
Якія прыказкі ёсць па-беларуску пра жанчын? Ці ўсе яны такія абуральныя? Ці ёсць у іх сэнс?
PALATNO расказвае, якія прыказкі ёсць у Беларусі пра жанчын.
Беларускія прыказкі
Баба з воза — каню (кабыле) лягчэй. Калі хто-небудзь пакіне каго-небудзь ці адмовіцца ад чаго-небудзь, то ад гэтага будзе толькі лепш.
«— Баба з воза — каню лягчэй, — сказаў Корсак, калі ў сенях аб кручок дзынкнула клямка» (В. Адамчык. «Чужая бацькаўшчына»).
Баба і чорта звядзе. Пра дрэнны характар жанчыны.
«І характарам жанчына нібыта розніцца ад мужчыны ў дрэнны бок, што і бывае прычынаю сварак і неладоў: баба і чорта звядзе» (К. Крапіва. «Беларускія прыказкі»).
Баба трымае тры вуглы гаспадаркі, а мужык — адзін вугал. Куды большая частка дамашняй, гаспадарчай работы, клопатаў прыпадае на жонку, чым на мужа.
«Устану, бывала, додня і праду. Гавораць, што «баба трымае тры вуглы гаспадаркі, а мужык — адзін вугал». А яшчэ: мы – людзі старога закалу» (С. Лобач. «Горкую лілею пакашу…»).
Бабіна дарога — ад печы да парога. Пра абмежаванасць жанчыны дамашнімі абавязкамі, справамі.
«А хіба ж я, жанчына, не спраўляюся са сваім, як ты кажаш, заняткам? Ці, па-твойму, па-дамастроеўску, бабе дарога — ад печы да парога?» (Г. Далідовіч. «Гэлька»).
Дай бабе волю — завядзе ў няволю. Гаворыцца таму ці пра таго, хто папускаецца, паддаецца жонцы, дазваляе ёй свабодна дзейнічаць.
«— Вось няхай ведае на другі раз… — ківаў ён [Псюк] пальцам у бок, куды пабегла Зося да бацькоў. — Гэтакіх гусак трэба, не шкадуючы, скубці. Вядомая рэч! Дай бабе волю завядзе ў няволю! Не супынім спачатку — прапала. Го-о! »(Ц. Гартны. «Сокі цаліны»).
Дзе чорт сам не зможа, туды бабу пашле. Гаворыцца пра жанчыну з неадабрэннем за які-небудзь яе непрымальны ўчынак.
«[Навум:] Пайду ды прышлю тут яго жонку. Хіба яна дасць рады. Бо добра кажа прымаўка: куды чорт не даступіцца, туды бабу пашлець» (В. Дунін-Марцінкевіч. «Сялянка»).
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Тры творы Дуніна-Марцінкевіча, які павінен прачытаць кожны
Дурной бабе і галава мяшае. Кажуць пра жанчыну, калі яна гаворыць штосьці недарэчнае.
«— Што ты мне пра старых расказваеш? — нерваваўся бацька. — Трэба наперад глядзець! — Ты наперад глядзеў, як цябе з работы здымалі… — Цьфу, праўду кажуць — дурной бабе і галава мяшае… — бацька ідзе ў залу, але хутка вяртаецца зноў» (А. Кажадуб. «Гарадок»).
Жонка не лапаць, <абуўшы> з нагі не скінеш. Жонку нельга пакінуць, з ёй цяжка расстацца.
«Баба прыслала ліст, лае на чым свет стаіць, што дадому не еду. Нічога не зробіш. Жонка не лапаць, з нагі не скінеш» (І. Гурскі. «Вецер веку»).
Каню хваста не вяжы, а бабе праўду не кажы. Кажуць з незадавальненнем пра жанчыну, якая не можа трымаць тайну.
«[Эміля:] А ўспомні: ты ж раней бажыўся і казаў, што сярод партызанаў пазнаў Радаслава. [Загорскі (гаворыць убок):] Праўду кажуць, каню хваста не вяжы, а бабе праўду не кажы» (В. Адамчык. «Чорны цмок»).
Карову б’юць за зык, а бабу за язык. Кажуць з асуджэннем пра жанчыну, калі яна гаворыць што-небудзь лішняе.
«— Валацугі нейкія нядаўна пабеглі. — Якія валацугі? — Вот праўду кажуць: ка рову б’юць за зык, а бабу за язык, — сказаў гаспадар» (В. Адамчык. «Год нулявы»).
У бабы валасы доўгія (волас доўгі), а розум кароткі (памяць кароткая). Кажуць пра жанчыну, калі яна памылілася ў чым-небудзь, неразважліва сказала ці зрабіла што-небудзь.
«[Альжбета:] Не смяшы ты людзей. Калі падпіў, дык ляж спаць! [Сцяпан:] Маўчы, баба!.. Ты, каханенькая, родненькая, нічога не разбіраеш… Валасы доўгія, а розум кароткі» (Я. Купала. «Паўлінка»).