Якія беларускія прыказкі ёсць пра працу?

беларускія прыказкі і прымаўкі, прыказкі пра працу

PALATNO дзеліцца беларускімі прыказкамі пра працу.

Адзін з сошкай, а сямёра з ложкай

Так гавораць тады, калі працуе адзін чалавек, а яго працай кормяцца многія.

«Калі бачу аграмадныя кварталы высокіх будынкаў, то думаю – гэта ж у кожную кватэру трэба правесці газ, ваду, ацяпленне, каналізацыю, электрычнасць… Колькі працы чалавечай! А ў нас і сёння, як той казаў, — адзін з сошкаю, а сямёра з ложкаю…». (Л. Арабей, «Сямёра з ложкаю»)

Ад работы коні дохнуць

Кажуць, часам жартаўліва, у апраўданне сваёй ці чыёй-небудзь бяздзейнасці або тады, калі хочуць перастаць рабіць што-небудзь, перапыніць працу.

«Заўтра пойдзеш у лес… Ты не вер, гэта дурань прыдумаў, што ад работы коні дохнуць. Усё, брат, ад догляду, на ўсё трэба добрае вока…». (Я. Брыль, «Рэўнасць»)

Бегаў Яначка ля плота — якая плата, такая і работа

Пра залежнасць старання і якасці работы ад заробку за яе, ад матэрыяльнай зацікаўленасці.

«Не сакрэт, работа ў калгасе ішла праз пень калоду: усё там казённае, не сваё, за работу плацілі пустымі працаднямі. Адсюль і адносіны да яе. Акурат, як у той прыказцы: бегаў Яначка ля плота — якая плата, такая і работа». (К. Цвірка, «Далёкія воблакі»)

Была б шыя, хамут знойдзецца

Так кажуць, калі маюць на ўвазе, што быў бы чалавек, а праца для яго заўсёды знойдзецца.

«Была б шыя, хамут знойдзецца. Знайшоўся такі хамут і для маладога паэта. Знайшлася праца на бровары ў Яхімоўшчыне, непадалёку ад Маладзечна». (З. Бандарына, «Ой, рана на Івана»)

Галоднае бруха да працы глуха

Галодны чалавек не надта здольны, ахвочы да працы.

«— Зараз пажуяце трохі чаго, пакуль той Карняплодаў. — Дзякую, не трэба. Дацярплю ўжо. — А нашто ж цярпець? Галоднае бруха да працы глуха». (П. Місько, «Хлопцы, чые вы будзеце…»)

Горка часам праца, ды хлеб ад яе салодкі

Гаворыцца з упэўненасцю ў апраўданне добрых вынікаў часам цяжкай працы.

«Рукі ў вас ёсць і галава на плячах, будзеце працаваць, як і ўсе добрыя людзі. Праца красіць і славіць. У народзе кажуць: горка часам праца, ды хлеб ад яе салодкі». (І. Гурскі, «Вецер веку»)

Гультай за дзела — мазоль на цела

Кажуць пра чалавека, непрывычнага да фізічнай працы, у якога хутка націраюцца мазалі на руках.

«— Ну, пакажы свае рукі, Томачка! — Вось, палюбуйцеся. — Якраз па прымаўцы: гультай за дзела, мазоль за цела… Ды які мазоль! — Гэта я — гультай?! — Не, не, жартую. Ты працавітая дзяўчынка — заўсёды мне дапамагаеш». (Л. Прокша, «Стрэлы над ярам»)

Еш хоць расперажыся, але і працаваць не ляніся

Часцей дастасоўваецца да таго, хто не надта ахвочы да працы.

«У нас, на Віцебшчыне, кажуць: “Еш хоць расперажыся, але і працаваць не ляніся”. Гэтую спаконвечную народную мудрасць столькі гадоў разбурала «прымусоўка», праца за “палачку”». (С. Законнікаў, «Ліёнскі тыдзень»)

Калі робіш у купе, не баліць у пупе

Працуючы гуртам, менш адчуваеш стому, цяжкасці.

«Калі ўзважыць, то Стасік ледзь не галоўная фігура. Без крана не заробіш, і план згарыць. — Калі робіш у купе, не баліць у пупе. Га, Цімох? — Стасік ажно заліваецца смехам. Цімох набірае паўнюткі туфель гравію і раз, і раз…» (В. Супрунчук, «Тыгрыная клетка»)

Наняўся, як прадаўся

Наняўшыся рабіць што-небудзь, чалавек мусіць строга выконваць волю гаспадара.

«Апавяданае здарэнне на іх наводзіць засмучэнне. — Ну, што ж. Цярпі, маўчы зацята, бо так выходзіць, небажаты: — Наняўся, кажуць, як прадаўся! — Міхал зласмешна адазваўся». (Я. Колас, «Новая зямля»)

Не піў не мог, а выпіў ні рук, ні ног

Часцей гаворыцца пра таго, хто пасля выпіўкі не хоча ці не можа працаваць.

«[Навум:] Досць таго лайдацтва, пойдзем у карчму да нап’емся гарэлкі: бо штось душы не вядзецца! Але няма чаго казаць, яно чы вып’еш, чы не, рабіць не хочацца; чалавек штось адвык ужэ ад дзела. Добра кажа тая пагаворка: не піў — не мог, а выпіў — ні рук, ні ног». (В. Дунін-Марцінкевіч, «Сялянка»)

Працуюць і смаку не чуюць

Гаворыцца пра незадаволенасць чыёй-небудзь працай ці пра яе безвыніковасць.

«[Агата:] А што мы атрымліваем на той працадзень: кіло хлеба, ды два — бульбы, ды паўрубля… Як той казаў, працуеш, а смаку не чуеш». (С. Свірыдаў, «Любіць не любіць…»)

Работа і корміць і поіць

Гаворыцца пра работу, працу, пэўны род дзейнасці як аснову чалавечага жыцця.

«Праца — гэта аснова жыцця, без яе жыццё не ўяўляецца, бо работа і корміць і поіць». (К. Крапіва, «Беларускія прыказкі»)

Служaчы хлеб сабачы

Гаворыцца як ацэнка становішча чалавека, які робіць па найму ў сферы разумовай ці невытворчай фізічнай працы.

«— Чуў ты? — гаворыць Якім. — Зарубу гоняць вон са службы… От прасіся за лесніка… — А! — махнуў рукой Андрэй. — Служачы хлеб — сабачы». (Я. Колас, «Малады дубок»)

Хочаш есці калачы, то не сядзі на пячы.

Гаворыцца як павучанне працаваць, а не гультаяваць.

Як ні ары, абы чорным дагары

Пра абыякавыя адносіны да працы, да справы.

«У нашага Лявона на ўсё свае законы: “Як ні ары, абы чорным дагары”. “Нікога не чапаю, бо мая хата з краю”. “Трэба жыць, як набяжыць”». (М. Скрыпка, «Лявон»)

 

Вярнуцца ўгару