанкі з геаметрычнымі фігурамі, расліннымі ці жывёлападобнымі матывамі.

Гульні і абрады. Калі вы аздобілі дом ёлкай, «павукамі» і выцінанкамі, то час планаваць забавы. Беларусы вельмі любілі ладзіць калядныя ігрышчы і праводзіць абрады. Самай папулярнай гульнёй была «Жаніцьба Цярэшкі» — яна ўяўляла сабой тэатральную дзею са спевамі і танцамі. Гэта была своеасаблівая рэпетыцыя вяселляў: хлопцы і дзяўчаты знаёміліся, нават знаходзілі сабе пару. Са старэйшых удзельнікаў выбіралі «бацьку» і «маці», якія падгаворвалі іншых шукаць пару. Хлопцы маглі «захапіць» дзяўчыну ўгаворамі ці надзець ёй на галаву шапку, а калі дзяўчыне хлопец не падабаўся, то яна скідвала шапку і збягала ад яго.

Калядоўшчыкі. Адна з самых яскравых забаў — калядаванне. Калядоўшчыкі апраналіся ў розных жывёл ці камічных персанажаў, надзявалі маскі і абавязкова рабілі Калядную зорку. Зорку рабілі з кардону, паперы ці саломы. Яе аздаблялі малюнкам на біблейскую тэму альбо запаленай свечкай.

Калядныя падарункі

Калядоўшчыкі зычылі гаспадарам дамоў, куды прыходзілі, дабра і здароўя, а за гэта атрымоўвалі падарункі. Гэта былі прысмакі, каўбасы і нават сала. Цяпер на Каляды можна дарыць світары, кнігі, дзіцячыя цацкі ці ўпрыгожванні.

А калі хочацца зрабіць падарунак з унікальным беларускім культурным кодам, то такім можа стаць «Вушасты бокс» — гэта каробка цудаў з беларускім настроем.

калядны бокc, калядныя падарункі, каляды ў беларусаў, як беларусы святкуюць каляды
Фота: TRSK

Яго можна ўручыць на Каляды і каханаму, і сябру, і калезе. Унутры «Вушастага бокса» вы знойдзеце лонгсліў з каляднай зоркай і трусікамі, кнігу па-беларуску «Хлопчык і сьнег» аўтарства Альгерда Бахарэвіча, калядную паштоўку і беларускі сцікерпак.

Ежа, якая зробіць стол па-беларуску калядным

Апошні (але не па важнасці) пункт — калядны стол. Для стварэння сапраўднай каляднай атмасферы трэба закалоць парася, аднак ёсць і больш лёгкія спосабы зрабіць стол калядным.

Па-першае, за стол трэба садзіцца толькі пасля таго, як на небе з’явіцца першая зорка. Важным элементам каляднага стала з’яўляецца белы абрус, пад які кладзецца салома. Перад пачаткам вячэры трэба запаліць свечку. А галоўная страва каляднай вячэры — куцця.

Куцця — гэта каша з пшанічнай або ячнай крупы, у апошні час яе часта робяць з рысу. Куццю гатавалі на малацэ ці масле. У залежнасці ад рэгіёна ў гэту кашу дадавалі цукар, мёд, арэхі, разынкі ці цукаты. Частку куцці аддавалі продкам — ставілі талерку з кашай ля акна.

Гаспадар дому павінен першым пакаштаваць куццю. Калі ён зачэрпваў першую лыжку, то стукаў у акно і запрашаў на Каляды Мароза. Запрашаць трэба так: «Мароз! Мароз! Хадзі куццю есці! Летам не хадзі, бо будзем жалезнай пугай біць». На вячэру мусіць прыйсці не толькі Мароз, але і ўсе члены сям’і — і важна пакаштаваць усе стравы.

Сярод калядных страў у беларусаў былі селядзец, аладкі ці бліны, суп з крупамі ці боршч, верашчанка (густы мясны соус, які ядуць з блінамі), рыба, узвар, кісель. На стол ставілі як мага больш ежы — абавязкова не менш за 12 страў. З напояў апроч кісялю ці ўзвару на сталах продкаў было піва ці збіцень. Піва было нявыбраджанае, яго называлі «цыропам».

Варажба, забабоны і прыкметы

Каляды — гэта час варажбы. Падчас каляднай вячэры варажыла ўся сям’я: выцягвалі з-пад абруса сцяблінкі саломы. Доўгая саломінка паказвала, што будзе добры ўраджай, а старыя верылі, што яшчэ доўга пражывуць.

У першы дзень Калядаў моцна чакалі першага госця: калі гэта быў мужчына, то новы год абяцаў шанцаванне і дабрабыт. А ў выпадку, калі ў сям’і была цяжарная, то госць прадказваў пол будучага дзіця.

Дзяўчаты на Каляды абдымалі плот і лічылі, колькі дошак змаглі абняць — гэта магло прадказаць, ці пойдуць яны ў новым годзе замуж. Яшчэ дзяўчаты клалі сабакам аладкі ці зерне: чый сабака з’есць першым, тая і знойдзе сабе абранніка хутчэй за іншых. Выходзілі і проста на вуліцу, каб спытацца ў мінака яго імя, бо верылі, што так будуць зваць будучага мужа.

Калі вы ўбачыце ў калядную ноч шмат зорак, то летам можна чакаць добры ўраджай, так што абавязкова падрыхтуйцеся да вясны і што-небудзь вырасціце хаця б на падваконні. Беларусы верылі, што калі на Каляды была завіруха, то летам можна чакаць часты град, а калі Каляды без дажджу і снегу — рыхтаваліся да засухі.